Перайсці да зместу

Падводная археалогія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Падводная археалогія, гідраархеалогія — галіна археалогіі, якая займаецца вывучэннем старажытных аб’ектаў, затопленых вадой.

Узнікла ў Сярэдневякоўі з мэтай пошуку затанулых караблёў. У 1930 годзе пад кіраўніцтвам прафесара К.​ Э.​ Грыневіча вадалазы даследавалі рэшткі пабудоў старажытнагрэчаскай калоніі Херсанес. З 1937 года пад кіраўніцтвам акадэміка Р. ​А. ​Арбелі вяліся даследаванні антычнага г. Ольвія. Далейшае развіццё падводнай археалогіі звязана з вынаходніцттвам у 1943 годзе французскім даследчыкам Ж. І. Кусто і Эмілем ​Ганьянам акваланга, што дало магчымасць свабодна працаваць на глыбінях да 50 м.

У Беларусі больш за 100 гідраархеалагічных помнікаў: капішчы, старажытныя масты, месцы былых бітваў, культавыя камяні, затопленыя паселішчы, чаўны і інш. У 1907 годзе ў р. Ясельда каля вёскі Жабер Драгічынскага раёна вёўся пошук гармат, затопленых у 17 ст. (знойдзена 8 гармат). У 1920-я гады падводныя раскопкі праводзіліся на месцы пераправы войск Напалеона цераз Бярэзіну каля вёскі Студзёнка Барысаўскага раёна. Планавыя падводныя пошукі археалагічных помнікаў пачаліся ў 1979 годзе. Археалагічныя даследаванні праводзіліся каля гарадзішча Маскавічы, у рэчышчы Дзвіны на месцы знаходжання Барысавых камянёў, у р. Свіслач у Мінску, у р. Лукомка каля в. Лукомль, у возеры Іказнь каля сцен замка і інш.