Панізоўе (рэгіён)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Панізоўе (дасл. «мясцовасць, якая ляжыць па ніжнім цячэнні ракі») — гістарычны рэгіён на паўднёвым усходзе Беларусі ў міжрэччы Дняпра і Сожа — сучасная ўсходняя Гомельшчына.

Рэгіён уключаў гарады Гомель, Крычаў, Прапойск, Рагачоў, Рэчыца, Чачэрск, а таксама Асцёр і Любеч, якія цяпер знаходзяцца ў Чарнігаўскай вобласці Украіны.

Тэрмін «Панізоўе» не быў шырока вядомым і не выкарыстоўваўся пасля г.зв. «Крывавага патопу» (казацка-сялянская вайна 1648–1651 гг. і вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй 1654 – 1667 гг.). Мяркуецца, аднак[1], што ў пачатку ХVII ст. гэты рэгіён называўся менавіта так, і толькі пасля Першага падзела Рэчы Паспалітай (1772) і далучэння ўсходняй часткі Беларусі да Расійскай імперыі, землі Панізоўя сталі асацыявацца з «Белай Руссю». Адбылося гэта з-за таго, што большая частка былога Панізоўя ўвайшла ў склад Магілёўскай (Беларускай) губерні. Адзначаецца таксама[1], што хоць харонім «Панізоўе» ўжываўся непрацяглы час, сам рэгіён склаўся і існаваў задоўга да ўзнікнення гэтай назвы, бо тэрыторыя Панізоўя дакладна супадае з тэрыторыяй рассялення радзімічаў.

У крыніцах[правіць | правіць зыходнік]

У «Суплікацыі» (хадайніцтве, прашэнні, скарзе) праваслаўнай шляхты Беларусі і Украіны на прыцясненне з боку уніятаў і католікаў, вынесенай на Варшаўскі сейм 1623 года, сярод тэрыторый, дзе жыве «рускі народ, які вызнае грэчаскую веру ўсходняга абраду», названыя Літва (з гарадамі Вільня, Браслаў, Брэст, Гродна, Камянец, Кобрын, Мінск, Навагрудак, Слонім), Палессе (Мазыр, Оўруч, Пінск), Белая Русь (Віцебск, Дзісна, Магілёў, Мсціслаў, Орша, Полацк), рэгіёны сучаснай Украіны і Панізоўе з вышэй пералічанымі гарадамі («Krzyczew, Czeczersk, Propojsk, Rohaczew, Homel, Ostr, Rzeczyca, Lubecz etc. na Ponizowiu»). Сустракаецца харонім (рэгіянальная назва) «Панізоўе» ў «Суплікацыі» і яшчэ: «...ludzie dla uniey z domow swych od dobr wycisnione, ledwie już Ponizowie y Ukraina zmieszczać mogą». Аднак гісторыкі В. Насевіч і М. Спірыдонаў лічаць, што «…назву «Панізоўе» ў апошнім прыкладзе трэба лічыць выпадковай, бо ў далейшым яна не набыла шырокага выкарыстання. Пазней паўднёвы ўсход Беларусі крыніцы звязваюць з «Белай Руссю»'[2].

Зноскі

  1. а б Забытая назва: Панізоўе.
  2. Насевіч, Спірыдонаў. Русь у складзе ВКЛ...

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Supplicatia do przeoswieconego i jasnie wielmoznego przezacney korony Polskiej i W. X. Lit. oboiego stanu duchownego i swieckiego senatu: w roku tym terazniejszym 1623 do Warszawy na seym walny przybyłego. Od obywatelow koronnych i W. X. Lit. wszystkich i w obec, i każdego z osobna: Ludzi zwołania szlacheckiego, relligiey starożytnej graeckiej, posłuszenstwa wschodniego // Документы объясняющие историю Западно-Русского края и его отношение к России и Польше. СПб, 1865. С. 292.
  • Насевіч В., Спірыдонаў М. «Русь» у складзе Вялікага княства Літоўскага ў XVI ст. // З глыбі вякоў. Наш край: Гістарычна-культуралагічны зборнік. Вып. 1. Мінск: Навука і тэхніка, 1996. С. 4 – 27.
  • Носевич В. Белорусы: становление этноса и «национальная идея» // «Белоруссия и Россия: общества и государства», 1998.
  • Латышонак А.. Крэва — Верх — Белая Русь. Arche №11 (62) 2007.
  • Васькоў У. Католікі на абшарах Панізоўя і Севершчыны: Гісторыя Гомельскага дэканата. — Мн., 2011. ISBN 978-985-6825-62-0