Брожа (пасёлак)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Пасёлак Брожа)
Пасёлак
Брожа
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
1639
Насельніцтва
544 чалавекі (2014)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 225
Паштовы індэкс
213833
Аўтамабільны код
6
СААТА
7208808006
Брожа на карце Беларусі ±
Брожа (пасёлак) (Беларусь)
Брожа (пасёлак)
Брожа (пасёлак) (Магілёўская вобласць)
Брожа (пасёлак)

Бро́жа[1] (трансліт.: Broža, руск.: Брожа) — пасёлак у Бабруйскім раёне Магілёўскай вобласці. Уваходзіць у склад Брожскага сельсавета.

вуліца Ленінская ў цэнтральнай частцы пасёлка Брожа

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Пасёлак знаходзіцца за 22 км на поўдзень ад Бабруйска, 132 км на паўднёвы захад ад Магілёва, на рацэ Брожка (правы прыток ракі Бярэзіны, басейн Дняпра), пры аўтамабільнай дарозе Вішнёўка-Рэдкі Рог. Прыпыначны пункт Брожа на чыгуначнай лініі Бабруйск-Рабкор.

Ландшафт мясцовасці плоскі з хваёвымі і шыракаліста-хваёвымі лясамі. Тэрыторыя знаходзіцца ў межах Бабруйскай раўніны ўсходняй Перадпалескай правінцыі. Клімат цёплы, умерана вільготны. Сярэдняя тэмпература студзеня −6,5 °C, ліпеня +18 °C. Сярэднегадавая норма ападкаў складае каля 600 мм, у сярэднім выпадае 586 мм ападкаў у год. Вегетацыйны перыяд доўжыцца 193 дні. Пераважаюць вятры заходніх і паўднёва-заходніх напрамкаў. Прыпяцкі артэзіянскі басейн. За 3,5 км на паўночны ўсход ад вёскі радовішча пяскоў (перспектыўныя запасы 8,2 млн м³).

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Вядомы з 17 ст. як Брожскі двор і фальварак. Заснаваны ваяводам парнаўскім Пятром Рыгоравічам Трызнам, верагодна ў 1-й трэці 17 ст. У 2-й палове 18 ст. дзяржаўная ўласнасць у складзе Бабруйскага староства Рэчыцкага павета Мінскага ваяводства Рэчы Паспалітай, дзейнічае ўніяцкая царква. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Расійскай імперыі. З 1797 года цэнтр Брожскай воласці Бабруйскага павета Мінскай губерні. У 1804 годзе пабудавана драўляная царква. У 1849 годзе пабудавана новая Пакроўская царква (будынак царквы драўляны). У 1864 годзе — 1149 прыхаджан, за прыходам 59 дзесяцін зямлі сядзібнай, ворыва і сенажаці. У 1865 годзе адкрыта аднакласнае народнае вучылішча, была крама.

На пачатку 20 ст. — сяло, цэнтр Брожскай воласці Бабруйскага павета Мінскай губерні, 22 жыхары, дзейнічаюць валасное праўленне, народнае вучылішча, царква, крама, хлебазапасны магазін, лясніцтва (загадчык Міхаіл Мікалаевіч Кошалеў, 1903 год). У 1916 годзе заснаваны лесапільны завод і чыгуначная станцыя «Брожа». У 1917 годзе 12 двароў, 74 жыхары, на чыгуначнай станцыі 3 двары, 24 жыхары.

У час грамадзянскай вайны і замежнай інтэрвенцыі дзейнічаў валасны рэвалюцыйны камітэт. У 1923 годзе дзейнічаюць працоўная школа 1-й ступені (89 вучняў, пры школе бібліятэка), хата-чытальня, аддзяленне сувязі (загадчык Іван Фёдаравіч Грынь з 1923 да 1936 і з 1944 да 1956 гадоў), у лесе працуе смалакурня. З 20.08.1924 года да 20.02.1938 года цэнтр Брожскага сельсавета. Паводле перапісу 1926 года — сяло Брожа, 11 двароў, 38 жыхароў. У 1928 годзе арганізаваны калгас «Чырвоны Кастрычнік».

У час Вялікай Айчыннай вайны са жніўня 1941 года да чэрвеня 1942 года ў пасёлку дзейнічала падпольная антыфашысцкая група, у якую ўваходзіла больш за 10 чалавек (кіраўнік В. А. Шчэрбіч). Падпольшчыкі мелі радыёпрыёмнік, прымалі і распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Савінфармбюро, псавалі ваенную тэхніку, у студзені 1942 года вывелі са строю майстэрню. Калі нямецкія акупацыйныя ўлады напалі на след групы, падпольшчыкі пайшлі ў партызаны. У час вайны партызаны разграмілі гарнізон, які размяшчаўся ў пасёлку. 6 снежня 1942 года акупанты расстралялі 9 мірных жыхароў пасёлка і разрабавалі іх маёмасць. У баях каля пасёлка загінулі 380 савецкіх воінаў (пахаваны ў брацкай магіле).

З 16.07.1954 года пасёлак Брожа — цэнтр Брожскага сельсавета Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці. У 1980 годзе ў Брожы створаны Бабруйскі лясны гадавальнік для вырошчвання сеянцаў і саджанцаў. У 1986 годзе — 196 гаспадарак, цэнтр саўгаса «імя Ленінскага камсамола», працуюць рамонтная майстэрня, лесапільня, хлебапякарня, лесаўчастак Бабруйскага леспрамгаса, чыгуначная станцыя, лясніцтва, сярэдняя школа, краязнаўчы музей, дзіцячы сад-яслі, клуб-бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленні ашчаднага банка і сувязі, аўтаматычная тэлефонная станцыя, аптэка, сталовая, 4 магазіны, камбінат бытавога абслугоўвання насельніцтва.

Брожскі двор і фальварак[правіць | правіць зыходнік]

Паводле інвентара 1639 года сядзіба складалася з панскага двара і фальварка.

Двор, абнесены астрогам, меў двое варот: галоўныя, уязныя, з форткай і з залай наверсе, і тыльныя, з веснічкамі. На тэрыторыі двара было 6 жылых дамоў, склеп, стайня і два свірны. Першы, галоўны «вялікі доўгі» дом складаўся з жылога і гаспадарчага карпусоў, злучаных дашчаным пераходам. У доме было 6 печаў, 25 вокнаў. Печы ў доме аздоблены зялёнай кафляй, коміны мураваныя. Другі дом трохпавярховы з ганкам, у доме 15 вакон, 2 мураваных коміны, 3 печы аздобленых зялёнай кафляй. Трэці дом з ганкам з печамі, комінамі, 8 вакон. Чацвёрты дом з комінамі, печамі, 7 вакон. Пяты дом пры ўязных варотах меў комін, печ, аздобленую простай кафляй, 1 акно ў жылой частцы, пры доме знаходзілася пякарня для выпечкі хлеба. Кухня з ганкам. 2 свірны, адзін з ганкам, другі без, абодва на падклеццях, 4 дзверы, збудаванні крыты дранкай, двор агароджаны. Шосты дом за варотамі, пры дарозе дагумна. У доме 7 вакон, печы, аздобленыя простай кафляй, з комінамі. Пад адным дахам з домам знаходзіўся бровар, дах крыты дранкай. Пякарня з саладоўняй мае простую печ, 3 акна, дах крыты дранкай.

Гаспадарчы комплекс размяшчаўся за тыльнымі варотамі двара. Фальварак не меў агароджы, уключаў 2 жылыя дамы, сырніцу на слупах, вінакурню пад стаўком, свінарнік. Абора, абнесеная жэрдкамі, уключала 6 хлявоў і мела двое варот: ад фальварачнага двара і з боку поля, адкуль прывозілі снапы. Тут размяшчаліся два крытыя такі, ёўня, два свірны, склеп для гародніны.

Двор, разам з фальваркам, займаў тэрыторыю больш за 200 гектараў. Дворныя сенажаці займалі тэрыторыю больш за 1500 гектараў і знаходзіліся ў Алышыне паміж рэкамі Продзвінка і Бярэзіна, у Глядзе за рэчкай Продзвінка, у Дуброве Тажылаўскай, Хусне, Валоцы, Падошнічах, Бардзінцы, у Перавалоцы за ракой Бярэзіна.

Спіс агароднікаў Брожскага двара станам на 1639 год

  • Іван Беднаж
  • Кузьма Цесла
  • Лашко Аўсіевіч
  • Фёдар Дзядзюшка
  • Фёдар Паддубскі
  • Янук Фурс
  • Апанас
  • Іван Валовіч
  • удава Ліштвінава
  • Мацей Півавар
  • Андрэй Паковіч
  • Мацвей Віннік
  • Мельхіёр Албіновіч

У абавязкі агароднікаў уваходзіла апрацоўка зямлі, выкананне пры неабходнасці рамесніцкіх работ (бондарства,цяслярства і іншыя), дастаўка лістоў ад двара.

Ахвяры палітычных рэпрэсій[правіць | правіць зыходнік]

Корзун Віктар Іосіфавіч, нарадзіўся ў 1904 годзе, грузчык Брожскага леспрамгаса. Рэпрэсіраваны 16.12.1937 года, асуджаны 23.04.1938 года. Расстраляны. Рэабілітаваны 24.05.1961 года.

Северны Рыгор Усцінавіч, нарадзіўся ў 1903 годзе, лесаруб Брожскага леспрамгаса. Рэпрэсіраваны 18.07.1937 года, асуджаны на 10 гадоў. Рэабілітаваны 19.11.1965 года.

Гістарычныя помнікі[правіць | правіць зыходнік]

Брацкая магіла савецкіх воінаў знаходзіцца на могілках. Пахаваны 380 воінаў, якія загінулі ў баях ці памерлі ад ран у ваенна-палявым шпіталі ў 1944—1945 гадах. У 1975 годзе на магіле пастаўлены абеліск.

Магіла ахвяр фашызму знаходзіцца на могілках. Пахаваны 9 жыхароў пасёлка, якіх 6.12.1942 года расстралялі фашысцкія акупанты. У 1973 годзе на магіле пастаўлены абеліск.

Мемарыяльная дошка падпольшчыкам на будынку выканкама сельсавета. Устаноўлена ў 1977 годзе ў памяць аб дзейнасці ў пасёлку ў Вялікую Айчынную вайну групы Бабруйскага камуністычнага падполля.

Гісторыя адукацыі[правіць | правіць зыходнік]

Гісторыя мясцовай адукацыі бярэ пачатак у 1865 годзе з адкрыцця народнага вучылішча. Палітычная нестабільнасць ў губернях Паўночна-Заходняга краю ў 1863 годзе прымусіла урад больш актыўна дзейнічаць у кірунку русіфікацыі мясцовага насельніцтва і павелічэння ўплыву праваслаўя. Былі распрацаваны агульныя праграмы для аднакласных народных вучылішч, а таксама створаны дырэкцыі народных вучылішч, якія займаліся пытаннямі пачатковай адукацыі.

Асноўнымі прадметамі былі: закон Божы (кароткі катэхізіс і свяшчэнная гісторыя); руская мова, чытанне і пісьмо па кнігах грамадзянскай і царкоўнай граматы; першыя 4 дзеянні арыфметыкі; царкоўныя спевы. Усе прадметы павінны былі выкладацца па падручніках, зацверджаных Міністэрствам народнай асветы ці Духоўным ведамствам. Ужыванне беларускай мовы было цалкам забаронена, дзецям рымска-каталіцкага набажэнства закон Божы павінен быў выкладацца «на местном наречии».

Настаўнікі Брожскага народнага вучылішча канца 19 — пачатку 20 ст.

  • 1886 год — Надзея Пятроўна Бярнацкая
  • 1890 год — Аляксандр Іванавіч Панамароў
  • 1893 год — Сямён Антонавіч Яфімка
  • 1911 год — Сяргей Нікалаевіч
  • 1914 год — Сягрей Нікалаевіч і Ганна Гурбан

Сярод настаўнікаў і выпускнікоў школы многа выдатных асоб -

  • беларускі паэт, празаік, перакладчык Мікалай Ігнатавіч Янчанка (настаўнічаў з 1956 года да 1961 года),
  • галоўны мастак часопіса «Вожык» Іван Іванавіч Бокі (у 1956—1957 гады настаўнік гісторыі),
  • Заслужаныя настаўнікі БССР Юлія Вікенцьеўна Васількова і Настасся Палікарпаўна Тоўсцік,
  • Герой Савецкага Саюза Аляксандр Карпавіч Болбас,
  • расійскі вучоны ў галіне магнетызму і магнітаоптыкі, прафесар МДУ імя Ламаносава Георгій Сяргеевіч Крынчык,
  • рэктар Рэспубліканскага інстытута інавацыйных тэхналогій, прафесар, Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мацвеевіч Болбас,
  • 1-ы прарэктар Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя Шамякіна Валеры Сяргеевіч Болбас,
  • дацэнт Акадэміі МУС РБ Мікалай Ігнатавіч Ахраменка.

Васількова Юлія Вікенцьеўна, нарадзілася ў 1897 годзе. Працавала настаўніцай Брожскай сямігадовай школы. Ганаровае званне Заслужаны настаўнік БССР прысвоена ў 1949 годзе. Памерла ў 1973 годзе.

Тоўсцік Настасся Палікарпаўна, нарадзілася ў 1922 годзе ў вёсцы Брожа. У 1941 годзе скончыла Магілёўскае педагагічнае вучылішча. У 1944—1977 гадах настаўніца пачатковых класаў Брожскай сярэдняй школы. Ганаровае званне Заслужаны настаўнік БССР прысвоена ў 1968 годзе.

Болбас Максім Фёдаравіч

Доктар эканамічных навук (1984), прафесар (1985).

Нарадзіўся 01.07.1918 года ў вёсцы Слабодка. З 1934 года на педагагічнай рабоце ў Клічаўскім раёне, Камчацкай вобласці. У Вялікую Айчынную вайну быў членам Брожскага падполля, потым стаў партызанам атрада імя Кірава 37-й брыгады імя Пархоменкі. Удзельнічаў у адзінаццаці баях па разгроме фашысцкіх гарнізонаў, падарваў чатыры аўтамашыны з салдатамі, двойчы быў паранены. З 1944 года працуе дырэктарам школ у былой Баранавіцкай вобласці. У 1948 годзе скончыў БДУ. Працуе выкладчыкам Бабруйскага педагагічнага вучылішча, Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута эканомікі Акадэміі навук Беларусі. З 1968 года ў Брэсцкім інжынерна-будаўнічым інстытуце.

Даследаваў эканамічную гісторыю Беларусі, гісторыю прамысловасці ў дарэвалюцыйны перыяд. Аўтар прац "Развіццё прамысловасці ў Беларусі (1795 - 1861 г.г.)" (1966), "Прамысловасць Беларусі, 1860 - 1900" (1978), "Прамысловасць дарэвалюцыйнай Беларусі" (1988).

Памёр 01.04.1997 года.

Сацыяльная інфраструктура[правіць | правіць зыходнік]

У пасёлку працуюць сярэдняя школа, дзіцячы сад-яслі, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленні паштовай сувязі і АСБ «Беларусбанк», клуб-бібліятэка. Пры сельскім клубе-бібліятэцы дзейнічае 4 гурткі:

  • аматарскае аб'яднанне кветкаводаў «Глорыя»
  • жаночы клуб «Гаспадыня»
  • дзіцячы гурток «Рукодельницы»
  • дзіцячы гурток «Юны культработнік».

Дынаміка развіцця[правіць | правіць зыходнік]

Паказчык 1897 1907 1917 1926 1959 1970 1986 1997 2007 2014
Колькасць двароў, адзінак 2 6 12 11 няма звестак няма звестак 196 345 315 270
Колькасць насельніцтва, чалавек 15 22 74 38 490 641 730 721 626 544

Планіроўка[правіць | правіць зыходнік]

Планіроўка квартальная. Галоўная вуліца Бабруйская — просталінейная, мерыдыянальная. У яе цэнтральнай частцы грамадскія будынкі. Пераважае драўляная забудова сядзібнага тыпу. На ўсходзе — адасобленая частка забудовы (былая вёска Слабодка). У 1977, 1978, 1980 гадах пасля далучэння чыгуначнай станцыі Брожа, хутара Брожа, вёскі Слабодка, пасёлка Смаласкіп значна пашырана вулічная сетка пасёлка Брожа.

Вядомыя асобы[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. — ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах. Т. 18. Кніга II. — Мн.: БелЭн, 2004
  • Гарады і вёскі Беларусі. Магілёўская вобласць. кніга 1. — Мн. Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі. 2008
  • Памяць. Бабруйскі раён. — Мн. Беларуская Энцыклапедыя. 1998
  • Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Магілёўская вобласць. — Мн. Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі. 1986
  • Памятная книжка Минской губернии и календарь на 1887 год. Издание Минского губернского статистического комитета. Мн., 1886
  • Памятная книжка Минской губернии и календарь на 1891 год. Издание Минского губернского статистического комитета. Мн., 1890
  • Памятная книжка Минской губернии и календарь на 1894 год. Издание Минского губернского статистического комитета. Мн., 1893
  • Памятная книжка Минской губернии и календарь на 1912 год. Издание Минского губернского статистического комитета. Мн., 1911
  • Памятная книжка Минской губернии и календарь на 1915 год. Издание Минского губернского статистического комитета. Мн., 1914
  • Акты издаваемые Виленскою коммиссиею для разбора древних актов. Том XXV. Инвентари и разграничительные акты. Вильна. Типография Сыркина. 1898
  • Вялікі гістарычны атлас Беларусі ў 4-х тамах. Том 2. — Мн.: Белкартаграфія, 2013.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]