Панна аптэчкова

Панна аптэчкова (польск.: panna apteczkowa) — службовая пасада ў шляхецкіх дамах эпохі сарматызму і першай паловы XIX стагоддзя, адказная за ўтрыманне гэтак званай «аптэчкі», якую займалі незамужнія жанчыны, найчасцей з незаможных шляхецкіх родаў.
Наліўкі ў шляхецкім доме звычайна захоўвалі ў г.зв. «аптэчцы прыемнай», якая часта мела выгляд адмысловай шафы, накшталт cучаснага міні-бару, звычайна навясной, замыканай на ключ. Але ў больш багатых дамах пад «аптэчку» магло выдзяляцца і асобнае памяшканне. Там жа захоўваліся і прыправы, ласункі (сушаныя слівы, разынкі, мігдал, пернікі), экзатычныя каланіяльныя тавары накшталт кавы і гарбаты. Ключ ад «аптэчкі прыемнай» знаходзіўся ў распараджэнні гаспадыні дому або яе блізкай даверанай асобы — ахмістрыні, рэспектовай, а часта асаблівай «панны аптэчковай». Аптэчку адмыкалі ў прамежках паміж асноўнымі прыёмамі ежы або з нагоды прыёму гасцей. Даўняя традыцыя ведала некалькі дзясяткаў рэцэптаў настоек і налівак, якім прыпісваліся пэўныя лекавыя ўласцівасці — кожная ад нейкай іншай хваробы. Некаторыя з іх таксама ўжываліся толькі з пэўных сямейных або каляндарных нагодаў.
Усе гэтыя запасы належала своечасова папаўняць і быць гатовай у любы момант даць справаздачу гаспадару (часцей — гаспадыні). Дарэчы, аптэчка прыемная ў значнай частцы была адпаведнікам сучаснай хатняй аптэчкі, бо шмат якія настойкі з зёлак і лічыліся лекамі ад тых ці іншых хваробаў, а прафесійных лекараў не хапала нават на заможныя сем’і, так што часта іншых лекаў і не ведалі. Часам панны аптэчковыя браліся лячыць усе хваробы цела і нават душы, ад мігрэні і меланхоліі, да ліхаманкі і халеры. Апроч напояў, яны загадвалі разнастайнымі канфітурамі, свойскімі цукеркамі, пернікамі, абаранкамі ды іншымі слодычамі, сушонымі сырамі, сокамі, касметычнымі сродкамі, дарагімі замежнымі спецыямі — шафранам, перцам, ваніллю і інш.
Калі ж у сярэдзіне XIX ст. пачала перамагаць сучасная навуковая медыцына, і навуковыя таварыствы публікавалі спісы лекаў, якія неабходна мець у кожным прыстойным доме, гэтыя публікацыі адрасаваліся перадусім паннам аптэчковым. Заваяваўшы іх давер, можна было разлічваць на прыхільнасць усяго адукаванага ды прыстойнага грамадства.
Былі гэта сапраўды панны, г.зн. жанчыны незамужнія, бо клопату з той аптэчкай было столькі, што часу на сям’ю не заставалася. І самымі вялікімі майстрыцамі гэтай справы ганарыліся не менш чым кухмістрамі, давалі належнае ўтрыманне, а пры нагодзе яны нават маглі знайсці неблагую партыю. У свой час прагрымеў ці не на ўсю Літву выпадак з Эльжбетай Унароўскай (Elżbieta Wnorowska), паннай аптэчковай паноў Пацаў з іх маёнтку Езна (цяпер Езнас у Літве). Было гэта ў 1772 г., рыхтык падчас 1-га падзелу Рэчы Паспалітай, а занатаваў гэты выпадак славуты мемуарыст Марцін Матушэвіч. Панна Эльжбета была далёкай сваячкай Пацаў і змалку выхоўвалася ў іх доме. Яна яшчэ падлеткам пачала дапамагаць панне аптэчковай, навучылася добра разбірацца ў хатняй медыцыне і гарэльніцтве, а з цягам часу і заняла яе месца. Была «поўнай прыгажосці і прывабнасці», і ледзь дасягнула 24 гадоў. Яе рукі пачаў дамагацца шляхціч Задорскі, прыстойны і нябедны, але панна Эльжбета ўсё ніяк не магла наважыцца. Пасля году бясплённых заляцанняў пан Задорскі, добра ведаючы месца на ўскрайку пушчы, дзе панна Эльжбета разам з дваровымі дзяўчатамі збірае зёлкі, падвячоркам пад’ехаў туды з некалькімі пахолкамі, схапіў панну, пасадзіў на свайго каня, і галопам умкнуў у сваю сядзібу. Назаўтра, ужо заручаныя, маладыя ў поўнай згодзе з’явілася перад Пацамі з просьбай дазволіць шлюб. Жыццё маладой пары складалася шчасліва, панна Эльжбета, здаецца, ніколі не пашкадавала пра выкраданне. І не забывалася штовосень высылаць да двору Пацаў вялікі кош са сваімі фірмовымі наліўкамі ды канфітурамі.
Іншы вядомы мемуарыст, Лукаш Галамбёўскі, успамінаў, што на яго памяці ў князёў Любецкіх (маршалка пінскага і яго жонкі), у часы Станіслава Аўгуста, была ўзорная ахмістрыня, нейкая Паўлоўская. «Склеп пад капліцай ледзьве мог змясціць усе тыя запасы, як нельга лепш спарадкаваныя, падпісаныя, у бутлях, слоіках, мяшках, мяшочках, на шматлікіх паліцах, цалкам зачыняючы сцены зверху дадолу. У меней заможных усе тыя запасы змяшчаліся ў адной або дзвюх шафках. Ці ўсё з тых хатніх лекаў заўсёды дапамагалі, не нам судзіць належыць; аднак такі клопат пра здароўе сям’і і падданых нязменна выклікаў захапленне».
Панны аптэчковыя павінны былі валодаць досыць шырокімі і разнастайнымі кампетэнцыямі: разбірацца як у навуковых кнігах аб травах і іх лячэбных уласцівасцях, так і ў народнай медыцыне, умець практычна знаходзіць у наваколлях і нарыхтоўваць усе неабходныя расліны, гнаць гарэлкі, воцаты, настойваць настойкі, варыць канфітуры, падрыхтоўваць касметычныя сродкі, дбайна захоўваць нарыхтаванае ад псавання і крадзяжу, для чаго неабходныя былі і пэўныя бухгалтарскія навыкі. Ведаць і ўмець яшчэ незлічоную масу розных рэчаў. Адказнасць на іх ляжала вялікая, і, як правіла, яны з ёй годна спраўляліся, але самая вялікая небяспека, якая ім пагражала, была ў лёгкім доступе да алкаголю. Некаторыя не вытрымлівалі: пачыналі патроху спрабаваць уласныя прадукты пры кожнай падставе: для апетыту, ад галаўнога болю, «ад нерваў», на сон… і ў выніку банальна співаліся.
Самай вядомай з паннаў аптэчковых была Барбара Маеўская, маці Адама Міцкевіча, якая займала гэтую пасаду ў маёнтку Чомбраў да свайго замужжа ў 1795 годзе[1].
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Кухмістр Верашчака. Сакатала бочачка: праўдзівая гісторыя нашых напояў / Кухмістр Верашчака [Алесь Белы]. — Мінск: Янушкевіч, 2017. — 208 с. — ISBN 978-985-7165-37-7.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Алесь Белы. Барбара Маеўская — самая славутая з «паннаў аптэчковых». patreon.com.