Паліцэйская дубінка

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Палка гумовая)
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку

Палка гумовая (паліцэйская дубінка, гумовая дубінка) — спецыяльны сродак несмяротнага дзеяння, які выкарыстоўваецца супрацоўнікамі праваахоўных органаў (паліцыянтамі, міліцыянтамі), ахоўных і сілавых структур крымінальна-выканаўчай сістэмы.

Паліцэйскія дубінкі і палкі далёка не заўсёды адносяцца да халоднай зброі ўдарнага дзеяння, у шэрагу дзяржаў і краін яны адносяцца да спецыяльных сродкаў. Паліцэйскія дубінкі выкарыстоўваюцца для нанясення ўдараў і абароны ад іх, а таксама для кантролю і ўтрымання праціўніка.

Канструкцыя[правіць | правіць зыходнік]

Паліцэйская дубінка з папярочнай ручкай (ФРГ) тыпу тонфы.

У залежнасці ад мадэлі дубінкі, яе канструкцыя, матэрыял, вага, даўжыня і таўшчыня могуць быць рознымі. Раней паліцэйскія дубінкі выраблялі з трывалых парод дрэва, у наш час іх часцей за ўсё робяць з гумы і палімернага сінтэтычнага матэрыялу, радзей з пластыка, яшчэ радзей — металічныя.

Гумовыя дубінкі бываюць гнуткія і нягнуткія, у апошнія можа быць устаўлены металічны стрыжань або трубка, па якой перакочваюцца сталёвыя шарыкі. Металічныя дубінкі — часцей за ўсё тэлескапічныя, рознай гнуткасці, даўжынёй ад 20 см у складзеным, да 60 см у баявым становішчы (рассоўвацца яны могуць уручную ці ж аўтаматычна, пад дзеяннем спружыны).

У шматлікіх заходніх дзяржавах і краінах у ходзе дубінка, якая мае металічны стрыжань, акружаны гумай. Сканчаецца яна гнуткім участкам з гумы ці скуры (часам са свінцом). З дапамогай гэтай зброі, як правіла, наносяць аглушальныя ўдары.

Нарэшце, на ўзбраенні праваахоўных органаў шэрагу заходніх дзяржаў і краін знаходзяцца спецсродкі ў выглядзе паліцэйскіх дубінак, якія пры націску на спускавую кнопку «страляюць» зарадам ірытанта[1]. Таксама існуюць мадэлі дубінак з убудаваным электрашокерам[2].

Большасць сучасных дубінак звычайна маюць вылучаную ручку і раменную завесу, дзякуючы якой дубінка не выскоквае з рук уладальніка. Ручка, як правіла, разлічана на адну руку.

Гісторыя ўжывання[правіць | правіць зыходнік]

Штатныя ўзоры паліцэйскіх дубінак з’яўляюцца ў XIX стагоддзі, са з’яўленнем у дзяржавах і краінах Еўропы нацыянальнай паліцыі (якая мае цэнтралізаваную сістэму забеспячэння і падрыхтоўкі асабовага складу).

У паліцыі іншых краін[правіць | правіць зыходнік]

Дзютэ — японская сталёвая паліцэйская дубінка з мечаломам, для абяззбройвання злачынца, ўзброенага мячом.

На ўзбраенне англійскай паліцыі кароткія (даўжынёй каля 460 мм) прамыя дубінкі з цвёрдых парод дрэва (billy club) з’явіліся ў 1848 годзе, у віктарыянскую эпоху. З 1930-х гадоў іх пачалі вырабляць з гумы.

У Індыі для каланіяльнай паліцыі былі прыняты на ўзбраенне драўляныя дубінкі даўжынёй 1,5 метра (lathi).

На ўзбраенні створанай у 1874 годзе паліцыі Японіі прамая драўляная дубінка «кэйдзе» даўжынёй 125 см паступіла ў канцы 1930-х гадоў (раней, паліцыянты былі ўзброены кароткімі мячамі і незавостранымі кінжаламі «дзютэ»), прамая драўляная дубінка «кэйбо» даўжынёй 50 см — у 1946 годзе, а тэлескапічная дубінка «токусю кэйбо» — у 1961 годзе[3].

У ЗША першапачаткова выкарыстоўваліся прамыя драўляныя дубінкі даўжынёй ад 30 да 65 см, якія выглядалі паменшанай копіяй бейсбольнай біты, але ў 1960-я гады афіцэр паліцыі Лос-Анджэлеса Роберт Кога распрацаваў новы варыянт прамой драўлянай дубінкі — з кольцам для мацавання да пояса і скругленым канцом (з мэтай паменшыць рызыку ранення з рассяканнем тканін пры ўдарах). «Палка Кога» паступіла на забеспячэнне шматлікіх паліцэйскіх дэпартаментаў ЗША[4].

У Латвіі напачатку 1930-х гадоў выпуск паліцэйскіх гумовых дубінак асвоілі на рыжскай фабрыцы гумовых вырабаў «Кантынент»[5].

У 1960-я-1970-я гады на ўзбраенне паліцыі шэрагу заходніх дзяржаў і краін паступаюць дубінкі ў выглядзе тонфы. Упершыню правобразы дубінак такога тыпу выкарыстоўвалі французскія паліцыянты падчас разгону студэнцкіх выступаў 1968 года. Запатэнтаваў дадзеную дубінку амерыканец Лон Андэрсан, які сцвярджаў, што ён яшчэ ў дзяцінстве біўся ножкай ад зэдлічка з бакавым ашэсткам. Ведаючы, што Амерыка ў гэтыя гады выпрабоўвала сапраўдны бум усходніх адзінаборстваў, можна лёгка здагадацца, што новая дубінка капіюе вядомую японскую зброю — тонфу. У 1971 годзе з’явілася новая паліцэйская зброя — дубінка з папярочнай ручкай. Яе дагэтуль выкарыстоўваюць паліцыянты ўсіх краін свету. Амерыканская дубінка атрымала назву PR-24 і выраблялася з полікарбаната ці алюмінія. У далейшым «тонфы» (пад найменнем T-baton) з’явіліся ў паліцыі ЗША, аднак найбольш шырокі распаўсюд яны атрымалі пасля таго, як у 1972 годзе была распрацавана стандартызаваная мадэль — PR-24 «Prosecutor»[4].

У беларускіх і савецкіх праваахоўных структурах[правіць | правіць зыходнік]

20 траўня 1881 года міністр унутраных спраў Расійскай імперыі накіраваў даклад імператару з просьбай узброіць ніжніх чыноў пецярбургскай паліцыі «драўлянымі кіямімі» (руск.: палицами) наўзамен шашак драгунскага ўзору[6]. Нягледзячы на адмову імператара, ужо вырабленыя раней паліцэйскія «драўляныя кіі» выдалі некаторым паліцыянтам.

У 1941—1944 годзе на акупаванай Нямеччынай і яе саюзнікамі тэрыторыі Саюза ССР драўляныя і гумовыя дубінкі знаходзіліся на ўзбраенні супрацоўнікаў лагернай і дапаможнай паліцыі (паліцаяў)[7].

У Саюзе ССР пытанне пра ўзбраенне міліцыі гумовымі палкамі ставілася не раз, але толькі ў ліпені 1962 года (пасля прыгнечання выступаў у Новачаркаску 1-3 чэрвеня) ў адпаведнасці з загадам Міністра ўнутраных спраў РСФСР «Аб прыняцці на ўзбраенне міліцыі гумовай палкі і наручнікаў» яны паступілі на ўзбраенне. У 1966 г. загад міністра аховы грамадскага парадку РСФСР усталяваў парадак іх нашэння і выкарыстаннЯ: «Дазволіць нашэнне гумовай палкі ў аголеным выглядзе ў руцэ, а таксама на рамяні з левага боку… Гумовыя палкі ўводзіць толькі з дазволу МАГП РСФСР па хадайніцтве міністраў АГП аўтаномных рэспублік, начальнікаў упраўленняў АГП крайаблвыканкамаў, узгодненым з адпаведнымі абкамамі, крайкамамі партыі». Рэкамендавалася звяртацца да яе дапамогі для «спынення буянства і бясчынства хуліганаў і іншых злачынцаў, а таксама ў адносінах парушальнікаў грамадскага парадку, якія адмаўляюцца выконваць законныя патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі, для адбіцця нападу нa супрацоўнікаў міліцыі ці дружыннікаў, службовых асоб, дзяржаўных, грамадскіх арганізацый і грамадзян». Аднак катэгарычна забаранялася наносіць удары па твары і галаве і пускаць у ход дубінкі супраць жанчын, дзяцей, старых і інвалідаў, а таксама ў памяшканнях міліцыі[8].

Стандартная «савецкая» палка гумовая ПР-73 мае даўжыню ў 65 — 70 см, (пастаўлена на ўзбраенне ў 1973 годзе). Палка гумовая прамая «ПР-73М» (ПР-73 Мадэрнізаваная), прызначана для адбіцця нападу правапарушальнікаў або спынення іх непадпарадкавання. Ужыванне гумовай палкі не выклікае пашкоджанняў, небяспечных для жыцця толькі ў выпадках, калі яна ўжываецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі, якія вызначаны заканадаўствам.

Існавалі таксама яе мадыфікацыі: ПР-УЗМ (ТУ АНВЯ6 354.031), ПР-89 (ТУ АНВЯ6 354.032) і ПР-90 (ТУ АНВЯ6 354.038)[9].

У 1990-х з’явіліся палкі больш дасканалай канструкцыі, якія зваліся ПУС-2 «Аргумент». «Аргумент» мае ў пярэдняй частцы папярочную ручку, зручную для ўтрымання яго з упорам у локці (для нанясення ўдару наводмаш), а таксама для блакавання праціўніка шляхам захопу на задушванне ці на болевы прыём. Таксама ёй можна што-небудзь учапіць, напрыклад, шыю суперніка, шлейку заплечніка ці рамень аўтамата.

У гады перабудовы за гумовай дубінкай замацавалася мянушка «дэмакратызатар» ці «рычаг дэмакратыі».

Прававы статус[правіць | правіць зыходнік]

Паколькі паліцэйскія дубінкі і палкі з’яўляюцца спецсродкам, у шматлікіх краінах свету (у адпаведнасці з заканадаўствам) іх камерцыйны продаж і свабодны зварот абмежаваны ці з’яўляецца забароненым. У Беларусі прававы аспект набыцця гумовай міліцэйскай дубінкі грамадзянамі не рэгламентаваны заканадаўствам

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Лискин Ю. Полицейская дубинка в России // журнал «Hа боевом посту» № 5-6, 1993
  2. И. Петров. Вашингтонские дубинконосцы // «Новое время», № 41 от 08.10.1982, стр.17
  3. Анатоль Фамін. Арсенал: ударная зброя Архівавана 27 мая 2014. // журнал «Братишка», верасень 2010
  4. 4,0 4,1 Алекс Лявітас. «Гэта табе замест мазгоў…» // часопіс «Мастер-ружьё», № 65, 2002. стар.82-85
  5. Віліс Лацыс. Бяскрылыя птушкі. М., «Молодая гвардия», 1958. стар.485, 713
  6. Предмет из коллекции музея. Серия 5 «Спецсредства». Статья 1 «Демократизатор». Культурны цэнтр МУС па Рэспубліцы Карэлія (1 красавіка 2014).
  7. Д. А. Жуков. И. И. Ковтун. Русская полиция. М., «Вече», 2010. стр.194-197
  8. В. Прасолов. Палка резиновая: практика использования в частной охранной деятельности // журнал «Охранная деятельность», сентябрь 2010 (недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 2 лістапада 2011. Праверана 26 ліпеня 2011.
  9. Пастанова Ўрады РФ ад 12.11.2010 N 894 (рэд. ад 24.11.2015) Постановление Правительства РФ от 12.11.2010 N 894 (ред. от 24.11.2015) "О специальных средствах и огнестрельном оружии, используемых ведомственной охраной Государственной кор... Архівавана з першакрыніцы 1 красавіка 2016.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • В. Н. Попенко. Холодное оружие полиции. Дубинки. м, «Богучар», 1994. — 112 стр.