Павет (Вялікае Княства Літоўскае)

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Павет, ВКЛ)

Павет Вялікага Княства Літоўскага — адміністрацыйна-тэрытарыяльная і судова-адміністрацыйная адзінка.

Этымалогія слова[правіць | правіць зыходнік]

Па адной версіі, этымалагічна тэрмін паходзіць ад větь («галіна», «галінка»), які даў праслав.: * povětъ («акруга», «размечаная дзялянка зямлі»)[1].

Па іншай версіі, «павет» паходзіць ад слова «веча» і даслоўна абазначае раён, у якім мужчынскае насельніцтва збіраецца на адзінае веча для вырашэння мясцовых пытанняў. Там вызначаўся і памер паветаў[2][3].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Харугва Гарадзенскага павета. 1615

Упершыню сустракаецца ў крыніцах канца XIV стагоддзя, напісаных старабеларускай мовай Вялікага Княства Літоўскага.

У часы Вялікага Княства Літоўскага буйной тэрытарыяльнай адзінкай з’яўлялася воласць. Воласцю называлі комплекс паселішчаў, цэнтрам якіх быў адзін маёнтак, прычым такая воласць не абавязкова ўтварала кампактны абшар. Воласць звычайна ахоплівала 10—30 і больш сельскіх паселішчаў[4][5].

У першай палове XVI стагоддзя паветам называлі буйную воласць, цэнтрам якой з’яўляліся замак або горад, якія належалі кароне, і якія не мелі сваіх органаў кіравання. Да рэформы 1565—1566 гадоў тэрміны «воласць» і «павет» часта былі сінонімамі. Буйныя паны-землеўладальнікі ў паветах падпарадкоўваліся ваяводам, а дробныя — намесніку павятовага цэнтра. Часам пад паветам мелі на ўвазе толькі тэрыторыю, падкантрольную намесніку, — у гэтым выпадку павет азначаў намесніцтва.

Статус паветаў афіцыйна быў вызначаны ў 1564—1566 гадах, калі ў Вялікім Княстве Літоўскім былі ўведзеныя новыя адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі — ваяводствы; намінальна з 1413 года існавалі толькі два ваяводствы — Віленскае і Троцкае. Дадалося яшчэ 5 ваяводстваў: Віцебскае, Полацкае, Новагародскае, Смаленскае і Падляшскае. Пасля ўтварыліся Мсціслаўскае, Берасцейскае, Менскае, Валынскае і Брацлаўскае (на Падоллі) ваяводствы. У выніку адміністрацыйных рэформ воласці, якія уваходзілі ў ваяводствы, былі аб’яднаны ў больш буйныя адміністрацыйна-тэрытарыяльныя акругі — паветы.

У склад Віленскага ваяводства былі ўключаны: Ашмянскі, Браслаўскі i Лідскі паветы, a ў Троцкае ваяводства — Гарадзенскі павет. Гэтыя змяненні не паўплывалі на тое, што ў дзяржаўных, прыватных i царкоўных уладаннях заставаўся падзел на воласці — традыцыйныя тэрытарыяльна-адміністрацыйныя адзінкі, якія адлюстроўвалі плошчу размяшчэння i дзейнасці сельскай абшчыны[6].

У 1565 годзе Віленскі сойм падзяліў Вялікае Княства Літоўскае на 13 ваяводстваў і 30 паветаў (Аршанскі, Ашмянскі, Бельскі, Берасцейскі, Браслаўскі, Ваўкавыскі, Віленскі, Вількамірскі, Віцебскі, Гарадзенскі, Дарагічынскі, Жамойцкі, Кіеўскі, Ковенскі, Крамянецкі, Лідскі, Луцкі, Мазырскі, Мельніцкі, Менскі, Мсціслаўскі, Новагародскі, Пінскі, Полацкі, Рэчыцкі, Слонімскі, Старадубскі, Троцкі, Уладзімірскі, Упіцкі). 16 паветаў знаходзіліся ў межах сучаснай Беларусі, астатнія ва Украіне і Балтыі. Пасля рэформы 1566 года Віленскае ваяводства складалася з пяці паветаў, Троцкае ваяводства з чатырох, Новагародскае і Падляшскае ваяводствы з трох, Кіеўскае, Віцебскае, Брэсцкае, Менскае з двух, Валынскае з трох. Слуцкае княства Алелькавічаў-Радзівілаў з 1507 года захавалася як асобная адміністрацыйная адзінка Новагародскага павета. У 1791 годзе яно ўвайшло ў Случарэцкі павет. Гэты падзел, які зацвердзіў Літоўскі Статут 1588 года, заставаўся да канца XVIII стагоддзя[7][8]. У XVII стагоддзі з’явіліся Смаленскі і Старадубскі паветы, а ў апошнія гады існавання Рэчы Паспалітай былі ўтвораны Анікштынскі, Бярозаўскі, Завілейскі, Запінскі, Кобрынскі, Мерацкі, Прэнскі, Расейнскі, Сакольскі, Случарэцкі, Сталавіцкі, Цельшаўскі, Шавельскі, Эйшышкскі паветы.

У гістарыяграфіі Вялікага Княства Літоўскага няма адназначнага погляду на гэты працэс. Напрыклад, М. К. Любаўскі прытрымліваўся думкі, што «павет» Вялікага Княства Літоўскага — сінонім колішняй «зямлі», часта азначаў адміністрацыйную і маёмасную цэласнасць рэгіёна, і фігуруе ў крыніцах не як юрыдычны тэрмін, а як агульнае абазначэнне пэўнай тэрыторыі[9]. Ф. І. Леантовіч лічыў «павет» самакіруючым гаспадарчым ўтварэннем шляхты[10]. І. І. Лапо згаджаўся з Леантовічам, але толькі ў дачыненні да перыяду пасля рэформы 1565—1566 гадоў. Ён адзначаў, што створаныя ў 1565—1566 гадах новыя паветы, якія былі выразна пэўнымі адзінкамі рэгіянальнага падраздзялення Вялікага Княства Літоўскага, атрымалі два значэння: па-першае, яны сталі тэрытарыяльным падраздзяленнем дзяржавы і, па-другое, яны сталі дзяленнем шляхты княства на групы, на «шляхецкія карпарацыі»[11].

Стараста. Акварэль К. Русецкага.

Структура павятовага кіравання вызначана статутамі Вялікага Княства Літоўскага 1566 і 1588 гадоў. Паветы раздзяляліся на прыходы, прыходы — на вёскі. Прыходам кіраваў сельскі войт. На чале павета стаяў стараста. Ён прызначаўся вялікім князем літоўскім і Радай[12]. Прававое становішча старасты залежыла ад павета, які ён узначальваў, ад паходжання старасты і роднасных сувязяў. Стараста, як і ваявода, абавязаны быў сачыць за парадкам, наглядаць за гаспадаркай дзяржаўных маёнткаў і за паступленнем даходаў, клапаціцца аб боягатоўнасці замкаў, збіраць апалчэнне ў выпадку небяспекі, разглядаць крымінальныя справы, сачыць за выпраўленнем судаводства. У кожным павеце заснаваны быў земскі суд[13][14].

У павеце таксама былі пасады ключніка, гараднічага, харунжага (павятовага сцяганосца, які збіраў жыхароў павета у выпадку ваеннай пагрозы)[15]. Памочнікам старасты па ваенных справах быў маршалак павятовы, які кіраваў павятовым апалчэннем шляхты. Ён жа ў адсутнасці старасты старшыняваў на пасяджэннях павятовага савета. Адміністрацыйна-судовыя функцыі ў павеце мог выконваць памочнік старасты — падстараста. Большая частка бягучай работы па мясцоваму самакіраванні ўскладалася на цівуноў. У іх абавязак ўваходзіла разнастайная адміністрацыйная і гаспадарчая дзейнасць у павеце; ад іх патрабавалася прысутнічаць у дэпутацкім судзе і выконваць судовыя абавязкі ў парафіях. Пазней, калі колькасць каралеўскіх маёнткаў змяншалася, зменшвалася і колькасць цівуноў, і іх функцыі. У XVIII стагоддзі ў Вялікім Княстве Літоўскім засталося толькі двое цівуноў: віленскі і троцкі, якія выбіраліся земскімі соймікамі і зацвярджаліся каралём. На Жамойці засталося 12 цівуноў, яны прызначаліся каралём[16].

Саслоўна-прадстаўнічымі органамі ў павеце былі соймікі, якія заканадаўча уведзеныя Літоўскім Статутам 1566 года. На іх маглі прысутнічаць усе шляхцічы павета. На сойміках абмяркоўваліся мясцовыя і агульнадзяржаўныя справы. Павятовыя соймікі збіраліся штогод і нават некалькі разоў у год. Старшыняваў або найбольшы па пасадзе пан або маршалак павятовы. На сойміках выбіраліся два дэпутаты ад шляхты на вальны (усеагульны) сойм, ім даваліся просьбы і скаргі да ўлады. На сойміках таксама выбіраліся кандыдаты ў земскія і падкормскія суды, пазначаліся памеры падаткаў на патрэбы павета[17][18][19].

Да сярэдзіны XVI стагоддзя некаторыя з паветаў складаліся са свайго роду падпаветаў на чале з старастамі ніжэйшага рангу. У Валынскай, Усходнепадольскай і Кіеўскай землях перад 1566 годам паветы былі старасцінскімі акругамі, а ў створаных гэтага ж года Валынскім і Брацлаўскім ваяводствах, а таксама ў Кіеўскім ваяводстве (існавала з 1471 года) — судова-адміністрацыйнымі акругамі[20].

На беларускіх землях з 1772 года тэрмін «павет» афіцыйна выкарыстоўваўся нараўне з тэрмінам «уезд» да 1840 года, потым змяніўся тэрмінам уезд. Уезды скасаваны ў 1924 годзе ў сувязі з раённым падзелам абласцей. Павет існаваў у Заходняй Беларусі ў 1921—1939 гг[21].

Зноскі

  1. Славянская энциклопедия. XVII век. Том 2 — М., 2004 — С. 161
  2. Повет // Толковый словарь Ефремовой
  3. Русское словесное ударение Архівавана 28 красавіка 2018.. — м.: ЭНАС. М. В. Зарва. 2001.
  4. Насевіч В. Воласць // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 464. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
  5. Гурбик А. О. Еволюція соціально-територіальних спильнот в середньовічній Украині (волость, дворніце, село, сябринна спілка). — Киів: Інститут Історіі Украіны НАН Украіни, 1998. — 319 с. — ISBN 966-02-0605-4.
  6. Голубеў В. Ф. Сельская абшчына ў Беларусі XVI—XVIII стст.. — Мн.: Беларуская навука, 2008. — С. 62. — 407 с. — ISBN 978-985-080970-4.
  7. Гісторыя Беларусі: у 6 т.. — Мн.: Экаперспектыва, 2008. — Т. 2. Беларусь у перыяд Вялікага княства Літоўскага. — С. 174. — 688 с.
  8. Грыцкевіч А. Слуцкае княства // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 591. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
  9. Любавский М. К. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно. — М.: Московская худ. печатня, 1915. — С. 31. — 401 с.
  10. Леонтович Ф. И. Сословный тип территориально-административного состава Литовского государства и его причины. — СПб.: Тип. В. С. Балашова, 1894. — С. 33, 38—40. — 56 с.
  11. Лаппо И. И. Великое Княжество Литовское во второй половине XVI столетия. Литовско-русский повет и его сеймик. — Юрьев: Тип. К. Маттисена, 1911. — С. 104, 119. — 624 с.
  12. Korczak L. Litewska rada wielkoksiążęca w XV wieku. Kraków, 1998. P. 104—106
  13. Казлоўскі П. Стараста // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 629. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
  14. Лапппо И. И. Земский суд в Великом Княжестве Литовском в конце XVI века // Журнал Министерства народного просвещения. — СПб.: Тип. В. С. Балашова, 1897. — Т. 311.
  15. Вяроўкін-Шэлюта У. Харунжы // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 714. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
  16. Доўнар А. Цівун // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 727—728. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
  17. Лаппо И. И. Великое Княжество Литовское во второй половине XVI столетия. Литовско-русский повет и его сеймик. — Юрьев: Тип. К. Маттисена, 1911. — С. 286—287, 290—292, 304. — 624 с.
  18. Леонтович Ф. И. Веча, сеймы, сеймики в Великом княжестве Литовском // Журнал Министерства народного просвещения. — М.: 1910. — Т. 2. — С. 233—274.
  19. Halecki O. O początkach parlamentaryzmu litewskiego // Sprawozdania z czynności i posiedzeń Akademii Umiejętności w Krakowie. — Krakow: 1915. — Т. 20 (8).
  20. Сухих Л. А. Повіт // Юридична енциклопедія. — К.: Українська енциклопедія ім. М. П. Бажана, 2002. — Т. 4. — ISBN 966-7492-04-4.
  21. Уезд // Белорусская ССР. Краткая энциклопедия. — Мн.: БелЭн, 1979. — Т. 1. — С. 703.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Гісторыя сялянства Беларусі: y 3 т. / рэдкал.: В. I. Мялешка (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск: Беларуская навука, 1997—2002. — Т. 1: Гісторыя сялянства Беларусі ад старажытнасці да 1861 г. / Я. Анішчанка [і інш.]. — 1997. С. 431
  • Пашуто В. Т., Флоря Б. Н., Хорошкевич А. Л. Древнерусское наследие и исторические судьбы восточного славянства. Часть вторая. А. Л. Хорошкевич. Исторические судьбы белорусских и украинских земель в XIV — начале XVI в. С. 72. — М., Наука, 1982. С. 246