Перайсці да зместу

Паланінскі хрыбет

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Паланінскі хрыбет
укр. Полонинський хребет
Краіна
Горная сістэмаУсходнія Карпаты 
Найвышэйшая вяршыняСцій 
Вышыня1681,5 м 
Паланінскі хрыбет (Украіна)
Паланінскі хрыбет
Паланінскі хрыбет (Карпаты)
Паланінскі хрыбет
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Паланінскі хрыбет (укр.: Полонинський хребет) — пояс сярэдневышынных гор ва Усходніх Карпатах, на тэрыторыі Украіны, у Закарпацкай вобласці.

Працягнуўся з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход амаль на 140 км (ад хрыбта Сцінка на правабяэжжы р. Уж да р. Тэрэсва), найвышэйшы пункт 1681,5 м (г. Сцій). Даліны рэк Уж, Латарыцы, Вічы, Рыкы і Тэрэблі раздзяляюць хрыбет на асобныя фрагменты — своеасаблівыя горныя масівы, прадстаўленыя групамі з выцягнутых уздоўж і папярэчных хрыбтоў, расчлянёных густой рачной сеткай. У межах пояса бяруць пачатак рэкі Люта, Турыца, Тур’я, Баржава, Вялікая Уголька, Малая Уголька, Лужанка і інш.

Складзены пераважна з пясчанага і пясчана-гліністага флішу мелавога і палеагенавага ўзросту. Адсутнасць рыхлых гліністых тоўшч абумовіла яго масіўнасць, характэрную таксама для хрыбтоў Свідовецка-Чарнагорскай групы, з якімі Паланінскі хрыбет утварае араграфічную вось Украінскіх Карпат — іх найвышэйшую частку. Адносна выраўнаваныя водападзельныя паверхняі (паланіны) уяўляюць сабой участкі прыўзнятага пенеплена, які сфарміраваўся ў міяцэне.

Рэльеф характарызуецца значнымі адноснымі перавышэннямі (да 1000—1200 м), глыбока ўрэзанымі далінамі рэк, якія месцамі маюць выгляд цяснін з высокімі і крутымі схіламі, значным пашырэннем бязлесых паланін (г.зн. пашаў, за што хрыбет і атрымаў сваю назву). Асіметрыя папярэчнага профілю асобных хрыбтоў і горных масіваў уласціва перадусім гарам Баржавы і Краснай. Формы ледавіковага рэльефу, такія як кары і невялікія валы марэн, трапляюцца толькі ў паўночна-заходняй частцы Баржавы.

Для Паланінскага хрыбта характэрна яруснасць ландшафтаў, пры тым крутасхілавае лясістае сярэднягор’е (да вышыні каля 1200 м) займае да 70 % агульнай плошчы. Пераважаюць высокапрадукцыйныя букавыя і букава-піхтава-яловыя лясы на буразёмах. Вышэй за 1200—1400 м — ярус паланінскага сярэднегор’я з пусткамі і лугамі на горна-лугавых і тарфяных глебах. Найвышэйшыя вяршыні і прывяршынныя паверхні ўкрыты альпійскай расліннасцю.