Палац культуры вобласці (Магілёў)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Палац культуры вобласці
Краіна
Месцазнаходжанне
Архітэктар Якаў Сямёнавіч Смальгоўскі, Вольга Барысаўна Ладыгіна і Валянцін Аркадзевіч Астаповіч

Палац культуры вобласці — будынак у Магілёве, размешчаны па адрасе Пушкінскі праспект, 7. Палац культуры прыклад грамадскіх шматфункцыянальных будынкаў савецкай архітэктуры 1970-х гадоў.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Пабудаваны ў 1977 г. з цэглы (архіт. Я. Смальгоўскі, В. Ладыгіна, В. Астаповіч) як Палац культуры і тэхнікі вытворчага аб’яднання «Хімвалакно» імя У. I. Леніна. Уваходзіць у культурна-спартыўны комплекс паркавай зоны поймы р. Дняпро[1].

У кастрычніку 2018 года Палац культуры вобласці стаў галоўнай пляцоўкай V Форума рэгіёнаў Беларусі і Расіі, дзеля чаго была праведзена рэканструкцыя будынка («Магілёўграмадзянпраект», арх. В. Лукін) і прылеглай тэрыторыі[2].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Будынак 3-павярховы з цокальным паверхам, складанай формы плана. Аб’ёмна-прасторавае вырашэнне заснавана на кантрастным проціпастаўленні выцягнутага 3-папярховага корпуса і больш высокіх аб’ёмаў сцэнічнай часткі і танцавальнай залы. Галоўны фасад, арыентаваны на Пушкінскі праспект, мае асіметрычна размешчаны ўваход, што вылучаецца шырокай лесвіцай і навясным казырком, над якім узвышаецца аб’ём танцавальнай залы з высокімі вокнамі, падзеленымі вертыкальнымі рэбрамі. Сцены рытмічна члянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі на 2-м і 3-м паверхах і вузкімі высока размешчанымі на першым. Глухая сцяна сцэнічнай каробкі на галоўным фасадзе дэкарыравана канелюрамі. Фасады будынка апрацаваны белымі мармуровымі пліткамі[1].

Аб’ёмна-планіровачная будова па функцыянальным прызначэнні падзяляецца па відовішчную (глядзельная зала на 1200 месцаў з падсобнымі памяшканнямі), для адпачынку (кіна-лекцыйная, танцавальная і выставачная залы, кафэ, більярдная), клубную (памяшканні для гуртковай работы, рэпетыцыйныя залы, бібліятэка з чытальнай залай). Аздоба інтэр’ераў вылучалася сінтэзам архітэктуры і мастацтва: у фае глядзельнай залы — габелен «Мой родны край» (7х18 м, маст. С. Сакалоў, 3. Літвінава), у кафэ — люстра «Вясна» з літога шкла, у вестыбюлях глядзельнай і танцавальнай залаў — вітражы (маст. С. Сакалоў, Б. Мігаль)[1]. Пры рэканструкцыі 2018 года інтэр’еры цалкам зменены, большасць дэкаратыўных элементаў знішчана.

Сквер[правіць | правіць зыходнік]

Cквер пасля рэканструкцыі

Перад будынкам — партэрная частка парку з шырокай эспланадай і дэкаратыўным басейнам са скульптурнай групай (архіт. В. Занковіч)[1]. У час рэканструкцыі 2018 года ўздоўж эспланады створаны П-падобныя ў плане падпорныя сценкі, абліцаваныя шэрым шліфаваным гранітам (арх. У. Чаховіч). У цэнтральный частцы падпорныя сценкі шырокія, з кветачніцамі і вялікімі лаўкамі-лежакамі (у тым ліку на перападах вышынь каля прыступак) з убудаваным знізу падсвятленнем. Крылы ўздоўж галоўнага фасада Палаца і Пушкінскага праспекта вузкія, з дэкаратыўным падсвятленне ўнізе; лаўкі набраныя з вертыкальна пастаўленых брусоў. Рэканструявана мачта з ліхтарамі на бакавой алеі, падпорныя сценкі каля яе падножжа абліцаваныя шэрым паліраваным гранітам (Л. Уладзіміровіч). Па ўсім скверы заменена пакрыццё дарожак, высаджаны кусты і кветкі, пастаўлены новыя лаўкі і ліхтары.

Зноскі

  1. а б в г 51.  // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Магілёўская вобласць. — 408 с., іл.
  2. В Могилеве «нашествие» дворников и триколоров(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 13 кастрычніка 2018. Праверана 11 кастрычніка 2018.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]