Парамушыр

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Парамушыр
руск. Парамушир
Выгляд з космасу
Выгляд з космасу
Характарыстыкі
Плошча2 479 км²
Насельніцтва2 470 чал.
Шчыльнасць насельніцтва1 чал./км²
Размяшчэнне
50°23′ пн. ш. 155°41′ у. д.HGЯO
АкваторыяЦіхі акіян
Краіна
Парамушыр (Расія)
Парамушыр
Парамушыр
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Парамушы́р (руск.: Парамушир) — адзін з найбуйнейшых Курыльскіх астравоў. Адміністрацыйна ўваходзіць у склад Сахалінскай вобласці Расіі. Плошча — 2479 км²[1]. Насельніцтва (2006 г.) — 2470 чал. На Парамушыры знаходзіцца горад Севера-Курыльск.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Парамушыр знаходзіцца ў паўночнай групе Вялікай Курыльскай грады ў 38 км на паўднёвы захад ад паўвострава Камчатка, у 982 км на паўночны ўсход ад Южна-Сахалінска, у 6929 км на ўсход ад Масквы, у 7472 км на ўсход ад Мінска. Даўжыня — 99 км. Найбольшая шырыня — 28,8 км.

Востраў уяўляе сабою ланцуг вулканаў. Найбольш вядомыя з іх — Чыкура́чкі (1816 м), Фуса (1772 м), Татарынава (1530 м), Карпінскага (1345 м), Эбека (1156 м). Усе яны застаюцца актыўнымі. На паўночным захадзе і паўднёвым усходзе вылучаюцца высокія горныя хрыбты. Праз цэнтральную частку цягнуцца ўзвышшы да 818—894 м. Карысны выкапень, які шырока сустракаецца на Парамушыры, — сера.

Бераг з боку Ахоцкага мора ўзняты, са стромкімі абрывамі і вузкімі палоскамі друзу ля вады. З боку Ціхага акіяна пераважае раўнінны бераг са стромкімі мысамі і шматлікімі скаламі і рыфамі. Рэкі бяруць пачатак у горных ледавіках, якія да канца не знікаюць нават улетку, і цякуць пераважна на ўсход. Рэкі са сцёкам на захад кароткія, часта абрываюцца вадаспадамі. Міжрэччы забалочаныя. На паўднёвым усходзе знаходзіцца вялікае возера, сфарміраванае ў выніку тэктанічных працэсаў.

Клімат марскі прахалодны з доўгай снежнай зімою і імглістым прахалодным летам. На востраве здараюцца землятрусы і цунамі.

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

Лясы на Парамушыры рэдкія, сустракаюцца толькі ў даліне самай доўгай ракі Тухарка. Сярод дрэваў пераважаюць вербы. Астатняя частка вострава пакрыта зёлкавымі лугамі, горнымі і прыбярэжнымі тундрамі, зараснікамі карлікавых кедраў і вольхі.

Жывёльны свет прадстаўлены гарнастаямі, зайцамі, шматлікімі птушкамі і ластаногімі. На Парамушыры жыве каля ста бурых мядзведзяў. У рэках нерастуюць рэдкія віды рыб.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Японская метэаралагічная станцыя на Парамушыры

У старажытнасці востраў насялялі айны. З іх мовы назва Парамушыра перакладаецца як «шырокае месца». У 1711 г. востраў быў адкрыты рускімі казакамі. Хаця тубыльцы супраціўляліся гэтаму, яны абклалі мясцовых айнаў ясакам. У 1747 г. прыбылі праваслаўныя місіянеры. У 1715 г. на Парамушыр былі заяўлены прэтэнзіі Японіі.

У 1855 г. Расія і Японія заключылі дагавор, паводле якога Парамушыр быў далучаны да Расіі. У 1875 г. па новаму міжнароднаму дагавору востраў пераходзіў у склад Японіі. На поўначы Парамушыра японцы пабудавалі некалькі рыбалоўных баз, рыбакансервавы завод, прадпрыемства па вытворчасці ёду з ламінарыі, паштовую і метэаралагічную станцыі. Айны былі імі пераселены на поўдзень Курыльскіх астравоў.

Падчас II сусветнай вайны востраў ператварыўся ў важную ваенную базу. Былі пабудаваны ваенны аэрапорт, порт, гарнізонныя ўмацаванні. Першапачаткова Парамушыр разглядаўся японскімі ваеннымі як адзін з галоўных пунктаў для захопу Алеуцкіх астравоў і толькі потым як крэпасць для абароны з поўначы. У 1945 г. востраў з баямі занялі савецкія войскі. Ён быў далучаны да РСФСР.

Інфраструктура[правіць | правіць зыходнік]

Найбуйнейшы населены пункт — горад Севера-Курыльск на поўначы вострава. На Парамушыры размешчана некалькі расійскіх памежных і ваенных баз. Мясцовае насельніцтва займаецца пераважна ловам рыбы, абслугоўвае ваенныя базы. У Севера-Курыльску ёсць порт і аэрапорт. Праз іх падтрымліваецца сувязь пераважна з горадам Петрапаўлаўск-Камчацкі, але з-за надвор’я і цяжкіх эканамічных умоў яна не з’яўляецца рэгулярнай.

Астатняя частка Парамушыра амаль не абжыта. Нягледзячы на добрыя перспектывы, турызм пакуль не мае вялікага значэння.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]