Паліва (кераміка)
Палі́ва (ням.: Glasur, фр.: glaçure) — шклопадобнае пакрыццё на паверхні керамічнага вырабу, замацаванае абпальваннем. Назва пакрыцця вядома з часоў старажытнае Русі[1].
Віды палівы[правіць | правіць зыходнік]
Паліва можа быць празрыстаю ці непразрыстаю, бясколернаю ці каляроваю, бліскучаю ці матаваю. Асноваю палівы з'яўляецца каалін, кварц і палявы шпат. У склад палівы ўводзяць таксама аксіды металаў.
У залежнасці ад спосабу прыгатавання паліва падзяляецца на сырую і фрытаваную. Сырыя палівы самыя простыя: усе кампаненты таўкуць і змешваюць з вадою да пэўнае шчыльнасці палі́вачнага шлікера. Каб атрымаць фрытаваную паліву, кампаненты палі́вачнае сумесі фрытуюць, г. зн. сплаўляюць (звычайна пры тэмпературы 1200—1300 °C), у выніку ўтвараюцца нерастваральныя сілікаты і іншыя злучэнні. Пасля плаўлення фрыту выліваюць у ёмістасць з вадою, дзе яна астывае, затым высушваюць і дробна таўкуць у ступе.
Адрозніваюць паліву туга- і легкаплаўкую. Тугаплаўкія палівы прымяняюцца для фарфору, шамоту, цвёрдага фаянсу. Тэмпература іх плаўлення 1125—1360 °C. Для маёлікі бяруць палівы, якія плавяцца пры тэмпературы 900—1100 °C.
Каляровыя палівы[правіць | правіць зыходнік]

Для аздаблення вырабаў з фарфору і маёлікі часта прымяняюць яркаафарбаваныя каляровыя палівы. Колер надаецца ўвядзеннем у бясколерную паліву аксідаў і солей металаў. Так, вокіс кобальту дае колеры ад светла- да цёмна-сіняга; вокіс хрому — зялёны, а пры наяўнасці волава — ружовы, чырвоны; вокіс медзі выкарыстоўваюць, каб атрымаць ізумрудна-зялёную, сіне-зялёную паліву, а таксама палівы медна-чырвоных адценняў для аднаўленчага абпальвання; злучэнні з марганцам даюць карычневыя, ружовыя колеры; вокіс жалеза — ад жоўтага і чырвонага да карычневага і чорнага і г. д.
Зноскі
- ↑ Полива // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.) . — СПб., 1890—1907.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Менделеев Д. И.,. Глазурь // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.) . — СПб., 1890—1907.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Паліва (кераміка)
- Паліва // Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва: Дапаможнік для вучняў. Менск: Беларусь, 2001.
- Способы нанесения глазури
|