Палац

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Англійскі палац Касл Ховард (пач. XVIII ст.)

Пала́ц — манументальны парадны будынак з вялікай колькасцю разнастайных памяшканняў. У першапачатковым значэнні — жыллё знаці, месца афіцыйных прыёмаў. У старажытна-ўсходніх антычных, феадальных дзяржавах палацы складалі цэлыя комплексы з жылых, культавых і дапаможных памяшканняў (Рамесеум у Старажытным Егіпце, 13 ст. да н. э.). У сярэдневяковай Еўропе палацамі феадалаў былі замкі. У эпоху Адраджэння ў Фларэнцыі сфарміраваўся новы тып асабняка-палаца. У 16—18 ст.,у эпоху абсалютызму ствараліся вялікія палацы (Луўр у Парыжы, Эскарыял каля Мадрыда) і палацава-паркавыя ансамблі (Версаль каля Парыжа і інш.).

На Беларусі ў 14—16 ст. мураваныя палацы будавалі ўнутры замкаў, іх архітэктура мела рысы готыкі і рэнесансу. Мураваным палацава-замкавым пабудовам 16—17 ст. характэрна сумяшчэнне рыс абарончага і грамадзянскага дойлідства. Драўляныя звычайна 1- ці 2-павярховыя палацы канца 16 — 1-й пал. 17 ст. мелі рысы стылю рэнесансу. Фасады аздабляліся аркаднымі галерэямі, дахі з вежачкамі, купаламі, каванымі пазалочанымі флюгерамі складанай формы. Замкавыя палацы мелі абарончыя прыстасаванні ў выглядзе абламаў. У 18 ст. склаўся тып развітога барочнага палацава-паркавага ансамбля, якому характэрны буйнамаштабнасць, паўадкрытыя парадныя двары, рэгулярныя паркі з вадаёмамі і малымі архітэктурных формамі, шэраг службова-гаспадарчых пабудоў. У будаўніцтве палацаў удзельнічалі вядомыя архітэктары I. К. Глаўбіц, М. Д. Пёпельман, Джузэпэ Сака, К. Спампані і інш. У 2й пал. 17 — 18 ст. барочныя палацы з флігелямі-крыламі нярэдка ўтваралі замкнёны парадны двор — курданёр. Многія палацы былі значнымі па памерах манументальнымі збудаваннямі з мезанінамі, складанымі яруснымі або ламанымідахамі. Архітэктура палацаў 3-й чвэрці 18 ст. мела рысы ракако ці пераходныя да стылю класіцызму. У дэкоры ўжывалі ордэрную пластыку, арнаментальную і геральдычную лепку. Пераважала сіметрычна-восевая анфіладная планіроўка, у якой вылучаліся парадныя памяшканні — вестыбюль з лесвіцай, цэнтрычная зала (круглая ці квадратная, часта перакрытая купалам).У канцы 18 — 1-й пал. 19 ст. Мастацка-стылявое вырашэнне палацаў грунтавалася на прынцыпах стылю класіцызму. У планіроўцы пераважала калідорная сістэма з цэнтральнай групай парадных памяшканняў. Палацава-паркавыя ансамблі найчасцей мелі пейзажную арганізацыю навакольнага асяроддзя. У сярэдзіне 19 — пач. 20 ст. стылявое адзінства ў палацавым будаўніцтве парушана. Пашырыліся палацы ў рэтраспектыўна-замкавым стылі, рэнесансавыя, у стылі неакласіцызму, несапраўднай готыкі, мадэрна, неабарока і інш. Тэрмін «палац» у сучаснай архітэктуры не звязаны з пэўным тыпам збудавання — палац культуры, палац мастацтваў, палац шлюбу і інш.