Палацава-паркавы комплекс Чапскіх (Прылукі)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Славутасць
Палацава-паркавы комплекс Чапскіх
Палац Чапскіх у Прылуках
Палац Чапскіх у Прылуках
53°47′26,47″ пн. ш. 27°27′01,21″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Вёска Аграгарадок Прылукі
Архітэктурны стыль Псеўдаготыка
Будынкі:
палац • карэтная • свіран • бровар • дом для працоўных • дом аканома
Вядомыя жыхары
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 612Г000370шыфр 612Г000370

Палацава-паркавы комплекс Чапскіх (Мінская вобласць)
Палацава-паркавы комплекс Чапскіх
Палацава-паркавы комплекс Чапскіх

Палацава-паркавы комплекс Чапскіх у Прылуках — помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва другой паловы XVIII—XIX ст. Закладзены на месцы былога манастыра XVII стагоддзя у в. Прылукі Мінскага раёна. Уключае палац і парк. За сваю гісторыю палацавы комплекс неаднаразова перарабляўся, рамантаваўся, губляючы колішнія пластычныя вырашэнні і набываючы новыя. Тым не менш кампактны двухпавярховы аб'ём палаца з вуглавымі вежамі, іх зубчастыя завяршэнні цалкам адпавядаюць вобразу невялікага гатычнага замка[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Прылукі. Палац Чапскіх, раней Оштарпаў і Горватаў. Малюнак Напалеона Орды, 10 ліпеня 1876

Прылукі з'яўляліся вотчынай Агінскіх, Іваноўскіх, належалі Оштарпу, потым вядомаму аграному Атону Горвату (пабудаваў палац у гатычным стылі, вялікі сад з аранжарэяй і вежавым гадзіннікам), з 1872 года Эмерыку Чапскаму.

Мураваны палац пабудаваны ў першай палове XIX стагоддзя, у 1851 годзе рэканструяваны, у 1872 быў адноўлены пасля пажару 1868 года. У Другую сусветную вайну значна пашкоджаны, адбудаваны ў 1950-я гады.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Палац у 2007 годзе.

Цэнтрам кампазіцыі парку быў палац, размешчаны на высокім узгорку, каля грэбеня параўнальна крутога схілу тэрасы, які спускаецца да поймы р. Пціч.

Першапачаткова палац уяўляў сабой кампактнае прамавугольнае ў плане двухпавярховае з нізкім цокальным паверхам збудаванне ў стылі несапраўднай готыкі. Галоўны фасад вылучаны цэнтральным трохпавярховым рызалітам з гранёным эркерам на паркавым фасадзе і чатырма шматграннымі кутнімі вежачкамі, завершанымі зубцамі. Галоўны фасад вылучаны лоджыяй на двух узроўнях у рызаліце з праёмамі, завершанымі спічастымі і кілепадобнымі аркамі. Рызаліт, завершаны невысокім атыкам, аздоблены складанай па форме нішай у цэнтры. Пры гэтым уражанне масіўнасці не ствараецца, гэтаму садзейнічаюць зграбныя па прапорцыях і абрысах праёмы, што адкрываюцца ў бок лоджый[1].

Пасля 1886 года да паўднёвага тарцовага фасада быў прыбудаваны аднапавярховы аб'ём са сталовай і аранжарэяй, пазней да яго прыбудавалі двухпавярховы Г-падобны ў плане корпус. Да паўночнага тарцовага фасада далучаны трохпавярховы вежападобны аб'ём з нізкім шатровым дахам. Пасля аднаўлення ў 1950-я гады палац захаваў сваё вонкавае аблічча, анфіладная планіроўка была зменена на калідорную. У першай палове XIX стагоддзя перад галоўным фасадам палаца ўзведзеная трох'ярусная (першы ярус чацверыковы, другі і трэці васьмерыковыя) вежа з гадзіннікам, завершаная высокім шатром са шпілем і флюгерам. Вежа стаяла на масіўным прамавугольным у плане пастаменце з чатырма вежачкамі па вуглах. Сярэдні ярус вежы з гадзіннікам быў абкружаны кансольна-бэлечнай галерэйкай. Вертыкальную кампазіцыю вежы падкрэслівалі спічастыя ўваходы і аконныя праёмы. У Другую сусветную вайну вежа была разбурана (не адбудоўвалася).

Парк[правіць | правіць зыходнік]

Уязная брама ў палац Чапскіх
Прастора перад палацам

Парк — адзін са старэйшых на Беларусі, закладзены ў другой палове XVIII ст.; мяшанага рэгулярна-пейзажнага тыпу, плошчаю 4,5 га. Цэнтр кампазіцыі — палац, які падзеляе парк на дзве часткі. Перад заходнім фасадам палаца быў сад у італьянскім стылі, засталіся чатыры тэрасы, якія крута спускаюцца да поймы р. Пціч. Перад усходнім фасадам палаца невялікі партэр і пейзажная частка парку, абмежаваная пад'язнымі дарогамі.

У дрэвастоі пераважаюць мясцовыя пароды, растуць экзоты — лістоўніца Сукачова, лістоўніца еўрапейская, арэх маньчжурскі, горкі каштан звычайны, піхта сібірская, акацыя белая, таполя канадская.

У парку стаялі мураваная капліца і аформлены аркадай свіран, былі две сажалкі (на адной быў вадзяны млын, які не захаваўся).

Сучасны стан[правіць | правіць зыходнік]

Палац і парк належаць Беларускаму НДІ аховы раслін. Ансамбль — помнік рэспубліканскага значэння.

Зноскі

  1. 1,0 1,1 Лазука Б.А. Беларуская архітэктура XIX - пачатку XX стагоддзя // Гісторыя сусветнага мастацтва. Рускае і беларускае мастацтва XIX - пачатку XX стагоддзя. — Беларусь, 2011. — С. 353. — 431 с. — ISBN 978-985-01-0880-7.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]