Парыжскі кодэкс
Парыжскі кодэкс | |
---|---|
Нацыянальная бібліятэка Францыі | |
![]() Апошнія дзве старонкі Парыжскага кодэкса з маяскім «задыякам» | |
Іншыя назвы | Кодэкс Перэса (лац.: Codex Peresianus, ісп.: Codex Pérez) |
Тып | кодэкс |
Датаванне | Посткласічны перыяд (каля 900 — 1521 гг. н.э.) |
Месца паходжання | Юкатан, Мексіка |
Мова (мовы) | мая |
Матэрыял | папера на аснове кары[1] |
Памеры | 140 на 23,5 см |
Фармат | кніга-гармонік |
Стан | моцна пашкоджаны |
Пісьмо | пісьмо мая |
Змест | рытуальны зборнік, каляндарныя звесткі |
Выяўлены | у 1859 г. ў Нацыянальнай бібліятэцы Францыі |
Парыжскі кодэкс (таксама вядомы як «Кодэкс Перэса»: лац.: Codex Peresianus, ці ісп.: Codex Pérez)[2] — адзін з трох захаваных агульнапрызнаных[3] дакалумбавых кодэксаў мая, які датуецца посткласічным перыядам Месаамерыканскай храналогіі (каля 900—1521 гг. н.э.)[4]. Дакумент вельмі дрэнна захаваўся і прыкметна сапсаваны па краях старонак, з-за чаго частка тэксту страчана. Кодэкс у значнай ступені звязаны з цыклам трынаццаці 20-гадовых катунаў і ўтрымлівае астранамічныя знакі мая.
Парыжскі кодэкс, як лічыцца, быў створаны на заходнім Юкатане, імаверна ў Маяпане. Як мяркуюць, кодэкс зроблены недзе каля 1450 года, у позні посткласічны перыяд (1200—1525 гг.). Не так даўно была прапанавана больш ранняя дата — 1185 год, што адносіць дакумент да ранняга посткласічнага перыяду (900—1200 гг.). Аднак, астранамічныя і каляндарныя звесткі ў кодэксе адпавядаюць цыклу класічнага перыяду з 731 па 987 г. н.э., што паказвае, што кодэкс можа быць копіяй намнога старэйшага помніка.
На сёння Парыжскі кодэкс захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Францыі ў Парыжы, у аддзеле рукапісаў, і зарэгістраваны ў каталогу як Mexicain 386[5].
Фізічныя характарыстыкі[правіць | правіць зыходнік]
Кодэкс зроблены з паласы даўжынёю 140 см і вышынёю 23,5 см, складзенай у 11 лістоў, запоўненых малюнкамі і тэкстам з абодвух бакоў[1]. Парыжскі кодэкс вельмі дрэнна захаваўся і складаецца з рада фрагментаў[6]; вапнавая грунтоўка кодэкса моцна размылася па краях, што прывяло да страты іерогліфаў і рысункаў, якія захаваліся толькі пасярэдзіне старонак[7].
Змест[правіць | правіць зыходнік]
Змест кодэкса ў асноўным рытуальны па сутнасці, і адзін бок кодэкса ўтрымлівае багоў-апекуноў і звязаныя рытуалы для цыкла з трынаццаці катунаў (20-гадовых цыклаў календара мая)[8]. Адзін фрагмент утрымлівае жывёл, якія прадстаўляюць астранамічныя знакі ўздоўж экліптыкі, уключаючы скарпіёна і пекары[9]; фрагменты гэтага «задыяка» мая намаляваныя на дзвюх старонках кодэкса[10]. На некаторых старонках ёсць заўвагі, зробленыя лацініцай[1].
На адным баку кодэкса ў афармленні кожнай старонкі ў цэлым прасочваецца аднатыпнае размяшчэнне фігур: постаць злева стаіць, а постаць справа сядзіць. На кожнай старонцы таксама прысутнічае іерогліф дня «ахаў», спалучаны з лікавым каэфіцыентам, які паказвае дату апошняга дня каляндарнага цыкла. Нягледзячы на дрэнны стан дакумента, захавалася дастаткова тэксту, каб можна было бачыць, што ў Парыжскім кодэксе асноўны рад дат адпавядае канчаткам катуна, што дазваляе рэканструяваць некаторыя са страчаных знакаў дат у тэксце. Кожная з сядзячых постацей звязана з зорным знакам, што паказвае, што яны прадстаўляюць кіруючае бажаство кожнага катуна[1].
Адваротны бок кодэкса больш разнастайны па змесце і ўключае раздзел, прысвечаны каляндарнаму цыклу пад кіраваннем Чака, бога дажджу. На дзюх старонках праілюстраваны дні 260-дзённага цыкла цалькіна, што адпавядае пачатку сонечнага года адзін раз за 52 гады (т.зв. Каляндарны круг). Апошнія дзве старонкі кодэкса адлюстроўваюць трынаццаць жывёл, якія прадстаўляюць т.зв. «задыяк»[1].
Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]
Як і іншыя два агульнапрызнаныя кодэксы мая (Дрэздэнскі кодэкс і Мадрыдскі кодэкс), дакумент верагодна быў створаны на Юкатане[7]; англійскі маяніст Дж. Эрык С. Томпсан лічыў верагодным, што Парыжскі кодэкс быў зроблены на заходнім Юкатане недзе паміж 1250 і 1450 гадамі[11]. Брус Лав адзначаў падабенствы паміж сцэнаю на старонцы 11 кодэкса і стэлаю 1 у Маяпане; грунтуючыся на гэтым, ён выказаў меркаванне, што кодэкс быў зроблены ў Маяпане каля 1450 года[12]. Аднак глыбейшы аналіз вышэйназванай стэлы падводзіць да іншай даты — 1185 года, паказваючы, што каляндарныя звесткі могуць адносіцца да больш ранняга катуннага цыкла, чым прапанаваны Б. Лавам. Астранамічныя і каляндарныя звесткі ў Парыжскім кодэксе адпавядаюць цыклу класічнага перыяду з 731 па 987 г. н.э., паказваючы, што кодэкс можа быць копіяй намнога больш ранняга дакумента[13].
Адкрыццё[правіць | правіць зыходнік]
Парыжскі кодэкс выявіўся ў 1859, калі Леан дэ Росні (Léon de Rosny) знайшоў яго ў кашы са старымі паперамі каля каміна ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Парыжы[14]. Відавочна, кодэкс быў абследаваны недзе за 25 год да таго вучонымі і быў зарэгістраваны ў каталогу, аднак невядома, як дакумент трапіў у Парыж[15]. Дакумент быў знойдзены з кавалкам паперы, паводле якога кодэкс адносіўся да калекцыі каланіяльных дакументаў мая, сабраных Хуанам Піа Перэсам (Juan Pío Pérez)[2].
Зноскі[правіць | правіць зыходнік]
- ↑ а б в г д Noguez et al 2009, p. 16.
- ↑ а б Noguez et al 2009, p. 17.
- ↑ Сапраўднасць яшчэ аднаго, чацвёртага кодэкса доўгі час аспрэчвалася.
- ↑ Sharer and Traxler 2006, p. 126.
- ↑ Noguez et al 2009, p. 17. Bibliothèque Nationale de France 2011.
- ↑ Coe 1999, p. 200.
- ↑ Sharer and Traxler 2006, p. 127. Noguez et al 2009, p. 16.
- ↑ Coe 1999, p. 217.
- ↑ Sharer and Traxler 2006, p. 118.
- ↑ Sharer and Traxler 2006, p. 129.
- ↑ Rice 2009, pp. 32-33.
- ↑ Vail 2006, p. 504.
- ↑ Sharer and Traxler 2006, p. 127. Drew 1999, p. 82.
- ↑ Drew 1999, p. 83.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Bibliothèque Nationale de France. Codex Peresianus (фр.). Paris, France: Bibliothèque Nationale de France (2011). Праверана 15 красавіка 2013.
- Coe, Michael D. (1999). The Maya. Ancient peoples and places series (6th edition, fully revised and expanded ed.). London and New York: Thames & Hudson. ISBN 0-500-28066-5. OCLC 59432778. https://archive.org/details/maya0000coem_h0k7.
- Drew, David (1999). The Lost Chronicles of the Maya Kings. London, UK: Weidenfeld & Nicolson. ISBN 0-297-81699-3. OCLC 43401096. https://archive.org/details/lostchroniclesof0000drew_j2y5.
- Noguez, Xavier; Manuel Hermann Lejarazu; Merideth Paxton; Henrique Vela (August 2009). "Códices Mayas" (in es). Arqueología Mexicana: Códices prehispánicos y coloniales tempranos – Catálogo (Editorial Raíces) Special Edition (31): 10–23.
- Rice, Prudence M. (2009). "The Kowoj in Geopolitical-Ritual Perspective". in Prudence M. Rice and Don S. Rice (eds.). The Kowoj: identity, migration, and geopolitics in late postclassic Petén, Guatemala. Boulder, Colorado, US: University Press of Colorado. pp. 21–54. ISBN 978-0-87081-930-8. OCLC 225875268. https://archive.org/details/kowojidentitymig00rice.
- Sharer, Robert J.; Loa P. Traxler (2006). The Ancient Maya (6th, fully revised ed.). Stanford, California: Stanford University Press. ISBN 0-8047-4817-9. OCLC 57577446. https://archive.org/details/ancientmaya0006shar.
- Vail, Gabrielle (2006). "The Maya Codices". Annual Review of Anthropology (Palo Alto, California, USA: Annual Reviews) 35: 497–519. doi: . ISSN 1545-4290. OCLC 103903925. (патрэбна падпіска)
Дадатковая літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Houston, Stephen D. (June 1997). "The Paris Codex: Handbook for a Maya Priest (Review)". American Anthropologist 99 (2): 459–460. doi:. http://onlinelibrary.wiley.com/doi/10.1525/aa.1997.99.2.459/abstract. (патрэбна падпіска)
- Love, Bruce (1994). The Paris codex: handbook for a Maya priest. Austin, Texas, USA: University of Texas Press. ISBN 9780292746749. OCLC 27897581.
- Severin, Gregory M. (1981). "The Paris Codex: Decoding an Astronomical Ephemeris". Transactions of the American Philosophical Society. New Series (American Philosophical Society) 71 (5): 1–101. ISBN 9780871697158. OCLC 8044756. (патрэбна падпіска)
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
![]() |
Парыжскі кодэкс на Вікісховішчы |
---|
- Парыжскі кодэкс на сайце Нацыянальнай бібліятэкі Францыі, з выявамі (у грамадскім набытку) арыгінальнага дакумента. (англ.)
- Парыжскі кодэкс на сайце бібліятэкі Паўночна-Заходняга ўніверсітэта, з рэканструяванымі выявамі старонак. (англ.)