Пажар у аўтобусе ў Мінску (1980)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Сучасны выгляд Запарожскай плошчы

Пажар у гарадскім аўтобусе 62-га маршрута здарыўся 3 сакавіка 1980 года на скрыжаванні вуліц Сталетава і Філімонава, Мінск. Паводле афіцыйных звестак загінулі 23 чалавекі, 9 уратаваліся.

Развіццё падзеяў[правіць | правіць зыходнік]

Падчас руху па Запарожскай плошчы (скрыжаванне вуліцы Сталетава і Філімонава) прыкладна а 11-й гадзіне рэйсавы аўтобус «Ікарус» маршрута №62 вымушана спыніўся з-за аварыі: наперадзе перакулілася цыстэрна бензавоза. Люк цыстэрны быў замацаваны шворанам толькі з аднаго боку, таму бензін выліўся на асфальт. Заўважыўшы перакулены бензавоз, кіроўцы аўтамабіляў пачалі разварочвацца, а кіроўца аўтобуса адкрыў для выхада пасажыраў пярэднія дзверы.

Людзі, аднак, не спяшаліся адыходзіць далёка ад аўтобуса, спадзяючыся, што рух неўзабаве ўзновіцца. Тым часам на плошчы з’явіўся «Масквіч» «хуткай дапамогі». Імкнучыся аб’ехаць людзей, ён заўважыў, што трапіў у лужыну бензіну і рэзка затармазіў. Аўтамабіль заглух.

Пажар, найхутчэй, адбыўся ад іскры запальвання, калі кіроўца машыны «хуткай дапамогі» паспрабаваў завесці рухавік. У лічаныя імгненні аўтобус згарэў разам з пасажырамі. Загінулі таксама ўсе, хто стаяў на асфальце ў бензіне. Калі праз некалькі хвілін на месца здарэння прыехалі пажарныя, агонь быў пагашаны за 15 секунд, але выратоўваць не было каго. Тэмпература гарэння была такая, што ў аўтобусе поручні выгарэлі амаль да асновы:

Пажар загасілі за 15 секунд. Уласна, тушыць было амаль няма чаго: акрамя чалавечых целаў у аўтобусе нічога не гарэла. Але тэмпература агню была высокая: поручні, напрыклад, абгарэлі ўшчэнт. Можна ўявіць, што засталося ад пасажыраў. Калі загасілі агонь, першае, што кінулася ў вочы, быў твар начальніка варты. Маску жаху, што застыла на твары пажарнага, я памятаю дагэтуль. І ніводны фільм жахаў нават блізка не здолее перадаць карціну, што адкрылася нашым вачам.

— Олег Гавдурович «Огни большого города» // «БелГазета» 20 кастрычніка 2003

Загінулі 23 чалавекі (у тым ліку кіроўца аўтобуса). Уратаваліся 9 пасажыраў, якія здолелі выскачыць з аўтобуса, калі кіроўца адчыніў усе дзверы. Міліцыя і ўрачы адмовіліся пераносіць рэшткі загінулых для транспарціроўкі ў морг, гэтым давялося займацца пажарным.

Жалоба з нагоды трагедыі не была абвешчана, улады замаўчалі трагедыю[1]. З-за мяжы звесткі пра трагедыю падаваліся, у прыватнасці, радыёстанцыяй «Голас Амерыкі»[2].

Наступствы[правіць | правіць зыходнік]

Вінаватымі ў трагедыі прызналі кіроўцаў бензавоза і «Масквіча», іх асудзілі на 12 і 5 гадоў пазбаўлення волі адпаведна. Праз паўтары гады пасля вызвалення кіроўца бензавоза памёр.

Дзяржава ўзяла на сябе выдаткі па арганізацыі пахаванняў загінулых. Тым, хто застаўся ў жывых і меў патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, выдзелілі кватэры і сплацілі па тры тысячы рублёў.

Гарадскія ўлады дзеля пазбягання падобных аварый прынялі рашэнне абмежаваць рух бензавозаў па Мінску і зачыніць шэраг АЗС, што знаходзіліся ў нэпасрэднай блізкасці да жылога сектара.

Зноскі

  1. Елена Анкудо Огни большого города (руск.) .
  2. Виктор Федорович Лимиты на смерть и масштабы соболезнования (руск.) .

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Елена Анкудо. «Огни большого города» // «БелГазета» 20 кастрычніка 2003
  • Светлана Барашкова. «Автобус в преисподнюю» // «Рэспубліка» № 99 (4036) 2 чэрвеня 2006
  • Виктор Федорович. «Лимиты на смерть и масштабы соболезнования» // «Белорусские новости» 3 лістапада 2010