Палітыка Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі
Сённяшняя Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка — маладая дэмакратыя, унітарная парламенцкая рэспубліка. Складаецца з 9 правінцый. Член Афрыканскага саюза. У ПАР тры сталіцы: Прэторыя (адміністрацыйная), Кейптаўн (заканадаўчая), Блумфантэйн (судовая). У ХХ-ХХІ ст. ПАР застаецца адной з нешматлікіх афрыканскіх краін, што не зведалі ані дзяржаўных пераваротаў, ані грамадзянскіх войнаў.
Падзел улад
[правіць | правіць зыходнік]Выканаўчая ўлада
[правіць | правіць зыходнік]ПАР — парламенцкая рэспубліка. Пры гэтым, у адрозненне ад большасці парламенцкіх рэспублік, прэзідэнт ПАР узначальвае яшчэ і ўрад краіны. Прэзідэнт абіраецца са складу партыі, што перамагла ў парламенцкіх выбарах адразу пасля іх правядзення. Такім чынам, пяцігадовы тэрмін паўнамоцтваў лідара дзяржавы супадае з часам дзеяння новага складу парламента. У лютым 2018 прэзідэнт Джэйкаб Зума, абвінавачаны ў маштабнай карупцыі, сышоў з пасады, прэзідэнтам стаў ягоны калега па партыі, віцэ-прэзідэнт Сірыл Рамафоса.
Заканадаўчая ўлада
[правіць | правіць зыходнік]Заканадаўчая ўлада належыць парламенту, які складаецца з дзвюх палат. Нацыянальная асамблея — ніжняя палата — мае 400 членаў, што абіраюцца кожныя 5 гадоў па прапарцыйнай сістэме з партыйных спісаў. Верхняя палата завецца Нацыянальным саветам правінцый, у ёй засядаюць 90 сенатараў — па 10 ад кожнай з 9 правінцый. Найбуйнейшая палітычная партыя, якой з часу адмены апартэіду нязменна належыць большасць месцаў у абедзвюх палатах, — Афрыканскі нацыянальны кангрэс. Другая ўплывовая партыя — Дэмакратычны альянс.
Судовая ўлада
[правіць | правіць зыходнік]Судовая сістэма складаецца з наступных інстанцый: Вярхоўны Апеляцыйны Суд, высокія суды і суды магістратаў. Вярхоўны Апеляцыйны Суд з’яўляецца галоўнай судовай інстанцыяй у Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі па крымінальных справах. Ён знаходзіцца ў Блумфантэйне, «судовай сталіцы» краіны. Вярхоўны суд мае права скасаваць неканстытуцыйныя рашэнні парламента.
Права
[правіць | правіць зыходнік]У выніку падзення палітыкі апартэіду і наступных доўгіх працэсаў заканатворчасці ў 1990-х гадах прававая сістэма ПАР была цалкам перагледжана, і з яе была выключана ўсялякая дыскрымінацыя па расавай прыкмеце. У 1994 годзе быў заснаваны Канстытуцыйны суд. У краіне дзейнічае Канстытуцыя, прынятая ў 1996 годзе. Яна абараняе і гарантуе ўсе міжнародна прызнаныя правы чалавека. Прававая сістэма ПАР[1] увабрала ў сябе элементы адразу трох прававых сем’яў: рамана-германскай, англа-саксонскай і традыцыйнай. У цэлым, у сучаснай Паўднёвай Афрыцы пераважае рамана-германскае права, г. зн. назіраецца вяршэнства закона над усімі прававымі рашэннямі і выразны падзел права на прыватнае і публічнае.
Крымінальнае права
[правіць | правіць зыходнік]Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка — адна з нешматлікіх краін, дзе дзейнічае крымінальнае права па англійскім ўзоры. Яно не кадыфікавана. Пры рэжыме апартэіду для чорнага насельніцтва існавалі асобныя мясцовыя суды («суды правадыроў»), суддзямі у якіх былі таксама пераважна чорныя. У той жа час у агульнай судовай сістэме пераважная большасць суддзяў былі белымі. Асабліва жорсткія меры пакарання былі прадугледжаны для праціўнікаў палітычнага рэжыму — аж да смяротнага пакарання. Дазвалялася затрымліваць людзей на 5 сутак без суда і следства. Пасля падзення апартэіду многія нормы былі перагледжаныя. У 1994 годзе адменены Акт аб Унутранай Бяспецы, у 1995 годзе — смяротнае пакаранне, а ў 1997 годзе — юрыдычная лупцоўка. Пры пераглядзе прававой сістэмы ў 90-х гадах у краіне былі ўзаконеныя гомасэксуальныя шлюбы, што робіць яе адзінай у гэтым родзе краінай у Афрыцы.
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел
[правіць | правіць зыходнік]ПАР — унітарная рэспубліка, мае ў сваім складзе 9 правінцый:
- Заходне-Капская правінцыя
- Усходне-Капская правінцыя
- Паўночна-Капская правінцыя
- Гаўтэнг
- Квазулу-Натал
- Фры-Стэйт (Свабодная дзяржава)
- Мпумаланга
- Лімпопа
- Паўночна-Заходняя правінцыя
Адносіны з Рэспублікай Беларусь
[правіць | правіць зыходнік]Дыпламатычныя адносіны ўсталяваныя ў 1993. Пасольства Беларусі ў ПАР адкрыта ў 2000. У 2000-я гады ажывіліся кантакты на розных узроўнях. Прэзідэнты Беларусі і ПАР сустракаліся ў верасні 2006 у Гаване, адбыліся візіты ў Беларусь кіраўнікоў парламента ПАР, міністра замежных спраў, міністра мінеральных рэсурсаў і энергетыкі, іншых высокіх асоб ПАР; міністр замежных спраў Беларусі наведаў ПАР у жніўні 2006. Візіты на вышэйшым узроўні планаваліся на 2008. У ліпені 2007 беларускім бокам было прапанавана пашырыць эканамічнае і навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва: стварыць сумесную спадарожнікавую групоўку, пабудаваць на тэрыторыі ПАР наземны комплекс прыёму інфармацыі, распрацаваць сумесныя праекты ў галіне фармакалогіі, энергетыкі, вытворчасці будаўнічых матэрыялаў, розныя інвестыцыйныя праекты з удзелам паўднёва-афрыканскіх фірм.
Зноскі
- ↑ Правовая система ЮАР(недаступная спасылка), South African