Паштовая станцыя (Слуцк)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Паштовая станцыя
53°01′21″ пн. ш. 27°32′41″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Слуцк
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 612Г000538шыфр 612Г000538
Праблемы з <mapframe>:
  • Атрыбут «latitude» мае няслушнае значэнне
  • Атрыбут «longitude» мае няслушнае значэнне
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Паштовая станцыя — будынак у горадзе Слуцку Мінскай вобласці. Занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Комплекс паштовай станцыі быў узведзены з цэглы і дрэва паводле «ўзорнага праекта» ў 1846 годзе. Пабудавалі яго на правым боку шашы на выездзе з горада ў бок Брэста (цяпер знаходзіцца па адрасе: вуліца Леніна, дамы № 153, 155, 157, 159) у другой палове 1840-х гадоў.

Па рангу Слуцкая станцыя адносілася да трэцяга класа, які патрабаваў, каб пры ёй на стайні мелася 18-19 коней. Лічба гэта магла карэкціравацца. Напрыклад, звесткі за 1865 год прыводзяць, што на Слуцкай станцыі мелася 25 коней, а службу пры ёй неслі 9 фурманаў.

На працягу другой паловы XIX стагоддзя значэнне паштовых станцый паволі змяншалася ў сувязі з пашырэннем сеткі чыгуначных дарог і развіццём тэлеграфнай сувязі.

У пазнейшыя часы ў будынках Слуцкай паштовай станцыі размяшчаліся розныя дарожныя службы. Цяпер частка будынкаў занята пад жыллё, іншыя перыядычна здаюцца ў арэнду розным установам.

Некалі насупраць станцыі, бліжэй да дарогі, стаяў слуп, на якім мелася шыльда з вызначэннем адлегласці да канчатковых пунктаў: у адзін бок — да Масквы (738 вёрст), у другі — да Варшавы (457 вёрст). У 2005 годзе, падчас расчысткі фасадаў будынкаў перад падрыхтоўкай горада да свята «Дажынкі-2005», па баках галоўнага корпуса былі выяўлены надпісы: «до Омухович 14 ½» і «до Сенницы 16 ½», якія паказвалі адлегласць у вёрстах да бліжэйшых станцый у абодва бакі.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Слуцкая паштовая станцыя з’яўляецца помнікам архітэктуры позняга класіцызму, знаходзіцца пад аховай дзяржавы.

Фронтам комплекс станцыі павернуты да дарогі. Яго архітэктурная кампазіцыя сіметрычная. Галоўны корпус, што знаходзіцца пасярэдзіне, уключае памяшканні для наглядчыка, афармлення дакументаў, месца для падарожнікаў. Па яго баках сіметрычна пастаўлены два аднолькавыя флігелі: адзін для фурманаў, другі выкарыстоўваўся як кладоўка для захавання неабходных у гаспадарцы прылад. Будынкі злучаны між сабой мураванымі сценкамі з уязнымі брамамі. За імі — прамавугольны двор, які некалі быў брукаваным і меў пасярэдзіне калодзеж. З тылу комплекс замыкае «П»-падобны гаспадарчы будынак, у якім у свой час знаходзіліся стайні, паветка для фурманак, захоўвалася сена. Усе пабудовы аднапавярховыя, пакрытыя вальмавымі дахамі, іх фасады апрацаваны пілястрамі. Уваход у галоўны корпус з боку вуліцы вёў у калідор, з якога можна трапіць у бакавыя памяшканні, а таксама на двор. Уваход вылучаўся атыкавым фігурным франтонам. Галоўны корпус першапачаткова меў пакрыццё бляхай, а флігелі і стайня — гонтай. Цалкам цагляным быў галоўны цэнтральны корпус. Бакавыя флігелі мелі цаглянымі толькі павернутыя да вуліцы фасадныя сцены. Іншыя сцены, як і сцены гаспадарчага будынка, былі складзены з бярвенняў у тэхніцы «ў шулы» з выкарыстаннем цагляных слупоў[1].

Зноскі

  1. Ігар Ціткоўскі. Паштовая станцыя. Наследие Слуцкого края (22 кастрычніка 2019).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Грицкевич А. П. Древний город на Случи. Мн., 1985. С. 35.
  • Опись города Слуцка при продаже князем Витгенштейном. 1840 г. НГАБ, ф. № 147, воп. 3, спр. 17822.
  • Зеленский И. Материалы для географии и статистики России… Ч. 1. СПб., 1864. С. 284.
  • Будземір В. Случчына // Спадчына. 1998. № 5. С. 217—219.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]