Палацава-паркавы комплекс Дзяконскіх (Магілёўцы)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Палацава-паркавы комплекс Дзяконскіх
Будынак былой сядзібы ў парку
Будынак былой сядзібы ў парку
52°52′11″ пн. ш. 24°40′38″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Дата заснавання XVIII стагоддзе
Вядомыя жыхары Альбін Міхал Дзяконскі
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 113Г000625шыфр 113Г000625
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Палацава-паркавы комплекс Дзяконскіх — помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва ХVIII стагоддзя ў вёсцы Магілёўцы Пружанскага раёна. Палац у цяперашні час займае Брэсцкая абласная псіхіятрычная бальніца «Магілёўцы»  (ВД).

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У валоданні Быхаўцаў[правіць | правіць зыходнік]

Сядзіба належала старадаўняму роду Быхаўцаў. Заснавальнікам роду быў Міцько Быхавец, які меў сыноў Васіля (Тышко), Васько і Андрэя. Баяры смаленскія Васіль і Васько атрымалі Магілёўцы, Лыскава і многія іншыя маёнткі і фальваркі (Лібярполь, Гута, Разалін) ў XVI ст. за верную службу каралю польскаму і вялікаму князю літоўскаму Жыгімонту I Старому[1].

На думку Рамана Афтаназы, аднапавярховы дом быў пабудаваны ў сярэдзіне XVIII стагоддзя Быхаўцамі, а прыблізна праз 100 гадоў значна павялічаны за кошт дабудовы бакавых крылаў[2].

Да 1863 года маёнткам Магілёўцы валодаў Аляксандр Быхавец, ад якога ён перайшоў да яго сыноў Казіміра і Сяргея, генерал-маёраў расійскага войска.

У валоданні Дзяконскіх[правіць | правіць зыходнік]

У канцы 1870 — пачатку 1880-х гадоў, пасля смерці братоў Казіміра і Сяргея Быхаўцаў, якія не пакінулі нашчадства, вялікі родавы маёнтак Магілёўцы перайшоў да Казіміра Дзяконскага (? — 1913), сына іх сястры Юліі (1825—1858) ад Яўстафія Дзяконскага (1820—1894). На той час маёнтак налічваў 3 607 дзесяцін зямлі. Сярэдні валавы прыбытак з яго складаў каля 6 650 рублёў срэбрам[2].

Казімір Дзяконскі ажаніўся са Стэфаніяй з Талочкаў, дачкой уладальнікаў маёнтка Вердамічы Эдварда Талочкі і Марыі з роду Маршалковічаў[2].

Няпярэдадні Першай сусветнай вайны маёнтак у Магілёўцах быў цэнтрам мясцовага свецкага жыцця[2].

Дзяцей пара не мела. У красавіку 1909 года Казімір Дзяконскі склаў тэстамент, паводле якога ён пакінуў сваю спадчыну жонцы Стэфаніі «за выключэннем родавых нерухомых маёмасцяў». Аднак, Стэфаніі пакідалася права пажыццёва валодаць гэтай родавай маёмасцю. Доля Стэфаніі складала 1/7 частку маёнтку Магілёўцы.

Каля 1910 года Стэфанія і Казімір вырашылі ўсынавіць свайго далёкага родзіча, васямнаццацігадовага юнака Альбіна Міхала Дзяконскага (1892—1940). Бацькі яго далі згоду. Пагадненне гэтае трымалася ў сакрэце і стала вядомым толькі пасля смерці Казіміра, аднак, афіцыйна не было аформлена[2].

Афіцыйна сваю маёмасць мог пакінуць жонцы і брату Юліяну, таксама бяздзетнаму ўдаўцу. Пасля смерці мужа ў 1913 годзе Стэфанія пачала ўладкоўваць спадчынныя справы такім чынам, каб захаваць свае інтарэсы і пакінуць маёмасць Альбіну. Большая частка маёнтка Магілёўцы адносілася да катэгорыі родавых, а значыць атрымаць іх мог бліжэйшы родзіч мужчынскага полу. З той прычыны, што Альбін не быў усыноўлены, 6/7 частак маёнтку Магілёўцы пераходзіла ва ўладанне брата Казіміра, Юліяна[2].

У снежні 1913 года было складзена пагадненне паміж Стэфаніяй, Альбінам і бацькамі Альбіна. Пагадненне абвяшчала згоду ўсіх бакоў на імкненне перадаць Альбіну маёнтак Магілёўцы, а Стэфаніі пры гэтым быў забяспечаны грашовы штогадовы прыбытак і пражыванне ў доме. Размова ішла нават пра тое, што Альбін купіць у яе 1/7 частку маёнтку[2].

У сакавіку 1914 года да маёнтка Магілёўцы належалі фальваркі Разалін, Янін, Лібертполь, Гута і хутары Копань, Полька, Сосенкі і Крупа. Агулам маёнтак з фальваркамі і хутарамі складаў 5081 дзесяцін зямлі, з іх 3607 дзесяцін зручнай і 1474 дзесяцін незручнай зямлі[2].

У часы Першай сусветнай вайны дом і гаспадарка значна пацярпелі. Перасоўванні войска прыносілі значны ўрон, гэта былі патравы збожавых і рэквізіцыі. У верасні 1915 года ў маёнтку Магілёўцы рэквізіцыю жыта, аўсу, пшаніцы, канюшыны, вікі, саломы і бульбы праводзіў маршалак шляхты Гарадзенскага павета, у чым выдаў квітанцыю на 120 000 рублёў прадстаўніку Дзяконскай, яе брату Юліяну Эдуардавічу Талочку[2].

Альбін Дзяконскі, апошні ўладальнік Магілёўцаў

У 1920 годзе былі зроблены падлікі стратаў маёнтка ад расійскіх і нямецкіх войск. Верагодна, кампенсаваць маглі толькі тое, што было занатавана на паперы. Рэквізіцыя прадуктаў на суму 120 610 рублёў на патрэбы расійскага войска склала 8 % ад перадваеннага кошту маёнтка (1,5 млн рублёў). У лютым 1916 года расійскія ўлады кампенсавалі Стэфаніі 104 410 рублёў. Страты ад дзеянняў немцаў склалі 9 % ад кошту маёнтку або 161 049 рублёў, якія ніхто не кампенсаваў. З дакументаў відаць, як значна ад немцаў у 1915—1918 г. пацярпеў дом Дзяконскіх і прыватныя рэчы гаспадароў. У спісе забраных немцамі прадметаў значыцца вопратка, абутак, коўдры, залатыя ўпрыгажэнні, калье з манетаў. Рэквізавалі таксама мэблю з кабінета і сталовай — шафу, камод, столікі. Аднак, упраўляючаму немцы выдалі даведкі аб рэквізіцыі[2].

У 1916 годзе Стэфанія Дзяконская ўсынавіла Альбіна Міхала і арганізавала яго шлюб з Соф’яй Малінскай (1893—?). У кастрычніку 1921 года Стэфанія пакінула тэстамэнт на карысць Альбіна Міхала. Стэфанія Дзяконская памерла ў 1924 годзе ў Магілёўцах ва ўзросце 58 гадоў ад анеўрызмы сэрца і была праз тыдзень пахавана побач з мужам на могілках каля касцёла Сэрца Хрыстовага ў Лыскаве[2].

Пасля ўварванні савецкіх войскаў на тэрыторыю Заходняй Беларусі ў верасні 1939 года паэт Альбін Дзяконскі быў арыштаваны і перавезены ў Мінск, дзе перабываў прынамсі да сакавіка 1940 года. Далейшы яго лёс невядомы. Жонка Дзяконскага выехала ў Варшаву. Родавая капліца Быхаўцаў была знішчана, парк закінуты. Палац у цяперашні час займае псіхіятрычная бальніца[3].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Сядзібны дом

Аднапавярховы палац у Магілёўцах быў узведзены ў сярэдзіне XVIII стагоддзя на высокай тэрасе ракі Мушкі.

Капліца
Асіметрычны паркавы фасад

Палац быў арыентаваны на поўдзень. Яго пакрываў высокі чатырохсхільны гонтавы дах. Будынак меў у плане форму прамавугольнікам і вылучаўся масіўным ганкам. Некаторая перабудова палаца была праведзена ў сярэдзіне XIX стагоддзя. Крылы палаца былі падоўжаны, а цэнтральная частка складалася з высокага порціка на 4 іанічных калонах. Падобны порцік меўся з паркавага боку, але быў асіметрычны параднаму, таму што на цэнтральнай восі палаца знаходзілася сямейная капліца з зашклёнымі сценамі, накрытая шатровым дахам. Капліца была пабудавана ў сярэдзіне XVIII стагоддзя. У плане яна была васьмерыковай на высокім фундаменце[1].

Сядзіба з боку ракі

Палац быў атынкаваны і пафарбаваны ў белы колер. Унутраныя пакоі былі высцелены дубовым паркетам і багата аздоблены. Прыгажосцю вылучалася мэбля палаца ў стылі ампір, аздобленая бронзай. На сценах меліся партрэты продкаў, у зашклёных шафах — значны збор саксонскага фарфоравага посуду на 100 асоб. На сценах віселі карціны, бронзавыя кандэлябры. Цікава былі аздоблены чаканільярдная, музычны салон, сталовая, кабінет, спальні, пакоі для адпачынку і гасцявыя пакоі (на другім паверсе). У іх меліся кафляныя печы, каміны, паркетныя падлогі з дуба і ясеня.

У пакоі, які насіў назву «скарбца», меліся краты, так як там змяшчаўся вельмі каштоўны збор старадаўняй зброі і манет. Унутраная прастора бібліятэкі была аформлена мэбляй з карэльскай бярозы, вялікім круглым сталом на 20 асоб, 3 жырандолямі з каляровага венскага шкла. Кнігазбор складаўся з 3 тысяч тамоў. У цэнтры бібліятэкі стаяў вялікі стол, а ўздоўж сцяны дыван, разлічаны на 20 чалавек. Каля сцен стаялі шафы з кнігамі. У нішах віселі жырандолі з каляровага венецыянскага шкла[1].

У кніжным зборы мелася каля 3 тыс. кніг, у тым ліку ўнікальны рукапіс Беларускага летапісу (так званая «Хроніка Быхаўца»), створанага ў 60 — 70-я — гажы XVI стагоддзя на старабеларускай мове кірыліцай. У творы змяшчалася гісторыя Вялікага Княства Літоўскага ад легендарных часоў да 1506 года. У 1834 годзе Аляксандр Быхавец перадаў гэты твор гісторыку Тэадору Нарбуту, які ў гэты час працаваў над 10-томнай «Старажытнай гісторыяй літоўскага народа»[1].

Парк[правіць | правіць зыходнік]

Гранітны стол у парку
Парк

Каля сядзібы меўся стары парк. У ім раслі векавыя ліпы, клёны, таполі. Вакол палаца знаходзіліся вялікія газоны, клумбы і кусты. Невялікая частка парку, абнесеная нізкім мурам з боку параднага ўезда, называлася «цялятнікам» і была абсаджана мноствам кветак у адпаведнасці з порамі года. Парк спускаўся ў нізіну і называўся там «звярынцам». У ім мелася маляўнічая сажалка з белымі лілеямі. У парку быў пастаўлены стол на невялікай гранітнай ножцы. Пры Дзяконскіх парк перапланавалі. Ад старой кампазіцыі засталіся 37 ліпавых дрэў, якія вялі да партэра. Зараз, у сувязі з існаваннем на тэрыторыі сядзібы бальніцы, захавалася толькі частка гэтага паркавага комплексу — невялікія пералескі, дрэўныя групы з лістоўніц, ліп, бяроз, соснаў, елак, клёнаў, таполяў белых, псеўдатсугі Мензіса (Pseudotsuga menziesii), чарнаклёнаў[1].

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларусь: Энцыклапедычны даведнік. — Мн., 1994. — 800 с.
  • Мысляры і асветнікі Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн., 1995. — 671 с.
  • Несцярчук Л. М. Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны Х — XX ст.ст. — Мн., 2002. — 336 с.
  • Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Пружанскага раёна — Мн., 1992. — 456 с.
  • Пружаншчына літаратурная // Раённыя будні. 1998. 26 мая.
  • Сліж Н. Статус жанчыны-шляхцянкі ў ВКЛ (XVI—XVIII ст.ст.) // Беларускі гістарычны часопіс. 1996. № 4. с. 57 0 67.
  • Федорук А. Т. Старинные усадьбы Берестейщины (руск.) / А. Т. Федорук; ред. Т. Г. Мартыненко. — 2-е изд. — Мн.: БелЭн, 2006. — 576 с: ил. — 1 500 экз. — ISBN 985-11-0383-7.
  • Ходзін С. Летапісанне на Беларусі // Беларускі гістарычны часопіс. 1997. № 2. с. 81 — 94.
  • Терехова В. И курганы, и битвы, и память, и жизнь… // Беларуская думка. 1993. № 7. с. 49 — 51.
  • Ходзін С. Летапісанне на Беларусі // Беларускі гістарычны часопіс. 1997. № 2. с. 81 — 94.
  • Церахава В. Хроніка Быхаўца // Берасцейскія карані. — Брэст., 1998. — с. 194—196.
  • Церахава В. Хроніка Быхаўца // Раённыя будні. 1997. 8 верасня.
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — т.2. — Мн., 1994. — 537 с.
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — т. 6. — ч. 1. — Мн., 2003. — 616 с.
  • Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя. — Мн., 1989. — 575 с.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]