Палац Сапегаў (Гродна)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Палац Сапегаў
Палац Сапегаў. Выгляд з боку вул. К. Маркса
Палац Сапегаў. Выгляд з боку вул. К. Маркса
53°40′40″ пн. ш. 23°49′51″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Архітэктурны стыль класіцызм
Архітэктар Джавані Батыста Джызлені[d]
Праблемы з <mapframe>:
  • Атрыбут «latitude» мае няслушнае значэнне
  • Атрыбут «longitude» мае няслушнае значэнне
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Касцёл Ф. Ксаверыя і Баторыеўка

Палац Сапегаў у Гродна, таксама распаўсюджаная назва Баторыеўка ці Дом караля Стэфана Баторыя — помнік архітэктуры 17 ст., адзін з найбольш старажытных свецкіх будынкаў горада. Знаходзіцца па адрасе: Гродна, вуліца К. Маркса, 1.

Асаблівасці і архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Пабудаваны прыкладна ў сярэдзіне XVII ст. і за час свайго існавання неаднаразова перабудоўваўся. Будынак уяўляе сабой трохпавярховы мураваны атынкаваны палац, першапачаткова Г-падобны ў плане. Галоўным, доўгім фасадам выходзіў на Рынак. Магчыма, што паводле праектнага плана палац павінен быў мець сіметрычныя бакавыя крылы, з якіх было пабудавана толькі адно. На дваровым фасадзе меў адкрытыя галерэі і вялікі скразны аркавы праезд па цэнтры. Захаваўся план рэканструкцыі палаца ў 1717. Самае ранняе адлюстраванне фасадаў вядома па гравюры 1867 Напалеона Орды, на якім аднак адсутнічае адзін стаўпец вокнаў. На меркаванні даследчыкаў, самым стойкім дэкаратыўным элементам будынка з’яўляецца аздоба вокнаў: дзве паўкалоны, якія падтрымліваюць шырокую панэль перакрыцця, што характэрна для архітэктуры рэнесанса. Асаблівасцю будынка таксама з’яўляюцца парныя шырокія руставаныя лапаткі на сучасных рэштках былога палаца.

Гісторыя палаца[правіць | правіць зыходнік]

Згодна гродзенскай традыцыі лічыцца, што менавіта ў гэтай камяніцы адбылося анатамічнае ўскрыццё цела караля Стэфана Баторыя, што аднак не адпавядае гістарычным фактам. Хутчэй за ўсё будынак быў пабудаваны пазней. Аднак па меркаванні гісторыкаў, будынак мог узводзіцца ў некалькі этапаў і галоўная яго частка можа паходзіць з часоў Стэфана Баторыя, пры гэтым найбольш старая частка палаца страчана падчас Другой сусветнай вайны.

На гравюры Цюндта на месцы палаца адлюстраваны вялікі высокі будынак з прамаляванымі асаблівасцямі даху. У 1643 камяніца была набыта гродзенскім земскім пісарам Уладзіславам Кірдзеем ад сына гарадзенскага падкаморыя Аляксандра Масальскага. Паводле рэестра 16791680, на месцы «Баторыеўкі» стаяў каменны дом магната Патоцкага, пабудаваны, як мяркуюць, Санці Гучы.

Н. Орда. Выява Рыначнай плошчы. Палац Сапегі справа ад касцёла.

Сучасны палац пабудаваны ў сярэдзіне XVII ст., магчымым аўтарам праекту лічыцца Джавані Батыста Джыслені. На ўчастку, што выходзіў на вуліцу Язерскую, знаходзіўся каменны дом, у якім жыў яўрэй-арандатар. У 1680 сядзіба перайшла ў валоданне віленскага ваяводы Казіміра Яна Сапегі, у якога яна была канфіскавана на карысць караля Аўгуста II.

У 17171718 камяніца была nepaбудавана нямецкім архітэктарам Іахімам Даніэлем Яўхам пад каралеўскую рэзідэнцыю. Перабудаваны двухпавярховы будынак меў вестыбюль з двума апорнымі слупамі, над ім размяшчалася вялікая зала, да якой вяла манументальная лесвіца з двух крылаў. Усе памяшканні першага паверха былі скляпеністыя. Планіроўка пакояў на абодвух паверхах анфіладная. На другім паверсе цэнтральнае месца займала Вялікая зала, прызначаная для каралеўскіх прыёмаў і мела два каміны пры бакавых сценах, два акны, выхад на балкон. Налева быў уваход у Сенатарскі пакой, далей размяшчаліся першы і другі каралеўскія пакоі. У паўднёвым крыле палаца размяшчаліся каралеўская спальня, кабінет, прыбіральня і два гардэробы. Направа ад Вялікай залы размяшчаліся канферэнц-пакой кароннага канцлера і яго спальня. Да палаца было прыбудавана паўночнае крыло, узведзенае з дрэва. Палац быў злучаны двума драўлянымі двухпавярховымі пераходамі з іншым палацам Сапегаў на вуліцы Брыгіцкай, дзе адбываліся пасяджэнні Пасольскай ізбы і Сената. На першым паверсе пераходаў былі зроблены аркады, на другім — шэраг памяшканняў для каралеўскіх дваран і вузкія калідоры. Яшчэ адзін драўляны пераход вёў ад рыначнага пляца праз вуліцу Брыгіцкую да езуіцкага касцёла. Пасля пераносу ў сярэдзіне XVIII ст. пасяджэнняў сойма ў Новы замак драўляныя пераходы разабраны.

У 1765 палац прададзены вялікаму літоўскаму падскарбію Міхалу Бжастоўскаму.

У 1834 (ці 1836, па іншых звестках) палац зноў быў канфіскаваны і перададзены адразу адзінаццаці ўладальнікам. З 1860 тут знаходзілася вінная лаўка І. Лапіна.

У 1885 будынак вельмі моцна пацярпеў падчас пажару. Частка палаца, што выходзіла на вуліцу Мяшчанскую, са скляпеністай залай, абрынулася. Пасля рэканструкцыі будынак страціў ранейшы высокі барочны дах, быў замураваны арачны праезд для экіпажаў унутр комплексу. Паўднёвая частка палаца стала амаль асобным будынкам.

Пасля будынак перайшоў ва ўласнасць купца Мендаля Іоселевіча Лапіна, які зрабіў з палаца гасцініцу «Цэнтральную» на чатырнаццаць нумароў, таксама пры гасцініцы былі тры хлявы на дванаццаць коней. Пазней Лапін аддаў будынак пад размяшчэнне прыватнай гімназіі Баркоўскай, у якой у 19101912 вучылася беларуская пісьменніца Зоська Верас). Пасля закрыцця гімназіі ў 1913 Лапін звярнуўся з прашэннем аб дазволе адкрыць тут гатэль «Брыстоль».

У 1903 у палацы знаходзіўся штаб 26-й пяхотнай дывізіі, у 1926 ювелірная майстэрня М. Кузніцкага. З 1924 у будынку знаходзіліся крама Танхума Грыншпаў «Centroemal» па продажы кухоннага посуду, пераплётная майстэрня Браніслава Квінто, цукерня Маісея Шмуклера, магазін электрычных вырабаў Давіда Хазанскага.

У 1928 маёнтак стаў уласнасцю Ісаака Лапіна. У 1937 у камяніцы размяшчаўся Купецкі банк. Польскі гісторык Ю. Ядкоўскі прапаноўваў перанесці ў гэты будынак магістрат горада і аднавіць у палацы гарадскую ратушу, што так і не было зроблена. У 1937 у двары «Баторыеўкі» знаходзілася спартыўная пляцоўка клубу «Макабі».

Паўднёвая частка палаца пацярпела ў 1941 і пасля вайны была разабрана.

Пасля вайны ў будынку працавалі: аддзел школы Беластоцкай чыгункі (з верасня 1944), вячэрняя чыгуначная СШ № 5 працоўнай моладзі (1947), сярэдняя школа № 45 Брэст-Літоўскай чыгункі і дзіцячы садок № 7 (1950), медуніверсітэт (кафедра анатоміі, якая займае будынак і ў наш час).

Цікавыя факты[правіць | правіць зыходнік]

Экспазіцыя Гродзенскай кунсткамеры
  • У будынку былога палаца 13 кастрычніка 2000 быў адчынены Музей пачварнасцей чалавечага цела. Доўгі час музей быў закрыты для шырокай публікі і прымаў толькі групы наведвальнікаў. У 2014 годзе быў адчынены падвал будынка, дзе размясцілася экспазіцыя «Гродзенская кунсткамера», пры якой прадстаўлены каля 80 экпанатаў чалавечых пачварнасцяў, некаторыя з іх сустракаюцца вельмі рэдка

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. 370 с. ISBN 978-93-61617-77-8.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]