Палацава-паркавы комплекс Умястоўскіх (Жамыслаўль)
Славутасць | |
Палацава-паркавы комплекс Умястоўскіх | |
---|---|
![]() | |
54°07′56″ пн. ш. 25°45′55″ у. д.HGЯO | |
Краіна |
![]() |
Вёска | Жамыслаўль |
Архітэктурны стыль | неакласіцызм |
Дата пабудовы | 1870-я |
Будынкі | |
палац • дзве афіцыны • лядоўня • будаўнічы склад | |
Статус |
![]() |
![]() |
Палацава-паркавы комплекс Умястоўскіх — помнік сядзібна-паркавай архітэктуры XVIII—XIX стст. Створаная ў в. Жамыслаўль (Іўеўскі раён) на левым беразе р. Гаўя.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Фарміраванне сядзібы пачалося з другой паловы XVIII ст.
У 1807 г. маёнтак з драўлянай сядзібай у Антона Нестара Кеневіча купіў Якуб Умястоўскі (памёр у 1809 г.). У 1828 г. яго сын Казімір Якубавіч Умястоўскі па баках набытай аднапавярховй драўлянай гасподы, збудаванай у стылі барока, ставіць два мураваныя афіцыны з калоннымі порцікамі ў стылі класіцызму (захавалася аднна), лядоўню, аранжарэю і манеж. Жонка Казіміра Умястоўскага Юзэфа (з роду Дунін-Раецкіх) пабудавала палац (скончаны ў 1877 г.), які існуе і цяпер.
У канцы XIX ст. сын Казіміра і Юзэфы Уладзіслаў Казіміравіч Умястоўскі (1834—1905) аддае сядзібу пад навуковую базу Віленскаму ўніверсітэту.
Падчас нямецкай акупацыі ў ходзе Першай сусветнай вайны, у 1914 г. у сядзібе немцы стварылі курорт.
-
Драўляная сядзіба, Альбрэхт Адам, 1812
-
Палац. Н. Орда, XIX ст.
-
Палац з іншага боку
-
Палац, 1916
-
Палац у міжваенны час
Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]
Захаваліся палац, гаспадарчыя пабудовы, бровар (1885 г.), парк. Планіровачнае ядро ансамбля — мураваны палац і две сіметрычна пастаўленыя афіцыны, якія ўтвараюць парадны партэр з круглым газонам. Цэнтральную алею перад палацам замыкае мураваная альтанка са скульптурай Маці Божай (1883 г.).
Палац[правіць | правіць зыходнік]
Палац пабудаваны па аналогіі з варшаўскай каралеўскай рэзідэнцыяй XVIII ст. «Лазенкі», верагодна, паводле праекту архітэктара Л. Марконі. Т-падобны ў плане двухпавярховы будынак строга сіметрычнай кампазіцыі завершаны масіўным кубічным бельведэрам з шырокімі арачнымі вітражамі. У цэнтры галоўнага фасада лоджыя з каланадай і бакавымі антамі, у цэнтры дваровага — чатырохкалонны порцік з трохвугольным франтонам і трыгліфным фрызам. Па баках лоджыі галоўнага фасада прамавугольныя ўваходныя праёмы з балконамі над імі. З тарцовых бакоў выступаюць нізкія прыбудовы з адкрытымі тэрасамі. У рашэнні фасадаў выкарыстаныя карынфскі ордар, канеліраваныя пілястры якога крапуюць прасценкі прамавугольных аконных праёмаў у прафіляваных ліштвах. Аб'ём апяразаны балюстрадамі. Планіроўка анфіладна-калідорная з квадратнай залай у цэнтры, у якой збераглася кафельная печ XVIII ст. Інтэр’еры мелі паркетную падлогу, мармуровыя каміны, сценавыя панэлі. Палац быў абстаўлены мэбляй, створанай мясцовымі майстрамі. Пад будынкам скляпеністыя сутарэнні.
Гаспадарчыя пабудовы[правіць | правіць зыходнік]
З гаспадарчых пабудоў захаваліся мураваныя склеп, стайня, млын, свіран (пабудаваны ў пачатку XIX ст. ў традыцыях народнага дойлідства) — аднапавярховы прамавугольны ў плане будынак з арачнай галерэяй на галоўным фасадзе, накрыты двухсхільным дахам.
Парк[правіць | правіць зыходнік]
Парк пейзажнага тыпу (плошча каля 7 га) высаджаны ў 1883 г. французскім садоўнікам Джэймсам, запрошаным з маёнтку Тышкевічаў у Верках з-пад Вільні. Падзелены ракой на две часткі: рэгулярна-парадную вакол палацу і пейзажную на зарэчным баку. Растуць ліпа звычайная, кедр сібірскі, клён вастралісты Шведлера, бяроза далекарлійская, ясень пенсільванскі і інш.
Жамыслаўскі ясень[правіць | правіць зыходнік]
Жамысла́ўскі я́сень — батанічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння. Рэдкая для Беларусі форма ясеню пенсільванскага (Fraxinus pennsylvanica 'Aucubaefolia' ) з жоўта-плямістым лісцем. Вышыня каля 17 м. Каштоўная дэкаратыўная парода. Ахоўны статус нададзены ў 1972 годзе.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 2. Гатня — Катынь / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — 522 с. — 10 000 экз.
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Палацава-паркавы комплекс Умястоўскіх (Жамыслаўль)
- Палацава-паркавы комплекс Умястоўскіх (Жамыслаўль) на сайце Radzima.org
- Палацава-паркавы комплекс Умястоўскіх (Жамыслаўль) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Сайт местечка Жемыславль // zhemyslavl.narod.ru
- Палацава-паркавы комплекс Умястоўскіх (Жамыслаўль) на сайце «Архіварта»