Пазырыкская культура
Пазырыкская культура Жалезны век | ||||
---|---|---|---|---|
![]() | ||||
Геаграфічны рэгіён | Алтай | |||
Лакалізацыя | Расія, Казахстан | |||
Датаванне | VI стагоддзе да н.э. — II стагоддзе да н.э. | |||
Носьбіты | скіфы | |||
Тып гаспадаркі | жывёлагадоўля | |||
Даследчыкі | С. І. Рудзенка | |||
Пераемнасць | ||||
|
||||
![]() |
Пазыры́кская культура — археалагічная культура ранняга жалезнага веку ў Алтаі ў VI — II стагоддзях да н.э.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Першыя раскопкі помнікаў Пазырыкскай культуры адбыліся ў 1865 г. У 1929 г. быў даследаваны курган ва ўрочышчы Пазырык на тэрыторыі Горнага Алтая. У 1944 г. С. І. Рудзенка ўпершыню ўзгадаў у публікацыі асобную «культуру алтайскіх скіфаў». У 1954 г. у рэцэнзіі на кнігу С. І. Рудзенка было сфарміравана паняцце Пазырыкская культура. Да 2009 г. было вывучана болей за 1000 яе помнікаў. Даследаванні працягваюцца і ў нашы дні.
Знаходкі
[правіць | правіць зыходнік]Пазырыкская культура вядома пераважна дзякуючы раскопкам пахавальных помнікаў. Найбольш славуты курганныя некропалі ва ўрочышчы Пазырык і плато Укок. Яны змяшчалі лінзы мерзлаты ў пахавальных камерах, дзякуючы якім захаваліся муміфікаваныя рэшткі людзей, высокамастацкія прадметы з дрэва, скуры, футра і г. д. Курганы ўзводзіліся з камення. У звычайных памерлых качэўнікаў яны мелі дыяметр 7 — 20 м, размяшчаліся ланцужкамі. Ім спадарожнічалі шэрагі каменных ахвярнікаў і вертыкальных камянёў. Курганы эліты дасягалі ў дыяметры 50 м. Пад насыпам кургана ўладковалася звычайна 1 магіла глыбінёй 1,5 — 5 м. У магіле будавалася часам досыць складаная канструкцыя з бярвення або зруб-пахавальня. Пахаванага ў залежнасці ад яго сацыяльнага статуту змяшчалі на драўлянае ложа, ложак або ў калоду. Памерлыя ляжаць на правым баку ў скурчаным стане галавой на ўсход.
Пахаваныя мужчыны былі апрануты ў ваўняныя штаны і высокія лямцавыя боты, футра або кажух, лямцавы капялюш. Усё гэта ўпрыгожана мастацкімі аплікацыямі, драўлянымі фігуркамі жывёл, пакрытымі залатой фальгой. Жанчын хавалі ў ваўняных спадніцах і шаўковых кофтах. У мужчынскіх магілах змяшчалі баявую зброю або яе драўляную імітацыю. Ва ўсіх без выключэння магілах змяшчалі 3 пасудзіны, драўляны сподак з нажом і курдзючнай часткай барана, драўляны або рагавы грэбень, бронзавае люстэрка ў чахле. Сустракаюцца і іншыя вырабы. Акрамя таго, у залежнасці ад маёмаснага і сацыяльнага статусу ў пахаванне клалі розную колькасць коней (ад 1 да больш за 10). Коні наскуджаны, асядланы. Конская вупраж упрыгожана высокамастацкімі драўлянымі бляхамі, пераважна ў выглядзе грыфонаў. На сёдлах лямцавыя покрыўкі з аплікаваным раслінным арнаментам і выявамі сцэн, выкананых у мясцовым «звярыным стылі».
У 1993 г. падчас раскопак на плато Укок паўзруйнаванага кургана была знойдзена калода, запоўненая льдом. У ёй захоўвалася цела маладой жанчыны, апранутае у белую шаўковую кашулю і футра. На руках выявіліся шматлікія татуіроўкі. Частка прычоскі мела штучныя ўкладкі з лямцу. Было вызначана, што жанчына памерла ад раку малочнай залозы. Знаходка стала вядома як «прынцэса Укока». Выманне муміі з кургана і яе перавоз у Новасібірск выклікалі незадаволенасць алтайцаў. У 2014 г. рада старэйшын Рэспублікі Алтай прыняла рашэнне зноў пахаваць «прынцэсу», каб спыніць стыхійныя бедствы, што быццам бы пачаліся пасля знаходкі. Аднак рашэнне не было выкананаз-за ўмяшання Міністэрства культуры Расіі.
Грамадства
[правіць | правіць зыходнік]Генетычныя даследаванні рэштак носьбітаў Пазырыкскай культуры паказалі, што яны належалі пераважна да індаеўрапейцаў, але выяўлены і пахаванні самадыйцаў[1][2]. Галоўны цэнтр культуры месціўся ў горных раёнах з кліматам, найболей спрыяльным для пасялення чалавека. Тут было вядома земляробства, вырошчванне збожжавых культур, пра што апавядаюць знаходкі зерневых тарак і цяжкіх каменных жорнаў. Аднак галоўным заняткам была адгонная жывёлагадоўля. Пазырыкцы трымалі коней і авечак. Дапаможнае значэнне мелі рыбалоўства і паляванне. Будавалі бервяныя хаціны. Культурны пласт на месцы паселішчаў не вялікі, што можа сведчыць пра частыя перамяшчэнні.
Розніца ў памерах і начынні пазырыкскіх курганаў падкрэслівае сацыяльную распластаванасць грамадства. Яно ўзначальвалася ваеннымі правадырамі. Наяўнасць ваенізаванай структуры падкрэсліваюць знаходкі зброі нават у дзіцячых пахаваннях. Аснову воінскіх сіл складалі атрады вершнікаў, узброеных лукамі і стрэламі. Доўгія лукі (каля 110 см) склейваліся з чатырох пластоў дрэва. Былі вядомы і маленькія лукі з доўгімі, плаўнымі выгінастымі дзяржальнямі і невялікімі загнутымі канцамі. У блізкім баі пазырыкцы выкарыстоўвалі жалезныя і бронзавыя лёзы, насаджаныя на доўгія драўляныя дзяржальні, а таксама кінжалы з характэрным перакрыжаваннем у форме прамога бруса. Ахоўным узбраеннем з'яўляліся наборныя шчыты.
Пазырыкцы падтрымлівалі гандлёвыя сувязі з іншымі іранскімі народамі аж да імперыі Ахеменідаў, цывілізацыямі Кітая і Індыі.
Заняпад Пазырыкскай культуры звязваюць з нашэсцем хуну, якія часткова асімілявалі мясцовых насельнікаў, часткова выціснулі іх на поўнач.
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]-
Мумія «прынцэсы Укока»
-
Воз
-
Выявы на дыване з урочышча Пазырык
-
Зааморфная татуіроўка, IV ст. да н. э.