Палацава-паркавы комплекс Горватаў (Нароўля)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Палацава-паркавы комплекс
Палацава-паркавы комплекс Горватаў
Палац Горватаў на фотаздымку пач. XX ст.
Палац Горватаў на фотаздымку пач. XX ст.
51°48′22″ пн. ш. 29°30′04″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Горад Нароўля
Архітэктурны стыль класіцызм
Заснавальнік Даніл Ігнатавіч Горват
Дата пабудовы XIX ст.
Будынкі:
палац • фантан • гаспадарчыя і вытворчыя пабудовы • альтанка • парк
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 312Г000536шыфр 312Г000536

Палацава-паркавы комплекс Горватаў — помнік архітэктуры класіцызму першай паловы XIX ст., размешчаны з паўночна-ўсходняга боку г. Нароўлі (Нараўлянскі раён) на правым беразе ракі Прыпяць. Закладзены ўладальнікам вакольных зямель Данілам Ігнатавічам Горватам.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Сучасны стан палаца
Інтэр'ер палаца ў пач. XX ст.

Палац уяўляе сабой двухпавярховы будынак з умацаванымі сценамі таўшчынёй да 1 метра. Па цэнтры галоўнага і бакавых фасадаў плоскія рызаліты з уваходнымі парталамі і тэрасамі. Вуглы дваровага фасада фланкіраваныя гранёнымі эркерамі. Развітыя лесвіцы ў мінулым падводзілі да ўваходаў з чатырох бакоў будынка. Плоскасць сцен другага паверху па ўсім перыметры ўпрыгожана пілястрамі. Галоўны фасад завершаны прамавугольным атыкам, на якім раней быў надпіс: «DIH 1850 г. » (абазначаў дату пабудовы і імёны ўладальнікаў Даніэля (D) і Іфігеніі (I) Горватаў (H). На цокалях паўднёвага фасада ляжалі бронзавыя львы, якія былі схаваны пад час фашысцкай акупацыі ў 1941 г. і да нашага часу не знойдзены. На цокалях паўночнага фасада ляжалі сфінксы.

Планіроўка калідорная з вестыбюлем і квадратнай залай у цэнтры. У афармленні інтэр'ера выкарыстаныя арачныя нішы. Тадэвуш Раствароўскі, які меў сяброўскія адносіны з гаспадарамі сядзібы, аздобіў плафоны(руск.) бел. залаў палаца сцэнамі з антычнымі міфалагічнымі сюжэтамі.

Парк[правіць | правіць зыходнік]

Вароты

Парк пейзажнага тыпу плошчай 8,2 га быў разбіты адначасова з будаўніцтвам палаца і канчаткова сфармаваўся да 1870 г. У парку растуць пераважна мясцовыя пароды дрэў: дуб, ясень, ліпа, елка, сасна. Пераважаюць маладыя пасадкі. Кампазіцыйна ён падзелены на два ўчасткі насаджэннямі граба. У паўднёвай частцы знаходзіцца палац, перад якім арганізаваны вялікі круглы газон. Па восі палаца размешчаны выязныя вароты, пабудаваныя з цэглы па праекце Тадэвуша Раствароўскага. Ад іх на працягу 1,5 км у паўднёвым напрамку пралягае часткова ацалелая алея італьянскіх таполяў (зараз вул. Кастрычніцкая). Не захавалася каштанавая алея, якая вяла да сядзібы і была арыентавана на поўнач з выгінам на ўсход. Прыблізна пасярэдзіне яе была стайня, дзе трымалі коней для выездаў.

Раней на месцы, дзе зараз размяшчаецца стадыён, быў стаў. Існуе легенда, што ў ім патанула адзіная дачка Д. Горвата. Няўцешны бацька загадаў засыпаць вадаём і засеяць гэтае месца травой.

Альтанка-маяк
Капліца

У свой час парк быў насычаны элементамі малых архітэктурных форм. У паўночнай частцы парку працякае рэчка Нараўлянка, уздоўж якой пракладзена дарожка да своеасаблівай паркавай альтанкі. Альтанка ўяўляе сабой трох'яруснае квадратнае ў плане мураванае збудаванне, зробленае ў выглядзе маяка ў стылі ампір. Ніжні ярус умацаваны вуглавымі контрфорсамі і завершаны дарычным фрызам. Другі ярус скразны, з вялікімі паўцыркульнымі арачнымі праёмамі з чатырох бакоў. Вуглы аздоблены 3/4 калонамі са своеасаблівымі капітэлямі. Верхні ярус-ратонда з шасцю калонамі карынфскага ордара, завершаная паўсферычным купалам з вазай. У дэкоры — маскароны, разеткі, гірлянды, акантаваны арнамент, валюты, іонікі і інш. З альтанкі адкрываўся від на месца ўпадзення Нараўлянкі ў Прыпяць. У гэтай частцы парку размяшчалася капліца-пахавальня. Да нашага часу тут захавалася каменнае надмагілле аднаго з членаў сям'і Горватаў.

Фантан

Шырокая лесвіца з боку фасада палаца, арыентаванага на р. Прыпяць, вядзе да тэрасы, на якой размяшчаўся фантан, пабудаваны ў стылі ампір. Фантан уяўляе сабой басейн са скругленымі вугламі, з двух бакоў абрамлены паўкруглымі лаўкамі з усталяванымі адзін супраць аднаго манументальнымі тронамі на ляпных ільвіных лапах. Па цэнтры басейна на нізкім цыліндрычным цокалі была ваза, якую трымалі сірэны.

На паўночным усходзе ад сядзібы размяшчаўся ружоўнік, на захадзе – лядоўня і аранжарэя. У палацава-паркавы ансамбль уваходзяць таксама некаторыя былыя гаспадарчыя пабудовы.

Цукерня[правіць | правіць зыходнік]

У 1913 г. на тэрыторыі сядзібы Горват пабудаваў цукерню. Захаваліся вытворчыя будынкі, зробленыя з чырвонай цэглы ў эклектычным стылі, у якім спалучаюцца рысы раманскага (аркатура, байніцы) і гатычнага стыляў (стральчатыя аркі і праёмы).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с.: іл. — ISBN 5-85700-078-5.
  • Ваньковичи / Департамент по архивам и делопроизводству Министерства юстиции Республики Беларусь [и др.] ; сост.: Н.А. Голубева, Н.М. Усова, Л.В. Языкович ; под научной редакцией В.И. Прокопцова. — Минск : БелЭн, 2012. — 442 с.
  • Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / Склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — ISBN 978-985-6828-35-8.
  • Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — Wrocław – Warszawa – Kraków : Zaklad im Ossolinskich, 1991. — Cz. 1. Wielkie księstwo Litewskie. Inflanty. Kurlandia. — T. 1. Województwa mińskie, mścisławskie, połockie, witebskie. — 352 s.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]