Пажар Зімняга палаца

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Пажар Зімняга палаца

Пажар Зімняга палаца 17 (29) снежня 1837 года — адзін з самых грандыёзных пажараў у гісторыі Расійскай імперыі. У выніку пажару цалкам выгарэлі другі і трэці паверхі Зімняга палаца, у тым ліку інтэр’еры Б. Растрэлі, Кварэнгі, Манферана, Росі і іншых знакамітых мастакоў-афарміцеляў; загінулі многія рукапісы і хронікі падзей расійскай гісторыі (паўстанне дзекабрыстаў, руска-турэцкія вайны і г. д.), назаўжды страчаны шматлікія творы мастацтва і побыту. Пажар доўжыўся каля 30 гадзін, а сам будынак тлеў амаль тры дні. На рэстаўрацыю пашкоджанага палаца спатрэбілася больш за два гады.

Яшчэ за два дні да актыўнага ўзгарання, у фельдмаршальскай зале ля выхаду ў Міністэрскі калідор пачаў адчувацца «дымны пах». Асабліва выразным пах гару быў днём 17 (29) снежня, за некалькі гадзін да пажару. Знікнуўшы на некаторы час, ён прытупіў пільнасць насельнікаў, але зноў з’явіўся пасля 8 гадзін вечара. Па сведчанні качагараў і дровыносаў, узгаранне пачалося ў адной з дымавых труб, запоўненых сажай. У палац прыбылі пажарныя. Але спробы знайсці крыніцу ўзгарання доўгі час не прыводзілі да поспеху, нягледзячы на тое што вадой былі залітыя ўсе падазроныя шчыліны, адкуль да гэтага былі заўважаныя струменьчыкі дыму. Пачалася актыўная пошукавая дзейнасць па выяўленні ачага. Пасля першага ж удару ломам па сцяне, адна з фальшывых люстраных дзвярэй палаца павалілася, і з-за яе вырваліся языкі полымя ва ўвесь чалавечы рост, хутка перакінуўшыся ўверх па драўляных бэльках.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Санкт-Петербург. Петроград. Ленинград: Энциклопедический справочник / Ред. коллегия: Белова Л. Н., Булдаков Г. Н., Дегтярев А. Я. и др. — М.: научное издательство «Большая Российская Энциклопедия». 1992. — 687 с.; ил. ISBN 5-85270-037-1 (руск.)