Партрэт дачкі (карціна Міхаіла Станюты)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Міхаіл Станюта
Партрэт дачкі. 1923
Матэрыял кардон
Тэхніка тэмпера
Памеры 87,5 × 60 см
Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Мінск

Партрэт дачкі, першапачатковая назва — Эскіз да партрэта — карціна беларускага мастака Міхаіла Станюты (18811974), напісаная ў 1923 годзе. З'яўляецца часткай збору Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі ў Мінску. Памер карціны — 87,5 × 60 см[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Карціна створана ў 1923 годзе. Мастак адлютраваў у гэтым жывапісным творы сваю 18-гадовую дачку, вучаніцу Беларускай драматычнай студыі ў Маскве — Стэфанію (19052000), будучую народную артыстку СССР, Беларускай ССР, адну з самых вядомых актрыс тэатра і кіно Беларусі[2]. Аб «Партрэце дачкі» сама Стэфанія ўспамінала так[3]:

" …аднойчы, калі ўлетку адпачывала дома, бацька вырашыў напісаць мой партрэт — а можа, я сама прапанавала або папрасіла, і ўсё атрымалася хутка і проста, без падрыхтоўкі. У сера-блакітнай сацінавай сукенцы з кароткімі рукавамі, з вузкім беларускім паяском на галаве, я села на стале, падкруціўшы ногі, абапіраючыся на стол рукамі і гледзячы кудысьці ў бок, а абедзве касы леглі на калены. Хутчэй за ўсё ўсё гэта я сама і прыдумала пазіраваць менавіта так, таму што ўзгадваю, як рабіла „фон“, развешваючы сінюю хустку і замацоўваючы на ім нешта накшталт бантаў з чырвонай гафрыраванай паперы. Бацька ўзяў ліст паперы, прыкладна метр на паўметра, і за адзін або два сеансы гэты дэкаратыўна-плоскастны партрэт тэмперай быў гатовы "

Карціна экспанавалася на Першай Усебеларускай выстаўцы ў 1925 годзе[4].

«Партрэт дачкі» Міхася Станюты разам з іншымі палотнамі Мінскай карціннай галерэі ў час нямецкай акупацыі Беларусі быў вывезены нацыстамі ў Германію. Пасля вайны адшукала яго дырэктар Мастацкага музея БССР Алена Васільеўна Аладава і вярнула ў Мінск[5].

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Дзявоцкая чароўнасць мадэлі, яе прыгажосць і вытанчанасць дапамагае расчыніць каларыт працы — шматколерны, неспакойны, а таксама своеасаблівая арнаментальнасць. Палатно дыхае зіхатлівай юнацкасцю, верай у свае здольнасці і ў сваю мару, уласцівай 18-гадовай актрысе[3].

Зноскі