Паліталогія
Паліталогія | |
---|---|
Звязаная асоба | Maurice Duverger[d] і Элінар Острам |
Папярэдні ў спісе | cameralism[d] |
Прадмет вывучэння | палітыка |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Паліталогія (грэч. πολιτικός — дзяржаўныя, грамадскія справы) — навука аб палітыцы, аб заканамернасцях развіцця палітычнага працэсу, палітычнай сістэмы і ўлады; аб сутнасці, формах і метадах дзейнасці ўсіх суб'ектаў палітыкі. Вывучае палітычнае жыццё грамадства, палітычныя працэсы, сістэмы і з'явы, дзейнасць людзей, якая накіравана на заваяванне, утрыманне і выкарыстанне ўлады. Як навука склалася да сярэдіны XX ст.
Аб'ект і прадмет
[правіць | правіць зыходнік]Аб'ект паліталогіі — палітычнае жыццё грамадства ў яго розных праяўленнях, усталяванне і функцыянаванне палітычнай улады.
Прадмет паліталогіі — заканамернасці палітычнага жыцця вялікіх сацыяльных супольнасцей і малых груп людзей, узнікнення, развіцця і функцыянавання механізмаў улады, палітычных поглядаў і інтарэсаў, палітычнай дзейнасці, развіцця палітычных працэсаў у цэлым.
Асновай паліталогіі як тэорыі і практыкі з'яўляюцца адносіны паміж палітычнымі суб'ектамі адносна ўлады з мэтай рэалізацыі сваіх карэнных інтарэсаў. Уводныя фактары — сілы, якія ў дэмакратыях складаюць важную частку ўдзелу людзей у палітычным працэсе; выводныя фактары — заканадаўчая сістэма, выканаўчая і судовая галіны ўлады.
Раздзелы
[правіць | правіць зыходнік]Паліталогія складаецца з раздзелаў:[1]
- тэорыя і метадалогія палітыкі — раскрывае асновы палітыкі і палітычных адносін, сутнасць і змест палітыкі і ўлады, іх прыкметы, функцыі і заканамернасці развіцця;
- тэорыя палітычных сістэм — даследуе сутнасць, структуру і функцыі палітычных сістэм, дае іх параўнальны аналіз, характарыстыку палітычных інстытутаў (дзяржавы, партый, аб’яднанняў, рухаў і г.д.);
- тэорыя кіравання сацыяльна-палітычнымі працэсамі — вызначае мэты, задачы і формы палітычнага кіраўніцтва грамадствам, механізмы прыняцця і рэалізацыі рашэння;
- гісторыя палітычных вучэнняў і палітычная ідэалогія — раскрываюць змест дактрын сучаснасці, ролю і функцыі палітычнай ідэалогіі і свядомасці;
- тэорыя міжнародных адносін — разглядае праблемы знешняй і сусветнай палітыкі, глабальныя праблемы.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Паліталогія як самастойная навуковая дысцыпліна ў сучасным яе разуменні склалася ў канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. Гэта стала магчымым у выніку развіцця публічнай палітыкі, як адносна аўтаномнай сферы жыцця грамадства, умацавання дзяржаўных і палітычных інстытутаў, якія склалі сучасную палітычную сістэму (парламентарызм, падзел уладаў, выбарчыя сістэмы, узнікненне партый) і развіцця метадалогіі даследаванняў (з’яўленне біхевіярысцкіх, эмпірычных метадаў).
У 1857 годзе ў Калумбійскім каледжы ЗША ствараецца кафедра «Гісторыя і палітычная навука», а ў 1880 — першая школа палітычнай навукі. У 1903 была ўтворана Амерыканская асацыяцыя палітычных навук. У 1871 у Францыі была створана свабодная школа палітычнай навукі — сёння Інстытут палітычных даследаванняў Парыжскага ўніверсітэта. У 1895 заснавана Лонданская школа эканамічнай і палітычнай навукі.
У ХХ ст. працэс вылучэння паліталогіі ў самастойную навучальную і вучэбную дысцыпліну завяршыўся, вылучыліся яе галоўныя нацыянальныя школы і кірункі. Яшчэ ў 1948 годзе ЮНЭСКА рэкамендавала ўсім краінам курс паліталогіі для вывучэння ў ВНУ. Пад эгідай ЮНЭСКА у 1949 годзе была створана Міжнародная асацыяцыя палітычнай навукі (МАПН). У СССР паліталогія як навука вывучаецца толькі з 1989 года, да гэтага часу яна як самастойная навука не прызнавалася і трактавалася як антымарксісцкая, буржуазная ілжэнавука.
За апошнія дзесяцігоддзі ў Беларусі створаны Інстытут сацыялогіі (працуе аддзел паліталогіі), Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў і іншыя паліталагічныя цэнтры. У 1993 годзе заснаваны Беларуская асацыяцыя палітычных навук (прэзідэнт У. Бабкоў) і Асацыяцыя палітолагаў Беларусі, пазней створана Беларуская акадэмія палітычных навук (прэзідэнт С. Рашэтнікаў). У 1992 годзе ў БДУ было адчынена аддзяленне паліталогіі, на якім вядзецца падрыхтоўка прафесійных палітолагаў, паліталогія выкладаецца ва ўсіх ВНУ Беларусі.
Сумежныя прадметы
[правіць | правіць зыходнік]Сумежныя прадметы паліталогіі — палітычная філасофія і публічная адміністрацыя. Палітфіласофія шукае ўнутраныя прычыны палітыкі і этыку публічных паводзінаў. З іншага боку, публічная адміністрацыя аналізуе практыку кіравання.[2]
Зноскі
- ↑ mgup.by Архівавана 10 ліпеня 2019.
- ↑ А. П. Угроватов. Политология: словарь-справочник. — Новосибирск: ЮКЭА, 2006. — 486 с.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Бубнаў Ю. М., Пушкін І. А. Паліталогія: Курс лекцый. — Магілёў: УА МДУХ, 2006. — 176 с.
- Катляроў І. Р. Паліталогія // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 12. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0198-2 (т. 12).
- Ўінтэр Г. Р. Канфлікт і кампраміс: Уводзіны ў палітычную навуку / Г. Р. Ўінтэр, Т. Д. Бэлоўз; Навук. рэд. В. Маруцік; Пер. з анг. В. Маруціка. — Мн.: Тэхналогія, 2002. — 507 с. ISBN 985-458-074-1