Перайсці да зместу

Рукапалажэнне

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Пасвячэнне)
Пасвячэнне каталіцкага святара ў надзвычайнай форме рымскага абраду

Рукапалажэ́нне[1], пасвячэ́нне[2][3], высвячэ́нне[4], таксама хірато́нія (ад грэч. χειροτονία — «дзеянне сілай рук»)[5][6] ў праваслаўнай традыцыі, або ардына́цыя[4] (лац.: ordinatio — «прывядзенне ў парадак») ў заходняй хрысціянскай традыцыі — абрад, пры якім кандыдат узводзіцца ў духоўны сан, гэта значыць атрымлівае статус свяшчэннаслужыцеля з правам выканання пэўных рэлігійных абрадаў і цырымоній. Цырымонія пасвячэння адрозніваецца ў розных рэлігіях, а ў некаторых, напрыклад, у ісламе, увогуле адсутнічае[7].

У Старажытнай Грэцыі тэрмінам «хіратонія» (ад χείρ — «рука» і τονόω — «надаваць сілу») называлі галасаванне падняццем рук пры выбары вышэйшых службовых асоб[7]. З цягам часу гэтае слова перайшло з свецкага ўжытку ў царкоўны. Яно пачало азначаць, з аднаго боку, абранне ў клір праз галасаванне, а з іншага — сам акт узвядзення (рукапалажэння) у тую ці іншую ступень. Пазней тэрмін «хіратонія» страціў сваё першапачатковае значэнне і пачаў выкарыстоўвацца выключна для абазначэння пастаўлення ў ступені кліру[8].

Рэлігійная традыцыя рукапалажэння з’явілася яшчэ ў часы Старога Запавету. У адных выпадках яно лічылася сімвалам дабраславення чалавека і яго нашчадкаў (напрыклад, калі Ізраіль усклаў рукі на Яфрэма і Манасію), у іншых выпадках старазапаветныя святары ўскладалі свае рукі на галаву ахвярных жывёл (казлоў адпушчэння)[7].

У Новым Запавеце паведамляецца пра рукапалажэнне першых сямі дыяканаў, на якіх апосталы памаліліся і ўсклалі рукі. Ускладанне рук свяшчэннай асобы на кожнага хрысціяніна лічылася абавязковым пры хрышчэнні дзеля прыняцця Святога Духа (у наш час такое ўскладанне рук замяніла мірапамазанне). Таксама існавала рукапалажэнне ў апосталы, а ўскладанне рук з малітваю на хворых лічылася гаючым[7]. У хрысціянстве лічыцца неабходнай канцэпцыяй апостальская пераемнасць: усе свяшчэннаслужыцелі павінны быць рукапакладзены епіскапамі, якія самі былі пасвечаны іншымі епіскапамі ў бесперапынным ланцугу ад апосталаў, што атрымалі ўладу ад Хрыста[7].

У хрысціянстве

[правіць | правіць зыходнік]
Пасвячэнне каталіцкага дыякана, 1520 год.

У хрысціянстве рукапалажэнне з’яўляецца абрадам узвядзення ў свяшчэнніцкі сан. Вылучаюць тры ступені свяшчэнства: дыякан, прэсвітар (свяшчэннік) і епіскап (архірэй). У праваслаўі і каталіцызме яно разглядаецца як найважнейшая частка таінства свяшчэнства. Лічыцца, што пры ўскладанні рук вышэйшага служыцеля культу на галаву таго, каго пасвячаюць, яму перадаецца «боская ласка» і даецца права выконваць адпаведнае служэнне[1]. Толькі асоба, пасвечаная ў прэсвітэра ці епіскапа, мае права здзяйсняць таінствы (напрыклад, прымаць споведзь, здзяйсняць еўхарыстыю, елеаасвячэнне, вянчанне), праводзіць набажэнствы і здзяйсняць трэбы (паніхіды, малебны)[7].

Праваслаўны іпадыякан падчас пасвячэння ў дыяканы. Епіскап усклаў свой амафор і правую руку на галаву кандыдата і чытае малітву хіратоніі.

У Праваслаўнай царкве рукапалажэнне ў дыякана і прэсвітэра праводзіцца адным епіскапам праз ускладанне рук на галаву. Рукапалажэнне ў епіскапа здзяйсняецца саборам епіскапаў (звычайна не менш за тры, паводле правілаў Карфагенскага сабора) з ускладаннем на яго галаву Евангелля і рук архірэяў[9]. Дыяканамі і свяшчэннікамі ў праваслаўі могуць стаць як жанатыя мужчыны, так і тыя, хто прыняў цэлібат (аброк бясшлюбнасці), але епіскапамі могуць быць толькі манахі. У Каталіцкай царкве лацінскага абраду мужчыны, якія ўзялі шлюб, могуць быць толькі дыяканамі, але не свяшчэннікамі[10].

У пратэстанцкіх цэрквах праз рукапалажэнне пасвячаюцца прэсвітэры, дыяканы і іншыя служыцелі, выбраныя царквой. У шэрагу пратэстанцкіх дэнамінацый прынята рашэнне аб магчымасці пасвячэння жанчын не толькі ў сан дыякана, але і ў сан прэсвітэра і нават епіскапа[1].

Ва Уніяцкай царкве на беларускіх землях

[правіць | правіць зыходнік]

На беларуска-літоўскіх землях у XVIII — пачатку XIX стагоддзя працэс рукапалажэння ва ўніяцкіх святароў меў шэраг гістарычных і побытавых асаблівасцей. Да 1833 года ініцыятыва высвячэння належала калятарам (апекунам храмаў), якія выдавалі кандыдату спецыяльную рэкамендацыю — прэзенту. Пасля яе атрымання епіскап прызначаў праверку асабістых якасцей прэтэндэнта («інквізіцыю»): спецыяльная камісія выязджала на месца і апытвала суседзяў, парафіян і знаёмых будучага святара. Здзяйсняць хіратонію мог епіскап або яго памочнік (вікарны епіскап). Гісторыі вядомыя і выключныя выпадкі, калі на ўсходзе Беларусі ўніяцкіх святароў, з ліку былых праваслаўных, што перайшлі ва унію ў 1770-х гадах, высвячаў праваслаўны магілёўскі архіепіскап Георгій Каніскі[4].

Прынцыповым адрозненнем уніяцкага рукапалажэння ад каталіцкага было патрабаванне абавязковага шлюбу для кандыдата. На думку даследчыкаў, гэта стрымлівала паглынанне ўніяцкай царквы каталіцкай і захоўвала яе самастойнасць. Толькі з канца XVIII стагоддзя пад уплывам лацінскага абраду пачалі з’яўляцца рэдкія выпадкі высвячэння нежанатых прэтэндэнтаў, якія давалі аброк цэлібату, аднак гэта ўспрымалася ў грамадстве як выключэнне з правіл[11].

У іўдаізме падрабязна апісана пасвячэнне кахенаў (святароў, нашчадкаў Аарона), якое ўключала ўскладанне рук. Аналагічны абрад прысвячэння рабіна (настаўніка і эксперта ў галіне іўдзейскага права) называецца «сміхой» (літаральна «пакрыванне», «рукапалажэнне»)[7]. Сёння гэта часцей дакумент, які пацвярджае прысваенне звання рабіна і вызначае яго паўнамоцтвы. Хаця ў неяўрэйскіх крыніцах слова часта перакладаюць як «рукапалажэнне», рабін не з’яўляецца святаром у прамым сэнсе; яго галоўная роля — тлумачыць Тору і выконваць функцыі суддзі ў абшчыне. Прызначэнне суддзяў гістарычна мела як юрыдычны, так і рэлігійны характар[12].

Мусульмане не маюць афіцыйнага і асобнага духавенства, якое патрабуе спецыяльнага прызначэння. Рукапалажэнне разглядаецца як рыса іншых рэлігій і адвяргаецца. Рэлігійных лідараў звычайна называюць «імамамі» або «шэйхамі». Імам — гэта той, хто вядзе малітву; так могуць называць любога чалавека, які кіруе сумеснай малітвай мусульман. Шэйх — ганаровы тытул для кіраўнікоў рэлігійных аб’яднанняў (для жанчын выкарыстоўваецца слова «шайха»)[7].

Традыцыя пасвечанай манаскай супольнасці (сангхі) пачынаецца з самога Буды, які стварыў абшчыны манахаў і манашак. Правілы пасвячэння ў будызме падрабязна апісаны ў тэкстах Вінаі і будыйскага манаскага ўстава (Пацімокха). Сёння існуюць тры асноўныя традыцыі прысвячэння бхікшу (будыйскіх манахаў), праз якія чалавек можа атрымаць рукапалажэнне ў адпаведнасці з вучэннем Буды[13].

  1. 1 2 3 Беларуская энцыклапедыя 2001, с. 438.
  2. Шаблон:Крыніцы/Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне
  3. Пасвячэнне // Беларуска-рускі слоўнік = Белорусско-русский словарь : [у 3 т. : больш за 110 000 слоў] / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мовы і літаратуры імя Я. Коласа і Я. Купалы ; пад рэдакцыяй А. А. Лукашанца. — Выд. 4-е, перапрацаванае і дапоўненае. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2012. 3 000 экз. ISBN 978-985-11-0613-0.
  4. 1 2 3 Лісейчыкаў 2011, с. 54.
  5. Хіратонія // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. — С. 26. — 512 с. 10 000 экз. ISBN 985-11-0035-8. ISBN 985-11-0279-2 (т. 17).
  6. Хіратонія // Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка : [каля 4000 слоў] / Булыка А. М.. — Мінск: Харвест, 2005. — 334 с. 5 000 экз. ISBN 985-13-2635-6.
  7. 1 2 3 4 5 6 7 8 Ю. И. Рубан. Рукоположение (руск.). Большая российская энциклопедия. Архівавана з першакрыніцы 19 кастрычніка 2022. Праверана 25 лютага 2026.
  8. Протоиерей Геннадий Нефедов. Хиротония (руск.). Азбука веры. Архівавана з першакрыніцы 24 чэрвеня 2021. Праверана 22 чэрвеня 2021.
  9. Протоиерей Геннадий Нефёдов. Таинства и обряды Православной Церкви. Глава VII. Таинство Священства. (руск.). Азбука веры. Архівавана з першакрыніцы 24 чэрвеня 2021. Праверана 22 чэрвеня 2021.
  10. П. Сахаров. Рукоположение (руск.). Католическая энциклопедия. Т. 4 (18 чэрвеня 2011). Архівавана з першакрыніцы 24 чэрвеня 2021. Праверана 24 чэрвеня 2021.
  11. Лісейчыкаў 2011, с. 54—55.
  12. J. Newman. Semikha (Ordination) A study of its origin, history, and function in Rabbinic literature (англ.). — Manchester: Manchester University Press, 1950.
  13. Ann Heirman. Buddhist Nuns: Between Past and Present (англ.) (18 чэрвеня 2011). Архівавана з першакрыніцы 24 чэрвеня 2021. Праверана 23 чэрвеня 2021.