Папоўцы (геалагічнае агаленне)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Помнік прыроды
Агаленне «Папоўцы»
геалагічны помнік прыроды
Агаленне «Папоўцы» 03.jpg
54°34′36″ пн. ш. 26°42′19″ у. д.HGЯO
Краіна Сцяг Беларусі Беларусь
Месцазнаходжанне

Мінская вобласць Вілейскі раён

Папоўцы
Лагатып Вікісховішча Папоўцы на Вікісховішчы

Агаленне «Папоўцы»геалагічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння. Уяўляе сабой эталонны разрэз перыгляцыяльных алювіяльных і лімнагляцыяльных адкладаў паазерскага зледзянення. Размешчана ў пяціметровым уступе тэрасы правага берага р.Нарач, мае працягласць 60 метраў і распасціраецца за 1 км на поўнач ад в.Папоўцы Вілейскага раёна.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Агаленне вядома з 1955 года, найбольш дасканала вывучана вядомымі беларускімі даследчыкамі Я.Ільіным (1968) і Н.Махнач (1971).

Сутнасць[правіць | правіць зыходнік]

У 8-метровай тоўшчы агалення пераслойваюцца паміж сабой розназярністыя, рознакаляровыя золавыя, азёрна–ледавіковыя і перыгляцыяльныя пяскі, супескі і азёрна–ледавіковыя гліны. Амаль усе слаі са слядамі мярзлотных дэфармацый — пасечаны марознымі трэшчынамі. Ніжэй гэтых слаёў на марэнных светла-карычневых супесках са жвірам і галькай прасочваецца гарызонт (да 1,6 м) карычнева-шэрага, месцамі да чорнага алювіяльнага супеска з тонкадысперсным арганічным рэчывам.

Гэты паазерскі перыгляцыяльны алювій утварае ніжнюю частку агалення, верхнюю частку складаюць познапаазерскія азёрна–ледавіковыя пароды. Карычнева-шэры гумусавы супесак утрымлівае дробныя рэшткі выкапнёвых раслін — пылок, споры і часткі мхоў, лішайнікаў, кустоў і траў. Адклады характарызуюцца перавагай холада– і сухалюбівых відаў, аб чым сведчыць наяўнасць у выкапнёвай флоры рэшткаў такіх раслін, як палын, маравыя, злакі, верас і іншых раслін аголеных субстратаў, стэпавых груповак, сухіх камяністых схілаў (эфедра, гваздзікавыя, казяльцовыя, ружакветныя, бабовыя, парасонавыя, губакветныя, каменяломнікавыя і інш.).

Паводле складу гэтай флоры, рачныя адклады агалення «Папоўцы» сфарміраваліся прыкладна 20—17 тыс. гадоў таму ў даліне р.Нарач перад фронтам ільдоў максімальнай стадыі наступання паазерскага ледавіка. Выкапнёвыя рэшткі раслін з гэтай часткі агалення сведчаць таксама пра абвастрэнне перыгляцыяльнага становішча ў басейне р.Вілія ў сувязі з паступовым набліжэннем ледавіковага фронту. Шматлікія крыятурбацыі і сляды маразабойнага растрэсквання ў алювіяльных пясках і падсцілаючых супесках прама паказваюць на былую наяўнасць вечнай мерзлаты ў гэтым месцы.

Назапашванне азёрна-ледавіковых глін і пяскоў верхняй часткі агалення адбывалася ў максімальную стадыю паазерскага зледзянення ў Вілейскім падпрудным прыледавіковым возеры, якое ў перыяд разліву займала значную частку Вілейскай раўніны і сучаснай тэрыторыі раёна.

Значэнне[правіць | правіць зыходнік]

Агаленне «Папоўцы» мае важнае навуковае значэнне — яго будова ўяўляе характэрны прыклад запаўнення і часовага адмірання даліны р.Нарач, абумоўленых наступаннем ледавіка ў час паазерскага зледзянення. Яно дае магчымасць удакладніць мяжу максімальнага распаўсюджвання гэтага ледавіка, вырашыць некаторыя пытанні стратыграфіі позняга плейстацэну, даследаваць палеагеаграфічныя ўмовы таго часу і заканамернасці развіцця не толькі даліны р.Нарач, але і ўсіх рэк, што цяклі насустрач наступаючаму ледавіку, выявіць асаблівасці эвалюцыі флоры. Гэта месца наведваюць геолагі ў час правядзення міжнародных навуковых сімпозіумаў, па ім ствараецца ўражанне пра геалагічную будову і прыроду паўночна-заходняй часткі Беларусі.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Памяць. Вілейскі раён. // — Мн.: БелТА., 2003. — 704 с. — (Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларуі.). — 3000 экз. — ISBN 985-6302-56-0