Паморы

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Паморы
(Поморы)
Pomor man.jpg
Агульная колькасць 3113 (2010 г.)
Рэгіёны пражывання Расія
Мова руская
Рэлігія праваслаўе
Блізкія этнічныя групы іншыя рускія

Паморы (руск.: поморы) — субэтнічная група рускіх, насельнікі ўзбярэжжа Белага мора. У 2010 г. да памораў адносілі сябе 3 113 чал.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Усходнеславянская каланізацыя зямель паўднёва-усходняга берага Белага мора пачалася амаль тысячу гадоў таму. Мяркуецца, што выхадцы з Вялікага Ноўгарада выйшлі да беламорскага ўзбярэжжа праз даліны Паўночнай Дзвіны і Анегі ўжо ў канцы X ст.[1] Асноўны этап міграцыі старажытнарускага насельніцтва на поўнач прыпаў на XII - XV стст., што з аднаго боку тлумачыцца небяспекай з боку мангола-татарскай пагрозы[2], а з іншага — высокімі коштамі на футра і маржовы клык, якімі гандлявала Наўгародская рэспубліка[3]. Міграцыі на поўнач працягваліся і пасля далучэння Вялікага Ноўгарада да Маскоўскай дзяржавы ў 1478 г. Паўночная частка Усходняй Еўропы доўгі час з'яўляўся адным з найбольш населеных рэгіёнаў Расіі.

Упершыню назва "паморцы" ў дачыненні да насельніцтва ўзбярэжжа Белага мора з'явілася ў пісьмовых крыніцах пад 1526 г.[4] Пазней назва "паморы" шырока выкарыстоўвалася ў афіцыйных дакументах і як саманазва часткі рускага насельніцтва. Паморы займаліся мараплаўствам, рыбалоўствам і гандлем, падтрымлівалі сувязі з іншымі народамі поўначы і Заходняй Еўропы, іх сталыя і часовыя паселішчы сустракаліся на Кольскім паўвостраве, поўначы Нарвегіі, Шпіцбергене, Новай Зямлі.

З канца XIX ст. навукоўцамі выказвалася думка, што паморы паходзяць ад сумесных шлюбаў рускіх перасяленцаў з мясцовым фінамоўным насельніцтвам і саамамі або нават ад мясцовага насельніцтва, асіміляванага рускімі. Гэта падтвярджалася антрапалагічнымі і лінгвістычнымі матэрыяламі[5]. Аднак сучасныя генетычныя даследаванні паказваюць, што паморы пераважна маюць адзінае паходжанне з іншымі рускімі[6].

Асаблівасці культуры[правіць | правіць зыходнік]

Для памораў характэрны тып гаспадаркі, звязаны з мараплаўствам. Сельская гаспадарка, у тым ліку жывёлагадоўля і земляробства, не адыгрывала значнай эканамічнай ролі. Паморы вырошчвалі ячмень, жыта, гародніну, трымалі кароў, коней, авечак, на поўначы — аленяў, аднак сельская гаспадарка не забяспечвала нават унутраныя сямейныя патрэбы. Большае значэнне мела рыбалоўства і паляванне на ластаногіх. Прычым, з XVII ст. гэтыя формы здабычы мелі ярка акрэслены камерцыйны характар. У асноўным здабывалі траску, ласосевых, селядцоў, грэнландскіх цюленяў, што зімавалі ў Белым моры. Здабыча магла весціся далёка ад асноўнага паселішча. Для гэтага паморы стваралі сталыя або часовыя калектывы рыбаловаў або паляўнічых на чале старасты. Распаўсюджаныя рамёствы — пляценне сетак, разьба, суднабудаванне. У некаторых месцах паморы здабывалі соль, рачны жэмчуг, слюды, жалеза. Важную ролю адыгрываў гандаль.

Асноўныя тыпы паселішчаў — сяло і вёска. Вядомы таксама большыя па памерах паселішчы — пагост і слабада. Апошнія звычайна ўзнікалі ў месцах здабычы солі і гандлю. Слабодамі называлі буйныя паселішчы, насельніцтва якіх знаходзілася ў аброчнай залежнасці ад манастыроў. Меншыя тыпы паселішчаў — выселкі і скіты — амаль зніклі да сярэдзіны XIX ст. Гарады на тэрыторыях, населеных паморамі, ўзніклі толькі ў XVIII ст. у выніку адміністрацыйных рэформ. Традыцыйнае дойлідства пераважна драўлянае. Распаўсюджаны шатровыя купалы храмаў, нахільны драўляны плот ёз скандынаўскага тыпа, разное надмагілле галбец. У навігацыйных мэтах на ўзбярэжжы ставілі драўляныя крыжы гурыі. Традыцыйная вопратка нагадвала зыранскую або саамскую, шылася са скуры, футра і ваўняных тканін.

Паморскія сем'і — вялікія пашыраныя на чале старэйшага мужчыны. Яны аб'ядноўваліся ў суседскую абшчыну мір, якая з'яўлялася аўтаномнай адзінкай. Акрамя таго ствараліся часовыя міжсямейныя або прафесійныя калектывы арцель. Яны кіраваліся выбранымі старастамі, часам захоплівалі зямельныя і водныя ўгоддзі для сумеснай эксплуатацыі[7]. Абшчыннае размеркаванне ўгоддзяў сустракалася радзей і пераважна тычылася зямельных спрэчак.

Фальклор прадстаўлены шматлікімі казкамі і легендамі. Народная музыка адрозніваецца абмежаваным наборам музычных інструментаў, найчасцей сустракаліся драўляныя духавыя інструменты і металічныя званы.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Паморскі дыялект рускай мовы вызначаецца вялікай колькасцю слоў фіна-ўгорскага і скандынаўскага паходжання, развітай прафесійнай лексікай маракоў і здабытчыкаў.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Асноўная рэлігіяправаслаўе, з XVII ст. шырока распаўсюджана стараабрадства.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]