Тынвальд

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Парламент Вострава Мэн)

Тынвальд (англ.: Tynwald, мэнск.: Tinvaal) — парламент Вострава Мэн.

Тынвальд, адзін з найстарэйшых парламентаў у свеце, быў утвораны ў 979 годзе, размяшчаецца ў сталіцы Вострава Мэн горадзе Дугласе. Складаецца з 35 дэпутатаў.

Кіраўніком парламента з’яўляецца Старшыня, якога выбіраюць члены Тынвальда. Фармальна ён зацвярджаецца на пасаду прадстаўніком брытанскага манарха — лейтэнант-губернатарам, які прызначаецца кожныя пяць гадоў, але ўжо некалькі стагоддзяў не было выпадкаў адмовы. Прэзідэнт Тынвальда з’яўляецца дэ-факта кіраўніком вострава (дэ-юрэ «Лордам/Лэдзі вострава» застаецца манарх Вялікабрытаніі). Парламент займаецца пытаннямі знешняй і ўнутранай палітыкі.

У 1979 годзе пры святкаванні тысячагоддзя Тынвальда адбылося юбілейнае ўрачыстае пасяджэнне Тынвальда, якое праходзіла пад старшынствам Лэдзі Мэна Лізаветы II.

Тынвальд складаецца з дзвюх палат: ніжняй — Палаты ключоў, якую абіраюць прамым усеагульным галасаваннем, і верхняй палаты — Заканадаўчага савета, члены якога выбіраюцца ніжняй палатай. Распрацоўкай законаў займаецца ў асноўным ніжняя палата, а верхняя іх зацвярджае. Зацверджаны абедзвюма палатамі закон павінен быць прадстаўлены для зацвярджэння Лорду вострава Мэн або лейтэнант-губернатару для атрымання каралеўскай санкцыі. Зрэшты, калі верхняя палата не зацвердзіць закон або ўнясе непажаданыя папраўкі, ніжняя палата мае права прадставіць закон для каралеўскай санкцыі без адабрэння Заканадаўчага савета; ў сілу гэтага палітычная вага верхняй палаты не вельмі вялікая.

Паміж 1706 і 1874 гадамі Палата ключоў засядала ў будынку ў Каслтаўне, былой сталіцы вострава Мэн.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]