Палац Храптовічаў (Гродна)
Славутасць | |
Палац Храптовічаў | |
---|---|
53°40′40″ пн. ш. 23°49′33″ у. д.HGЯO | |
Краіна | |
Месцазнаходжанне | |
Архітэктурны стыль | класіцызм |
Архітэктар | Марцін Кнакфус |
Будаўніцтва | 1742—1752 гады |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Палац Храптовічаў у Гродна — будынак у цэнтральнай частцы Гродна, па вуліцы Замкавай-16.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Помнік архітэктуры эпохі класіцызму. Пабудаваны ў 1742—1752 гадах. У сярэдзіне XVIII ст. належаў Каралю Храптовічу , земскаму пісару гродзенскаму. Станам на 1753 год на пляцы стаяў «палац» і драўляны дом. Будынак моцна пашкоджаны пажарам 1753 года.
У 1780-я гады будынак належаў гродзенскаму старосце Антонію Тызенгаўзу, на плане 1780 года характарызуецца як «пустыя муры Тызенгаўза». Перабудаваны ў 1790 годзе. Магчымы аўтар перабудовы — архітэктар М. Кнакфус. Рэканструяваны будынак палаца нагадвае дамы Лапацінскага і Бжастоўскага ў Вільні, аўтар праектаў якіх М. Кнакфус, капітан літоўскай артылерыі, чым можа тлумачыцца і «мілітарная» ляпніна на фасадах палаца. Магчыма, палац меў крыты дахоўкай мансардны дах. Балконы прарублены ў XIX ст. Унутраная планіроўка зменена ў 1970-я гады.
У 1791 годзе Францішак Мучынскі гродзенскі мечнік набыў будынак у спадкаемцаў Антонія Тызенгаўза. У 1800 годзе Ф. Мучынскі прадаў яго з усімі гаспадарчымі пабудовамі былому палкоўніку войск ВКЛ Ігнату Ляхніцкаму. Пасля смерці (1825) І. Ляхніцкага, уся яго нерухомая маёмасць, у т.л. і камяніца на Замкавай, адышла яго пляменнікам — Ігнату, Міхаілу і Раману. У 1880-я гады пляц Ляхніцкіх, верагодна, набыў князь Святаполк-Чацвярцінскі, які зрабіў з камяніцы даходны дом.
На плане 1925 года сучасны будынак № 16 па вул Замкавай пазначаны як «дом Іёдэля». У пасляваенны час у былым палацы знаходзіліся: батальён МСПА, са жніўня 1945 — Гродзенскі будаўнічы тэхнікум «Наркамграмадзянбуда» БССР, з 1946 — школа ФЗН № 45 будаўнікоў сістэмы Дзяржаўных працоўных рэзерваў СССР, пазней — будаўнічае вучылішча № 16. У 1970-я гады — «ДВТВ № 74 бытавога абслугоўвання» і інтэрнат.
У 1990—2009 гг. будынак адрэстаўраваны. З 2009 г. тут знаходзіцца экспазіцыя музея гісторыі рэлігіі (працуе ў штодзённа з 10:00-18:00, але каса толькі да 17:30).
Архітэктура будынка
[правіць | правіць зыходнік]Будынак двухпавярховы, асіметрычны ў плане, замкнёны па перыметры, развіты ў глыбіню двара, утварае парадны ўнутраны двор. Частка будынка базуецца на падмурках больш старажытнага збудавання. На вуліцу выступае толькі невялікі корпус, прарэзаны уязной аркай, над цэнтральнай часткай якой ляпная гірлянда са стужкамі. Архітэктура фасада захавалася амаль без змен. Яна вылучаецца строгасцю і прастатой. Першы паверх будынка падзелены на сем частак з самастойнымі ўваходамі са двара. Сярэдзіна двухпавярховага і кампактнага з вуліцы будынка адзначана чатырма пілястрамі дарычнага ордэра. У цэнтры галоўнага паўночна-заходняга фасада размешчаны штучны порцік дарычнага ордэра, завершаны трохвугольным франтонам. Фрыз упрыгожаны геральдыкай. Абапал порціка — невялікія балконы з чыгуннымі ўзорыстымі агароджамі. Аконныя праёмы прамавугольныя, у ліштвах. Вертыкальная сувязь ажыццяўляецца пры дапамозе чатырох лесвіц. Перакрыцці драўляныя. Усе архітэктурныя элементы рэльефныя, дэталі вытанчана прарысаваны. Фасад будынка ўпрыгожаны малюнкамі рыцарскіх даспехаў, над уваходнай аркай — ляпны дэкор з малюнкамі герба Гродна. У архітэктуры палаца прыкметны ўплыў рускага класіцызму канца 18 — пачатку 19 ст. Палац мае шэраг асаблівасцей: раслінныя ляпныя гірлянды над праездам у двор; форма ліштвы вокнаў, як бы выразаных і накладных (прыём, які ўжываецца ў народных пабудовах і невялікіх манастырскіх будынках).
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы / Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Палац Храптовічаў (Гродна)
- Здымкі на Радзіма.org
- Палац Храптовічаў (Гродна) на сайце «Архіварта»