Палітыка Рэспублікі Конга

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Акцыя пратэсту супраць змянення Канстытуцыі, Бразавіль, 2015

Рэспубліка Конга — парламенцка-прэзідэнцкая ўнітарная рэспубліка. Дзейнічае Канстытуцыя, зацверджаная на рэферэндуме ў 1992 годзе, змененая ў кастрычніку 2015 у выніку рэферэндума, ініцыяванага прэзідэнтам. Дэ-юрэ шматпартыйная дэмакратыя, палітычнае жыццё Конга апошніх 20 гадоў вельмі моцна (прынамсі, для дэмакратычнай краіны) залежыць ад волі прэзідэнта Дэні Сасу-Нгесо. Новая версія Канстытуцыі зацвердзіла пост прэм'ер-міністра і дэ-юрэ абмежавала ўладу прэзідэнта, пры гэтым дазволіўшы аднаму чалавеку займаць галоўную пасаду неабмежаваную колькасць тэрмінаў. Паводле ацэнак назіральнікаў, і рэферэндумы і прэзідэнцкія выбары у Рэспубліцы Конга не адпавядаюць дэмакратычным стандартам. Палітычны апарат раз'едзены карупцыяй, час ад часу ўскалыхваюцца карупцыйныя скандалы, аднак Сасу-Нгесо называе вынікі расследаванняў еўрапейскіх журналістаў "каланіяльнымі і расісцкімі".[1]

Прэзідэнт[правіць | правіць зыходнік]

Прэзідэнт Дэні Сасу-Нгесо і дзяржсакратар ЗША Джон Керы на саміце Афрыка-ЗША, 2014

Згодна з Канстытуцыяй, кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт — выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў на ўсеагульных выбарах прамым таемным галасаваннем, аднак у сапраўднасці выбары праводзяцца раз на сем гадоў. Ад часу другога з'яўлення Дэні Сасу-Нгесо ў прэзідэнцкім крэсле выбары ператварыліся ў фармальнасць праз адсутнасць якіх-небудзь іншых сур'ёзны'х палітычных фігур. На выбарах 2002, 2009 і 2016 Дэні атрымаў элегантныя перамогі, набраўшы 89,4, 78,6 і 60,2 % галасоў адпаведна. Да 2015 адзін чалавек мог займаць пасаду прэзідэнта толькі два тэрміны запар, у 2015 92 % удзельнікаў рэферэндума выказаліся за адмену гэтага абмежавання. Апазіцыя байкатавала рэферэндум, а яго правядзенне назвала фэйкавым.[2]

Парламент і партыі[правіць | правіць зыходнік]

Заканадаўчая ўлада належыць двухпалатнаму парламенту (Палата прадстаўнікоў і Сенат), які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм'ер-міністрам, прызначаным прэзідэнтам ад партыі, што атрымала большасць галасоў на парламенцкіх выбарах. Пачынаючы з 1970-х, за невялікім перапынкам у 1992-1997 кіруючай сілай у кангалезскай палітыцы з'яўляецца сацыялістычная Кангалезская патрыя працы, калісьці марксісцка-ленінісцкая, цяпер умерана левая і прапрэзідэнцкая. Шэраг больш дробных партый плывуць у яе кільватары, такім чынам, палітычнае жыццё ў Рэспубліцы Конга не надта багатае на падзеі.

Правы чалавека[правіць | правіць зыходнік]

У Конга вельмі моцна парушаюцца правы пігмеяў, якія тут (ды і ў суседніх краінах) часта ад нараджэння належаць банту і разглядаюцца тымі як нейкая свойская жывёла. Разумеючы ўсё дзікунства традыцыі, у снежні 2010 парламент прыняў закон аб захаванні праў карэнных жыхароў краіны, дужа ўхвалены ААН.[3]

Знешняя палітыка[правіць | правіць зыходнік]

У 1960-х – 1980-х Рэспубліка Конга арыентавалася пераважна на краіны сацыялістычнага лагеру. У ХХІ стагоддзі дзяржава праводзіць шматвектарную палітыку, але на першы план — у сілу гістарычнай, моўнай і эканамічнай спадчыны — як і сто гадоў таму, высунулася Францыя.

Адміністрацыйны падзел[правіць | правіць зыходнік]

Дэпартаменты Рэспублікі Конга

Рэспубліка Конга дзеліцца на 12 дэпартаментаў, якія, ў сваю чаргу, складаюца з камун, а тыя — з раёнаў. Спіс дэпартаментаў Рэспублікі Конга:

  • Буэнза
  • Кювет
  • Заходні Кювет
  • Пул
  • Санга
  • Куілу (прыбярэжны)
  • Ніяры
  • Пуэнт-Нуар (прыбярэжны)
  • Лекуму
  • Плато
  • Лікуала (самы вялікі)
  • Бразавіль (сталічны)

Зноскі