Перайсці да зместу

Паўазер’е (возера)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Паўазер’е
Морфаметрыя
Вышыня над узроўнем мора 132,1 м
Даўжыня 4,8 км
Шырыня 1,9 км
Плошча 8 км²
Аб’ём 0,0388 км³
Даўжыня берагавой лініі 17,9 км
Найбольшая глыбіня 17 м
Сярэдняя глыбіня 4,8 м
Гідралогія
Салёнасць 0,14—0,15 ‰
Празрыстасць 2,6 м
Басейн
Плошча вадазбору 30,9 км²
Упадаюць ручаі
Выцякаюць ручай
Размяшчэнне
Краіна  Беларусь
Паўазер’е (Беларусь)
Паўазер’е
Паўазер’е
Паўазер’е (Віцебская вобласць)
Паўазер’е
Паўазер’е
Мапа
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Паўазе́р’е, Палазер’е[1] — возера ў Ушацкім раёне Віцебскай вобласці на мяжы з Бешанковіцкім раёнам. Знаходзіцца за 28 км на ўсход ад Ушачаў ў басейне ракі Тураўлянка, каля вёскі Паўазер’е. Належыць да групы Ушацкіх азёр.

Паводле Вадзіма Жучкевіча, Паўазер’е — назва-характарыстыка, якая была дадзена па форме азёрнай катлавіны[2].

Паводле А. Ванагаса, у назвах літоўскіх рэк Pala, Palėja, латышскай ракі Pala аснова Pal- звязаная з латышскім pali «паводка, затапленне вадой прылеглай да ракі мясцовасці», palas «забалочаны бераг возера», літоўскім palios «балаціна на месцы зарослага возера»[3].

Плошча Паўазер’я складае 8 км². Найбольшая глыбіня возера 17 м, сярэдняя 4,8 м. Даўжыня возера — 4,8 км, найбольшая шырыня — 1,9 км. Даўжыня берагавой лініі — 17,9 км. Аб’ём вады ў возеры складае 38,8 млн м³, плошча вадазбору 30,9 км².

Катлавіна складанага тыпу, выцягнутая з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. Схілы катлавіны возера маюць вышыню 2—8 м, часткова разараныя. Па поўначы і паўночным захадзе вышыня схілаў сягае 20—25 м, схілы парослыя лесам. Берагавая лінія звілістая, утварае шэраг заліваў. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком. На пэўных участках берагі зліваюцца са схіламі катлавіны. Дно вадаёма роўнае, выслана спапрапелем, на найбольшых глыбінях дно глеістае. Мелкаводдзе возера да глыбіні 1 м пясчанае, да глыбіні 2 м дно выслана пясчанымі адкладаннямі (на поўначы да глыбіні 3 м). На возеры 2 невялікіх вострава.
Возера эўтрофнае, слабапраточнае. У Паўазер’е ўпадаюць ручаі з азёраў Любжынскае, Калесіна і яшчэ аднаго возера без назвы, канал з возера Мугірына. Выцякае ручай у возера Крывое. Прыбярэжная расліннасць пашырана да глыбіні 3—4 м (рдзесты, рагаліснік, харавыя водарасці). Шырыня перарывістай палосы расліннасці дасягае 100 м (трыснёг, чарот).

У возеры водзяцца лешч, шчупак, язь, сом, лінь, мянтуз, акунь, карась, плотка, краснапёрка і іншыя віды рыб.

Каля возера вёскі Паўазер’е, Пола. Паблізу пралягае аўтамабільная дарога Р114.

  1. БелЭн 2000.
  2. В. А. Жучкевич. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Минск, 1974. С. 301.
  3. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. Vilnius, 1981. С. 241.
  • Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 4. Недалька — Стаўраліт / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1985. — 599 с., іл. — 10 000 экз.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — С. 535. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).
  • Республика Беларусь. Атлас охотника и рыболова: Витебская область / Редактор Г. Г. Науменко. — Мн.: РУП «Белкартография», 2010. — С. 30, 42. — 72 с. — 10 000 экз. — ISBN 978-985-508-136-5. (руск.)
  • Беларусь. Ушачско-Лепельский озёрный край: карта для рыбака / Ред. С. Н. Саратова. — Мн.: Белкартография, 2009. — 3 000 экз. (руск.)