Перайсці да зместу

Парк Гомельскага палацава-паркавага ансамбля

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Палацава-паркавы комплекс ў Гомелі

Парк Гомельскага палацава-паркавага ансамбля (раней парк імя Аляксандра Васільевіча Луначарскага, Парк культуры і адпачынку) — парк у Гомелі, частка Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. Батанічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння[1].

Парк быў заснаваны ў 1837 годзе. Сучасны выгляд парк набыў пры І. Ф. Паскевічы. Кіраваў работамі па разбіўцы парка польскі архітэктар Адам Ідзкоўскі. Парк падзелены Лебядзінай сажалкай на дзве часткі — паўднёвую, дзе знаходзіцца палац Румянцавых-Паскевічаў, Сабор св. Пятра і Паўла, капліца-склеп Паскевічаў, помнік М. П. Румянцаву, і паўночную, дзе цяпер размешчаны атракцыёны, Зімовы сад, аглядная вежа — былая труба цукровага завода.

Парк
Лебядзіная сажалка

Усяго на тэрыторыі парка налічваецца каля 5 тысяч дрэў. Парк уяўляе асаблівую дэндралагічную каштоўнасць. На яго тэрыторыі растуць 84 віды дрэў і 79 відаў кустоў, сярод якіх шмат каштоўных рэдкіх драўняных відаў[1]. У асноўным расце ліпа, акацыя, бяроза, каштан, ясень, клён вастралісты і інш. А таксама больш за 30 экзатычных для Беларусі відаў, сярод якіх гінкга (Ginkgo biloba), яблыня Нядзвецкага (Malus pumila), хвоя чорная (Pinus nigra), дуб грабеністы (Quercus robur f. pectinata), аксаміт амурскі (Phellodendron amurense), лістоўніца (Larix) і інш.

1 жніўня 2014 года парк быў пераназваны ў «Парк Гомельскага палацава-паркавага ансамбля». Разам з яго пераўтварэннем, паменшыліся межы і плошча помніка прыроды на 7,3 га, з 25 га да 17,7 га. З яго плошчы выключылі зону, занятую атракцыёнамі, а таксама схіламі берага ракі Сож, на якіх не растуць каштоўныя драўняна-хмызняковыя віды. Акрамя таго, уведзены некаторыя новыя забароны, якія тычацца выдаленні драўняна-хмызняковай расліннасці, узвядзення аб'ектаў будаўніцтва, змены гідралагічнага рэжыму, пашкоджання жывога наглебавага покрыва, інтрадукцыі інвазіўных чужародных відаў раслін, руху і стаянкі механічных транспартных сродкаў, размяшчэння адходаў[1].

Плануецца поўная замена агароджы парку на новую, выкананую на ўзор плота ў парку князя Паскевіча. Таксама ў парку будуць адноўлены вароты. Разглядаецца варыянт ўвесці платны ўваход[1].

Зноскі