Парыі

Па́рыя, або па́рыяр (там.: பறையர்) — сацыяльна-рэлігійная група на поўдні Індыі і поўначы Шры-Ланкі. Відавочна, паходзіць ад мясцовых племянных супольнасцей, якія паступова інтэграваліся ў індуісцкае грамадства.
Назва ўпершыню сустракаецца ў індуісцкай літаратуры паўднёвай Індыі з пачатку нашай эры адносна груп насельніцтва, якое насяляла асобныя вёскі і мясцовасці, часам мела сваіх валадароў. Ім прыпісвалася магічная сіла, таму парыям забаранялася набліжацца да прадстаўнікоў варн. Фармальна парыі не ўваходзілі ў сістэму каст-джаці, мелі свае рэлігійныя абрады, што ўключалі ігру на барабанах. Па адной з версій, назва парыя этымалагічна паходзіць ад слова «барабан».
Да прыбыцця еўрапейцаў у Індыю парыі апынуліся на ніжэйшай прыступцы сацыяльнай лесвіцы, займаліся непрэстыжнай працай, звязанай з прыбіраннем бруду, угнаеннем палеткаў, часцяком з’яўляліся прыгоннымі або рабамі брахманаў. Само слова «парыя» лічылася абразлівым. Гэта спарадзіла атаясненне парыяў у еўрапейскай літаратуры з прадстаўнікамі недатыкальных каст.
У нашы дні парыі-тамілы, якія спавядаюць індуізм, уваходзяць у сістэму індуісцкіх каст, належаць да ніжэйшай групы каст валангай. У Керале да парыяў адносяць прадстаўнікоў племянных супольнасцей. Сярод парыяў ёсць прадстаўнікі хрысціян і будыстаў.
Заканадаўствы Індыі і Шры-Ланкі забараняюць сацыяльнае прыніжэнне па рэлігійнаму і каставаму прынцыпу, таму парыі маюць тыя ж грамадзянскія правы, што і астатнія члены грамадства.
Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Mio, M. Rethinking Social Exclusion in India: Castes, Communities and the State / Ed. by Minoru Mio, Abhijit Dasgupta — Routledge, 2017 ISBN 978-1-315-27082-1