Перайсці да зместу

Партызанскі парад

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Партызанскі парад

Партызанскі парад адбыўся 16 ліпеня 1944 года ў Мінску, у гонар вызвалення горада ад нямецкай акупацыі.

Пасля вызвалення 3 ліпеня 1944 года Мінска, на ўсходзе ад яго ў мінскі кацёл трапіла 105-тысячная групоўка Вермахта, якая прарывалася да ўсходніх ускраін горада. БШПР 5 ліпеня 1944 года радыёграмай загадаў падцягнуць да Мінска 17 партызанскіх брыгад. Разам з Чырвонай Арміяй партызаны ўдзельнічалі ў ліквідацыі «катла», трымалі абарону на поўначы, паўночным усходзе, усходзе, паўднёвым усходзе ад Мінска, ахоўвалі ўрадавыя будынкі, заводы, аэрадром і іншыя аб’екты, канваіравалі з горада больш за 17 000 ваеннапалонных; да 16 ліпеня правялі 15 буйных баявых аперацый.

Парад праходзіў на тэрыторыі Мінскага іпадрома (цяпер тэрыторыя парка імя 40-годдзя Кастрычніка). Ва ўрачыстым мітынгу жыхароў горада (каля 50 000 чалавек) і партызан (каля 30 000 чалавек) прымалі ўдзел дэлегацыі воінаў Чырвонай Арміі на чале з камандуючым 3-м Беларускім фронтам Іванам Данілавічам Чарняхоўскім і працоўных горада Горкі, якая перадала Мінску эшалон падарункаў. Парад прымаў начальнік ЦШПР і СНК БССР Панцеляймон Кандратавіч Панамарэнка, камандаваў парадам начальнік БШПР Пётр Захаравіч Калінін. Урачысты марш партызан Мінскай і некаторых суседніх абласцей адкрыла партызанская брыгада «Народныя мсціўцы» імя В. Т. Варанянскага. Партызаны ішлі са сваімі сцягамі і зброяй, везлі артылерыю, ехалі на кулямётных тачанках, аўтамабілях, у тым ліку трафейных, самаходных гарматах. Асобнай групай была прадстаўлена зводная група кавалерыі. Пасля парада ўдзельнікі строем прайшлі па вуліцах Мінска.