Пагадненне Сікорскага — Майскага

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Падпісанне пагаднення, Лондан 30 ліпеня 1941 года. Злева направа, сядзяць: Сікорскі, Ідэн, Чэрчыль і Майскі

Пагадненне аб аднаўленні дыпламатычных адносін паміж СССР і ўрадам Польскай Рэспублікі ў выгнанні (больш вядомы як «дагавор (пагадненне) Майскага — Сікорскага» ці «Сікорскага — Майскага») — двухбаковы дагавор, падпісаны 30 ліпеня 1941 года прэм'ер-міністрам польскага ўрада ў выгнанні генералам Уладзіславам Сікорскім і паслом СССР у Вялікабрытаніі І. М. Майскім у будынку МЗС Вялікабрытаніі ў прысутнасці брытанскага міністра замежных спраў Э. Ідэна і прэм'ер-міністра У. Чэрчыля.

Аднаўляючы спыненыя 17 верасня ў аднабаковым парадку дыпламатычныя адносіны, Савецкі ўрад прызнаваў, што савецка-германскія дагаворы 1939 года страцілі моц у частцы тэрытарыяльных змен у Польшчы. СССР пагадзіўся на фарміраванне на савецкай тэрыторыі польскай арміі пад польскім камандаваннем, у аператыўным плане падпарадкаванай савецкаму Вярхоўнаму Камандаванню. У дадатку да пагаднення адзначалася, што Савецкі Урад дае амністыю ўсім польскім ваеннапалонным і польскім грамадзянам, якія знаяходзяцца ў зняволенні на савецкай тэрыторыі. Польскаму ўраду не ўдалося дамагчыся анулявання савецка-літоўскага пагаднення аб перадачы Вільні. Асноўнымі вынікамі гэтага пагаднення стала: фарміраванне Арміі Андэрса і вызваленне звыш 400 тысяч польскіх грамадзян, што знаходзіліся ў СССР, з месцаў ссылкі, дэпартацыі і зняволення.

25 красавіка 1943 года СССР ізноў разарваў дыпламатычныя адносіны з польскім урадам у Лондане, абвінаваціўшы яго ў супрацоўніцтве з немцамі, пасля таго як польскі ўрад пагадзіўся на расследаванне Міжнароднага Чырвонага Крыжа на акупаванай немцамі тэрыторыі ў дачыненні да пахаванняў у Катынскім лесе.

Перадгісторыя[правіць | правіць зыходнік]

23 жніўня 1939 года быў падпісаны Дагавор аб ненападзе паміж Германіяй і Савецкім Саюзам (таксама вядомы як пакт Молатава — Рыбентропа) і Сакрэтны дадатковы пратакол да яго з апісаннем «граніцы сфер інтарэсаў» бакоў «у выпадку тэрытарыяльна-палітычнай перабудовы» Прыбалтыкі і Польшчы. Пасля пачатку Другой сусветнай вайны ў Еўропе 1 верасня 1939 года польская армія апынулася няздольнай супрацьстаяць агрэсіі Германіі. Англія і Францыя, якія заключылі з Польшчай саюзніцкія дагаворы, фактычна кінулі яе на волю лёсу.

У Польшчы нарастала дэзарганізацыя. 1 верасня Варшаву пакінуў прэзідэнт І. Масціцкі, 4 верасня пачалася эвакуацыя ўрадавых устаноў. 5 верасня з Варшавы выехаў урад, а ў ноч на 7 верасня — і галоўнакамандуючы Э. Рыдз-Сміглы. Стаўка была перанесена ў Брэст, з 10 верасня — ва Уладзімір-Валынскі, з 13 верасня — у Млынаў (каля Дубна), а 15 верасня — у Каламыю. З 14 верасня там ужо знаходзіўся Масціцкі. 9—11 верасня польскае кіраўніцтва вяло перамовы з Францыяй аб прадастаўленні прытулку для ўрада. 16 верасня пачаліся польска-румынскія перамовы аб транзіце польскага кіраўніцтва ў Францыю, і 17 верасня ўрад перайшоў на тэрыторыю Румыніі, дзе быў інтэрнаваны.

17 верасня 1939 года паслу Польшчы ў СССР была ўручана нота, у якой гаварылася, што «Польская дзяржава і яе ўрад фактычна перасталі існаваць», а падраздзяленні Кіеўскай і Беларускай ваенных акруг перайшлі савецка-польскую граніцу для «ўзяцця пад кантроль тэрыторый Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі».

28 верасня 1939 года паміж СССР і Германіяй быў заключаны «Германа-Савецкі Дагавор аб дружбе і граніцы паміж СССР і Германіяй», які ўсталяваў граніцы паміж узаемнымі дзяржаўнымі інтарэсамі бакоў на тэрыторыі былой Польскай дзяржавы. Створаны ў Францыі ў кастрычніку 1939 года Урад Польшчы ў выгнанні прытрымліваўся тэзісу аб стане вайны з СССР.

Падпісанне[правіць | правіць зыходнік]

Пасля нападу Германіі на СССР, 23 чэрвеня 1941 года кіраўнік польскага ўрада ў выгнанні Уладзіслаў Сікорскі выступіў па радыё са зваротам да народа акупаванай Польшчы. У прамове прагучалі словы, якія можна было расцаніць як прапановы аб супрацоўніцтве з СССР.

3 ліпеня народны камісарыят замежных спраў (НКЗС) накіраваў паслу СССР у Лондане І. М. Майскаму тэлеграму, у якой Савецкі ўрад выражаў сваю згоду пачаць перамовы аб заключэнні з польскім урадам у Лондане пагаднення аб узаемадапамозе. У тэлеграме адзначалася, што СССР выступае за стварэнне незалежнай польскай дзяржавы ў граніцах нацыянальнай Польшчы, уключаючы некаторыя гарады і вобласці, якія нядаўна адышлі да СССР, прычым пытанне аб характары дзяржаўнага рэжыму Польшчы Савецкі ўрад лічыць унутранай справай саміх палякаў.

Перамовы адбываліся з 5 па 30 ліпеня 1941 года ў Лондане пры пасродніцтве Э.-Р. Ідэна, а ў Маскве — у час гутарак наркама замежных спраў СССР Молатава з паслом Вялікабрытаніі Стафардам Крыпсам. Польскі бок перш за ўсё высунуў праблему граніц, якія, паводле яе меркавання, мусілі адпавядаць граніцам на 31 жніўня 1939 года. Савецкі ж бок прапанаваў адкласці разгляд пытання аб савецка-польскай граніцы да заканчэння вайны, і пакуль засяродзіцца на стварэнні польскіх узброеных сіл на тэрыторыі СССР. Англійскі ўрад аказаў ціск на кабінет Сікорскага, паколькі не хаваў намераў наладзіць, прынамсі ў той перыяд, супрацоўніцтва са СССР у вайне супраць Германіі. 15 ліпеня ў час сустрэчы ў МЗС міністр замежных спраў Англіі А. Ідэн прама заявіў Сікорскаму і А. Залескаму, які суправаджаў яго: «Хочаце, спадары, ці не хочаце, а дагавор з Савецкім Саюзам мусіць быць падпісаны». У той жа час у складзе саміх польскіх перагаворшчыкаў выявіліся праціўнікі падпісання пагаднення без прызнання СССР тэрытарыяльных патрабаванняў. Рознагалоссі прывялі да адстаўкі ў знак пратэсту супраць падпісання дагавора з СССР трох міністраў і да канфлікту Сікорскага з прэзідэнтам Польшчы ў выгнанні Рачкевічам. Нарэшце, 21 ліпеня Сікорскі інфармаваў Ідэна, што пасля працяглай і надзвычай цяжкай дыскусіі (на пасяджэнні кабінета міністраў) яго падыход па дагаворы з Саветамі атрымаў падтрымку. У той жа час прэзідэнт урада ў выгнанні Рачкевіч прыстрашыў адмовай ратыфікаваць пагадненне, калі яно будзе падпісана. Сікорскі, паставіўшы Рачкевіча ў вядомасць, што на падставе пагаднення ад 30 студзеня 1939 года ён валодае паўнамоцтвамі для падпісання без згоды прэзідэнта, ад імя ўрада падпісаў пагадненне з СССР.

Падпісанне адбылося 30 ліпеня 1941 года ў будынку МЗС Вялікабрытаніі ў прысутнасці брытанскага міністра замежных спраў А. Ідэна і Чэрчыля. З боку СССР пагадненне было падпісана паслом СССР у Лондане Вялікабрытаніі І. М. Майскім.

Тэкст пагаднення[правіць | правіць зыходнік]

  1. Урад СССР прызнае, што савецка-германскія дагаворы 1939 года наконт тэрытарыяльных змен у Польшчы страцілымі моц. Польскі ўрад заяўляе, што Польшча не звязана ніякім пагадненнем з якім-небудзь трэцім бокам, накіраваным супраць Савецкага Саюза.
  2. Дыпламатычныя зносіны будуць адноўлены паміж абодвума Урадамі па падпісанні дадзенага Пагаднення і будзе здзейснены неадкладны абмен пасламі.
  3. Абодва ўрады ўзаемна абавязваюцца аказваць адзін аднаму ўсякага роду дапамогу і падтрымку ў дадзенай вайне супраць гітлераўскай Германіі.
  4. Урад СССР выражае сваю згоду на стварэнне на тэрыторыі СССР польскай арміі пад камандаваннем, прызначаным Польскім Урадам са згоды Савецкага ўрада. Польская армія на тэрыторыі СССР будзе дзейнічаць у аператыўным плане пад кіраўніцтвам Вярхоўнага камандавання СССР, у складзе якога будзе знаходзіцца прадстаўнік польскай арміі. Усе дэталі наконт арганізацыі камандавання і выкарыстання гэтай сілы будуць вырашаны наступным пагадненнем.
  5. Дадзенае пагадненне набывае моц неадкладна з моманту яго падпісання і ратыфікацыі не падлягае. Дадзенае пагадненне складзена ў 2-х асобніках, кожны з іх на польскай і рускай мовах, прычым абодва тэксты маюць аднолькавы моц.

Да пагаднення прыкладаўся Пратакол наступнага зместу:

  • Савецкі Урад дае амністыю ўсім польскім грамадзянам, якія знаходзяцца цяпер у зняволенні на савецкай тэрыторыі ці ў якасці ваеннапалонных ці на іншых дастатковых падставах, з часу аднаўлення дыпламатычных зносін.

Вынікі пагаднення[правіць | правіць зыходнік]

Гл. таксама 12 жніўня 1941 года Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР выдаў указ аб амністыі, змест якога быў аналагічны пратаколу, прыкладзенаму да пагаднення ад 30 ліпеня. У гэты ж дзень Саўнаркам і ЦК УКП(б) прынялі пастанову аб парадку вызвалення і накіравання польскіх грамадзян, якія амністуюцца паводле Указу Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР». Яна прадпісвала вызваліць: а) усіх ваеннапалонных і інтэрнаваных ваеннаслужачых польскай арміі; б) асуджаных да зняволення ў турмы і выпраўленча-працоўныя лагеры, а тых, хто знаходзіцца пад следствам; в) накіраваных у спецпасёлкі з заходніх раёнаў УССР і БССР асаднікаў, леснікоў, членаў сем'яў раней рэпрэсаваных соб і спецпасяленцаў іншых катэгорый. Вызваленым польскім грамадзянам дазвалялася свабоднае пражыванне на тэрыторыі СССР за выключэннем прыгранічных раёнаў, рэжымных гарадоў I і II катэгорыі, забароненых зон, мясцовасцей, абвешчаных на ваенным становішчы. Пастанова абавязвала мясцовыя савецкія і партыйныя органы аказваць садзейнічанне вызваленым, у першую чаргу жанчынам з дзецьмі, у іх уладкаванні на працу і прадастаўленні ім жылплошчы. Усталёўваліся і пункты фарміравання польскіх вайсковых часцей першай чаргі.

У тых абласцях, дзе мелася вялікая колькасць польскіх грамадзян, сталі адкрывацца прадстаўніцтвы польскага пасольства, арганізоўвацца склады адзення і харчу, які паступаў з ЗША і Англіі. На вузлавых станцыях была створана польская інфармацыйная служба, якая накіроўвала мужчын прызыўнога ўзросту і добраахвотнікаў у месцы фарміравання вайсковых часцей, падавала людзям дапамогу. Пасольства выдавала польскія пашпарты, арганізоўвала культурныя і рэлігійныя мерапрыемствы. На аснове апытанняў усіх тых, хто вызваляўся, была складзена картатэка польскіх грамадзян у СССР. 14 жніўня было распрацавана і падпісана ваеннае пагадненне, якое прадугледжвала стварэнне ў найкарацейшы тэрмін на тэрыторыі СССР польскай арміі, якая складае " частку ўзброеных сіл суверэннай Польскай Рэспублікі» і якой будуць прысягаць на вернасць яе ваеннаслужачыя. Армія прызначалася для сумеснай з войскамі СССР і іншых саюзных дзяржаў барацьбы супраць гітлераўскай Германіі і па заканчэнні вайны мусіла вярнуцца ў Польшчу. Меркавалася адправіць польскія часці на фронт толькі па дасягненні імі поўнай баявой гатовасці, якая так і не была імі дасягнута да перамяшчэння іх у Іран у 1943 годзе.

1 кастрычніка Берыя паведаміў Сталіну і Молатаву пра тое, што з 391 575 польскіх грамадзян, якія знаходзіліся ў месцах зняволення і ў ссылцы, да 27 верасня вызвалены з турмаў і лагераў ГУЛАГа 50 295 чалавек, з лагераў ваеннапалонных — 26 297 і, акрамя таго, 265 248 спецпасяленцаў. На фарміраванне Арміі Андэрса да гэтага часу былі накіраваны 25 115 былых ваеннапалонных. Туды ж прыбылі і 16 647 вызваленых з турмаў, лагераў і спецпаселішчаў; яшчэ 10 000 чалавек знаходзіліся ў дарозе.

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]