Пасад (Мсціслаў)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
План Мсціслава XII—XIII стст.

Пасад — гістарычны раён Мсціслава ў XIIXIII стст. складаўся з некалькіх частак.

Першая (плошчай каля 5—5,5 га) размяшчалася на ўсход і паўднёвы захад ад Замкавай гары, на месцы паселішча X—XI стст., на берагавым плато, з усходу і поўчаны абмежаваным ярамі. Другая — на Падоле, уздоўж р. Віхра і ручая Здаравец (вядомы з сярэдзіны XIII ст.), які цячэ паміж Замкавай, Троіцкай і Панівойскай гарамі; плошча каля 2,5—3 га.

Даследавалі ў 1957 Л. В. Аляксееў, у 19811987 А. А. Трусаў, у 1987 і 2008 А. А. Мяцельскі. Найбольш магутны культурны пласт 1-й часткі пасада — да 3 м на падыходах да Замкавай гары ў раёне касцёла кармелітаў; на асобных участках — да 0,8 м (адклады эпохі Кіеўскай Русі). У ім знойдзены керамічны посуд, шкляныя бранзалеты, сланцавыя прасліцы, ключы ад замкоў, крыж-энкалпіён, бронзавы абразок. Культурны пласт 2-й часткі пасада з матэрыяламі XIII ст. прасочваецца на працягу 200—250 м уніз па р. Віхра ад Замкавай гары і каля 100 м уверх ад яе. Уздоўж ракі, за 200 м вышэй і ніжэй ад упадзення ў яе ручая Здаравец, на схіле Троіцкай і Панівойскай гор знойдзена кераміка XIIXIII стст., што сведчыць пра існаванне часткі пасада плошчай каля 2 га уздоўж Троіцкай гары. У 1213 ст. паселішча існавала і на Панівойскай гары (плошча каля 1,5—2 га), насупраць Замкавай. Тут пад час шурфоўкі быў выяўлены культурны пласт 0,3 м, у якім была знойдзена кераміка гэтага часу і матэрыялы XVIXVIII стст. Агульная плошча Мсціслава ў 12—13 стст. складала каля 12—15 га.

У сярэдзіна XIV ст. вакол пасада на паўднёвы захад ад Замкавай гары былі ўзведзены штучныя гліняна-драўляныя ўмацаванні ў выглядзе вала вышынёй 1,5 м і шырынёй у падэшвы 4—10 м, што ператварыла пасад у вакольны горад (пл. каля 5,5—6 га). У крыніцах XVI—XVIII стст. адзначаны як «баркан», «паркан», «астрог» . Сярод вытворчых комплексаў выяўлена Мсціслаўская касцярэзная майстэрня XV—XVI стст. 3 вакольнага горада выводзілі брамы-вежы Троіцкая, Спаская, Афанасьеўская (Шляхецкая), Папоўская (Васкрасенская), Хіславіцкая (з XVII ст.). Планіровачным цэнтрам горада, акрамя замка, з’яўляўся рынак пад замкам, які пазней быў перанесены ў цэнтр вакольнага горада, дзе існаваў да канца XVIII ст.

План Мсціслава XV—XVI стст. 1 — Замкавая гара; 2 — Пятніцкая гара; 3 — Дзявочая гара; 4 — Панівойская гара; 5 — рынак.

У XIV—XV стст. тэрыторыя Падола пачала пашырацца (кераміка гэтага часу сустракаецца ўздоўж ручая Здаравец і р. Віхра). Насельніцтва асвойвала схіл Пятніцкай гары з боку р. Віхра, шырынёй да 100 м ад рэчышча, паміж сучаснымі вуліцамі Пушкіна і Рэспубліканскай. Была актыўна заселена і тэрыторыя на ўсходнім схіле Троіцкай гары вышэй вусця ручая Здаравец. Агульная плошча пасада на Падоле ў гэты час дасягала не меней за 7—8 га.

Верагодна, ужо з канца XV ст. пачало засяляцца і ўзвышша на левым беразе р. Віхра насупраць горада. Пазней за межамі гарадскога вала пачалі развівацца слабоды — Яўрэйская, Казіміроўская, Пячкоўская, Здаровец-Падол; фарміраваліся Зарэчча, паселішча вакол Мсціслаўскага Тупічэўскага манастыра. Да сярэдзіны XVII ст. горад значна павялічыў свае памеры (агульная плошча складала не меней за 45—50 га); з’яўляўся буйным цэнтрам кафлярства і шкларобства.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]