Перайсці да зместу

Пагром грамадскіх арганізацый у Беларусі (2021)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Масавы пераслед грамадскіх арганізацый, які пачаўся ў Беларусі ў ліпені 2021 года стаў працягам найбольш шырокамаштабнага пагрому беларускіх незалежных медыя пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і наступных масавых пратэстаў.

У канцы 2020 года Еўрасаюз з інтэрвалам у месяц увёў тры пакеты персанальных санкцый за фальсіфікацыю прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і за рэпрэсіі супраць беларускай грамадзянскай супольнасці. У лютым вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы Жазеп Барэль і абвясціў пра падрыхтоўку чацвёртага пакета[1]. Яшчэ ў красавіку 2021 года міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей на дзяржаўным на тэлеканале «Беларусь 1» заявіў:

" Любое далейшае ўзмацненне жорсткасці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасць [Беларусі] перастане існаваць. І гэта, я лічу, будзе абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сітуацыі. У маім разуменні тыя асобы, якія заклікаюць зараз да санкцыяў, здзяйсняюць злачынства супраць свайго народу. Я лічу, што менавіта так гэта трэба расцэньваць.

"

Прымусовая пасадка беларускім бокам рэйса Ryanair 4978 для арышту апазіцыйнага журналіста Рамана Пратасевіча паскорыла падрыхтоўку Еўрасаюзам сектаральных санкцый. 21 чэрвеня ЕС увёў чацвёрты пакет санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі[1], а ўжо 24 чэрвеня — сектаральныя санкцыі, забараніўшы імпарт нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў, экспарт якіх складаў не менш за 13 % усяго беларускага экспарту ў Еўропу[2].

Пераслед і ліквідацыя грамадскіх арганізацый

[правіць | правіць зыходнік]

У канцы чэрвеня ў па ініцыятыве пракуратуры ліквідавалі дзве папулярныя культурныя пляцоўкі ў Брэсце — тэатр «Крылы халопа» і «Грунт будучыні». 8 ліпеня «за парушэнні закона» ліквідавалі брэсцкія ўстановы «За свой горад» і «Дзедзіч». Пракуратура палічыла, што гэтыя арганізацыі нібыта вялі дзейнасць, якая не адпавядае заяўленым у статуце прадмеце і мэтам: «За свой горад» пачала размяшчаць на сваіх старонках у сацсетках інфармацыю, накіраваную на распальванне варожасці па прафесійнай прыкмеце, а ўстанова «Дзедзіч» арганізоўвала конкурсы мастацкіх твораў і трансляцыю ў сацыяльных сетках ролікаў, якія прапагандуюць фармаванне ў грамадзян ухвальнага стаўлення да здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў[3].

Міністэрства юстыцыі Беларусі пачало пазапланавую праверку «па вывучэнні дзейнасці [арганізацыі] на прадмет адпаведнасці патрабаванням заканадаўства Рэспублікі Беларусь і статута» Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», Беларускай асацыяцыі журналістаў, Беларускага ПЭН-цэнтра, «Экадома», «Звяна» і Руху «За Свабоду»[4].

13 ліпеня ў час сустрэчы з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі вельмі актыўна пачалі працу ў дачыненні да «розных НКА, НУА» і да «так званых заходніх СМІ, якія тут дэмакратыю нам дарылі, а фактычна ўкаранялі […] тэрор»[5].

14 ліпеня адбыліся ператрусы ў супрацоўнікаў праваабарончага цэнтра «Вясна», дырэктара Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend Вольгі Смалянка, гродзенскага праваабаронца Віктара Сазонава, праваабаронца і каардынатара кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэя Палуды, брэсцкага праваабаронца «Human Constanta» Кірыла Кофанава, грамадскіх актывістаў Тамары Мацкевіч з «Таварыства беларускай школы» і Сяргея Мацкевіча з «Цэнтр „Супольнасць“», старшыні праўлення адукацыйнага цэнтра ПОСТ Сафіі Емельянавай, дырэктаркі SYMPA/BIPART Наталлі Рабавай, старшыні і намесніка старшыні моладзевай арганізацыі «Новые лица», кіраўніка ячэйкі свабоднага прафсаюза з Полацка і сябра Полоцкага праваабарончага таварыства Міколы Шараха, эканаміста Яраслава Раманчука, палітыка Анатоля Лябедзькі, сяброў грамадскага аб’яднання «Фонд імя Льва Сапегі», офісах Руху «За свабоду!», Беларускай асацыяцыі журналістаў, Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», Саюза беларускіх пісьменнікаў, Беларускага Хельсінкскага камітэта, Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, праваабарончай арганізацыі «Гендэрныя перспектывы», выдання «Имена», партыі БНФ, цэнтры эканамічных даследаванняў BEROC, на пляцоўцы «Тэрыторыя правоў», Офісе еўрапейскай экспертызы і камунікацый, Офісе дапамогі і падтрымкі занятасці моладзі «ЮларКансалт», Цэнтры інфармацыйна-прававой падтрымкі сацыяльна неабароненых груп насельніцтва «Адвакацыя», лабараторыі «Новак», Цэнтры «Трэці сектар». Пасля ператрусаў былі затрыманы праваабаронцы Уладзімір Лабковіч, Валянцін Стэфановіч, Алесь Бяляцкі, Сяргей Сыс, Алена Лапцёнак, Андрэй Палуда, Яўгенія Бабаева, Вольга Смалянка, Алег Мацкевіч, Ігар Казмерчак, Віктар Сазонаў[6], некаторыя пасля адпушчаны.

15 ліпеня ператрусы працягнуліся ў офісах Таварыства беларускай мовы, даследча-асветніцкага аб’яднання «Гавары праўду», аб’яднання «АКТ», у старшыні і намесніка старшыні «Грамадзянскага Форума». Мінюст звярнуўся ў Вярхоўны суд з пазовам аб прыпыненні дзейнасці «Руху „За свабоду“», таксама былі затрыманыя праваабаронцы[7].

22 ліпеня стала вядома, што Міністэрства юстыцыі ліквідавала шэраг арганізацый грамадзянскай супольнасці. Спіс:

  • «Цэнтр прававой трансфармацыі»
  • «Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацый»
  • «Human Constanta»
  • Цэнтр экалагічных рашэнняў
  • Цэнтр развіцця эфектыўнай камунікацыі «Жывая Бібліятэка»
  • Медыяплатформа «Имена»
  • Youth Labor Rights
  • European Youth Parliament
  • Press Club Belarus
  • Інфармацыйна-культурніцкі цэнтр «ІніцыАрт» (Наваполацк)
  • Сацыяльна-інфармацыйная ўстанова «ТаймАкт»
  • Нацыянальны моладзевы савет «РАДА»
  • Офіс па правах людзей з інваліднасцю
  • Цэнтр даследаванняў і прагнозаў развіцця «Еўрапейскі дыялог» (дырэктар — Анатоль Лябедзька)
  • Офіс прасоўвання ініцыятыў
  • Арт Сядзіба (Інфармацыйна-асветніцкая ўстанова «Амарока»)
  • Цэнтр рэгіянальнага развіцця ГДФ
  • Цэнтр урбаністычных праектаў і ініцыятыў «Прастора»
  • Майстэрня сацыяльнага кіно
  • «Мова Нанова»
  • «Бізнес школа ІПМ»
  • Установа «Гарадское развіццё», займалася тэмай здароўя мужчын у Беларусі
  • «Тэрыторыя правоў»
  • Кансультатыўна-асветніцкая ўстанова па ахове прыроды «Экаасяроддзе»
  • Асветніцкая ўстанова «Сацыяльныя інтэрвэнцыі»"
  • Рэгіянальны цэнтр экспертызы «Экадэмія»
  • Культурна-асветніцкая ўстанова «Садзейнічанне культурнаму развіццю гарадоў»
  • Культурна-асветніцкая ўстанова «Крэсы»
  • Культурна-асветніцкая ўстанова па працы з насельніцтвам і самаразвіцці «Агульная Будучыня»
  • Інфармацыйна-асветніцкая ўстанова «Пенсійны выпадак»
  • Цэнтр сацыяльнай дапамогі і падтрымкі груп рызыкі «Стымул да поспеху»
  • Прыватная інфармацыйна-асветніцкая ўстанова «Ноктуам»
  • Прыватная культурна-асветніцкая ўстанова «Веданта вада»
  • «Магілёўскі моладзевы цэнтр»
  • Сацыяльна-асветніцкая ўстанова ў галіне гісторыка-культурнай спадчыны «Уновіс-ФОРУМ»
  • Прыватная культурна-асветніцкая ўстанова «Гендэрны адказ»
  • Праваабаронча-асветніцкая ўстанова ў галіне экалагічных і маёмасных правоў «Ваколіца»
  • Прыватная культурна-асветніцкая ўстанова «Лідэр новай эпохі»
  • Цэнтр аматараў жывёл «ЛАВБРЫЛ»
  • Культурна-асветнiцкая ўстанова «АСЕТ»
  • Цэнтр стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў
  • Цэнтр еўрапейскіх даследаванняў
  • Асацыяцыя НКА па барацьбе са СНІДам «Белсеть антыСНІД»
  • Цэнтр развіцця сельскіх ініцыятыў
  • Цэнтр развіцця правадэйраў дадатковай адукацыі
  • Асацыяцыя дадатковай адукацыі і асветы
  • Даследчы цэнтр Інстытута прыватызацыі і асветы
  • КПУ "Цэнтр адпачынку і развіцця «Партал»
  • Установа «Рэгіянальнае Бюро Развіцця» (Жодзіна)
  • "За свой горад "(Брэст)
  • Установа "Кансультацыйна-інфармацыйны цэнтр «Агенцтва практычнай дапамогі» (Бабруйск)
  • Цэнтр дапамогі сем’ям і дзецям (Бабруйск)
  • Установа дадатковай адукацыі дарослых «Адукацыя Фэст»[8]

9 жніўня Вярхоўны суд вырашыў ліквідаваць Беларускі ПЭН-цэнтр[9].

24 верасня суддзя Вярхоўнага суда Рыма Філіпчык прыняла рашэнне задаволіць позву Міністэрства юстыцыі і ліквідаваць Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына»[10].

8 кастрычніка Вярхоўны суд задаволіў пазоў Міністэрства юстыцыі і ліквідаваў рэспубліканскае даследча-асветніцкае грамадскае аб’яднанне «Гавары праўду»[11].

" ЕС гатовы разгледзець далейшыя абмежавальныя меры ў адпаведнасці са сваім паступовым падыходам. ЕС будзе працягваць прымаць любыя неабходныя меры, каб падтрымаць народ Беларусі. Мы працягнем стаяць на баку ўсіх праваабаронцаў і незалежных галасоў і ўсіх людзей, якія ўціскаюцца ў Беларусі. "
" Я глыбока занепакоеная апошнімі падзеямі ў Беларусі, дзе ў сераду сілавікі правялі дзясяткі рэйдаў у офісах і дамах праваабаронцаў і журналістаў, і, як паведамляецца, шэраг людзей былі затрыманыя. Такія рэпрэсіі зусім недапушчальныя. Падзеі, якія адбыліся ў сераду, яшчэ раз падкрэсліваюць абуральнае ігнараванне беларускімі ўладамі сваіх абавязацельстваў па міжнародным праве ў галіне правоў чалавека. "

Цягам 2022—2023 гадоў ліквідацыі і ціск на грамадзянскую супольнасць не сцішыліся. На 10 студзеня 2024 года колькасць грамадскіх арганізацый, аб’яднанняў, устаноў і фондаў, ліквідаваных з ліпеня 2021 года, дасягнула 960[14]. Яшчэ 551[14] некамерцыйная грамадская арганізацыя прынялі рашэнне пра самаліквідацыю. Аспрэчыць іск пра ліквідацыю ў вышэйшай судовай установе, звычайна, немагчыма.

21 снежня 2021 года дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі законапраект «Аб змене кодэксаў». У ліку іншага ён увёў крымінальную адказнасць за ўдзел у працы ліквідаванай арганізацыі[15] і дзейнасць ад яе імя.

Сярод ліквідаваных — аб’яднанні, якія замест дзяржавы дапамагалі ўразлівым катэгорыям: хворым дзецям, пажылым, людзям з інваліднасцю. Ні дзяржава, ні бізнес не могуць замясціць іх дзейнасць. «Дзяржаўныя структуры сёння не зацікаўленыя ў ініцыятыве людзей, у іх інфармаванасці і актыўнасці. Бізнес не кампенсуе страты НДА хоць бы таму, што гэтая сфера не прыносіць прыбытку», — выказаўся адзін з кіраўнікоў ліквідаваных арганізацый[16]. Людзі засталіся сам-насам са сваімі праблемамі.

У здаровым грамадстве грамадскія арганізацыі выступаюць у ролі «засцерагальніка», які дае зразумець актуальнасць таго ці іншага пытання. Немагчымасць праявіць сябе прыводзіць да грамадскай напругі, што можа прывесці да сацыяльных выбухаў[16].

Зноскі

  1. а б Что нужно знать о четвертом пакете санкций ЕС в отношении Беларуси (руск.). Deutsche Welle (22 чэрвеня 2021). Праверана 14 ліпеня 2021.
  2. ЕС впервые ввел секторальные санкции против Белоруссии. РБК
  3. У Берасьці ўлады ліквідавалі яшчэ 2 арганізацыі: «Дзедзіч» і «За свой горад»
  4. Мінюст распачаў пазапланавую праверку Згуртавання «Бацькаўшчына»
  5. Лукашенко: НПО и западные СМИ под видом демократии насаждали в стране террор. 13 июля 2021
  6. З ператрусамі прыйшлі да праваабаронцаў "Вясны": наступ на НДА ў Беларусі працягваецца  (14 ліпеня 2021). Праверана 14 ліпеня 2021.
  7. Затрыманні і ператрусы ў Беларусі працягваюцца 15 ліпеня
  8. У Беларусі ідзе поўная «зачыстка» НДА. Хроніка пераследу 23 ліпеня . Праваабарончы цэнтр «Вясна». Праверана 23 ліпеня 2021.
  9. Радыё Свабода Архівавана 9 жніўня 2021.
  10. Радыё Свабода Архівавана 25 верасня 2021.
  11. Nashaniva.com
  12. Высокі прадстаўнік ЕС Жазэп Барэль выступіў з заявай у сувязі з атакай на незалежныя галасы ў Беларусі
  13. Мішэль Бачалет пра затрыманні праваабаронцаў і актывістаў: «Такія рэпрэсіі зусім недапушчальныя»
  14. а б Мониторинг НКО в Беларуси, находящихся в процессе принудительной ликвидации и принявших решение о самоликвидации | Lawtrend — Исследования Образование Действия (руск.) (14 снежня 2021). Праверана 10 студзеня 2024.
  15. Депутаты приняли законопроект об уголовной ответственности за участие в работе ликвидированной организации (руск.)(недаступная спасылка). Медиазона Беларусь. Архівавана з першакрыніцы 10 студзеня 2024. Праверана 10 студзеня 2024.
  16. а б Улада ліквідавала арганізацыі, якія дапамагалі уязвімым. Іх месца не зойме дзяржава і бізнес . Hrodna.life (3 сакавіка 2023). Праверана 10 студзеня 2024.