Пай-тавітэра

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Пай-тавітэра
(paĩ-tavyterã)
Агульная колькасць 15000 (2021 г.)
Рэгіёны пражывання Парагвай
Мова гуарані пай-тавітэра
Рэлігія шаманізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы іншыя гуарані

Пай-тавітэра (саманазва paĩ-tavyterã), каагуа (ісп.: ka'aguás) — індзейскі народ у Паўднёвай Амерыцы. Жывуць у Парагваі, пераважна ў дэпартаменце Амамбай. Агульная колькасць (2021) — 15 000[1].

Пай-тавітэра — нашчадкі груп гуарані, што насялялі ў дакалумбавы перыяд тэрыторыі на ўсход ад ракі Парана. У XVII ст. большасць з іх далучылася да езуіцкіх місій. Аднак частка імкнулася захоўваць традыцыйны лад жыцця. Пад ціскам іспанскіх езуітаў з аднаго боку і бразільскіх бандэйрантаў з другога боку гэтыя групы адступілі ў лясны рэгіён Амамбай. У 1870 г. ён быў падзелены паміж дзяржавамі Парагвай і Бразілія. Тыя гуарані, што засталіся на тэрыторыі Парагвая, склалі супольнасць пай-тавітэра. Тыя, чые землі былі далучаны да Бразіліі, сёння вядомы як каюва.

Пай-тавітэра аб'яднаны ў 39 абшчын, што маюць калектыўнае права на занятыя імі землі. Асноўны занятак — сельская гаспадарка, у тым ліку камерцыйнае вырошчванне хмызняку ерба, цытрусавых і рысу. Паляванне, што ў мінулым з'яўлялася асноўнай эканамічнай дзейнасцю, мае толькі дадатковы характар. Жанчыны вырабляюць для хатніх патрэб кераміку, мужчыны плятуць з пальмавых валокнаў гамакі і цыноўкі. У паселішчах пай-тавітэра захаваліся вялікія абшчынныя хаціны, у якіх у старажытнасці жылі насельнікі адной вёскі. У нашы дні такія хаціны выкарыстоўваюцца для падрыхтоўкі супольных свят і рытуалаў.

Нароўні з хрысціянствам пай-тавітэра спавядаюць традыцыйную рэлігію, у аснове якой палягае вера ў дасягненні «краіны без зла». Рэлігійны лідар адначасова выконвае ролю правадыра. Ён арганізуе абрады, займаецца лекаваннем супляменнікаў.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]