Перайсці да зместу

Паўліна Вінцэнтаўна Мядзёлка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Паўліна Мядзёлка)
Паўліна Вінцэнтаўна Мядзёлка
Род дзейнасці пісьменніца, тэатральная актрыса, педагог
Дата нараджэння 12 (24) верасня 1893
Месца нараджэння
Дата смерці 13 лютага 1974(1974-02-13) (80 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Муж Тамаш Тамашавіч Грыб
Месца працы
Альма-матар
Партыя
Узнагароды і прэміі
медаль «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»
Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Паўліна Вінцэнтаўна Мядзёлка (12(24) верасня 1893, м. Будслаў, Вілейскі павет, Віленская губерня, цяпер Мядзельскі р-н Мінскай вобл. — 13 лютага 1974, Будслаў; Псеўданімы: Паўлінка; крыптанімы: М.) — беларуская артыстка, педагог, мемуарыстка.

Паўліна Мядзёлка (у цэнтры) разам з сяброўкамі па вучобе ў прыватнай жаночай гімназіі К. П. Няздзюравай у Вільні. 1913 год.

Бацька, Вінцэнт Зыгмунтавіч, у маладосці быў настройшчыкам арганаў і раяляў, пазней рабочым на заводзе, прадаўцом у кааперытыве. Маці, Францішка, была хатняй гаспадыняй. Акрамя Паўліны, у сям’і гадавалася трое сыноў: Казімір, Зыгмусь, Станіслаў. У 1898 годзе сям’я Мядзёлкаў пераехала ў Глыбокае. Там дзяўчынка самастойна вучылася чытаць, яе першым лемантаром была «Gazeta Świąteczna»  (польск.), якую выпісваў бацька, потым сапраўдны польскі лемантар К. Промыка  (польск.) «Elementarz na którym nauczysz czytać». У 1903 годзе скончыла адзінае ў Глыбокім царкоўна-прыходскае вучылішча, дзе навучанне вялося ўжо на рускай мове. Адчуваючы прагу да ведаў, яна пачала займацца самаадукацыяй. Знайшліся неабыякавыя глыбоцкія жыхары, якія дазвалялі ёй карыстацца сваімі кнігамі на польскай і рускай мовах, запрапанавалі бясплатныя ўрокі па польскай мове, гісторыі, геаграфіі, музыцы і спевам. Дзяўчына навучылася іграць на фартэпіяна, зацікавілася творамі класічнай музыкі і народнай песняй. У 1905 годзе да Паўліны незнарок папалі некалькі нумароў газеты «Наша доля», кніга Мацея Бурачка «Дудка беларуская», якія зрабілі на яе моцнае ўражанне і абудзілі ўсведамленне сваёй беларускасці. У гэтым яе падтрымаў бацька, які, па сведчаннях Паўліны, у часе перапісу насельніцтва запісаўся беларусам.

З 1907 у Рызе, вучылася на вячэрніх курсах для дарослых. З 1909 у Вільні, займалася ў прыватнай жаночай гімназіі Няздзюравай і Райсмілер. Зблізілася з віленскім беларускім і сацыялістычным рухамі. Увосень 1912, пасля сканчэння гімназіі, накіравалася ў Пецярбург на Вышэйшыя камерцыйныя курсы, якія скончыла ў 1914. У 1913 выканала ролю Паўлінкі ў пецярбургскай прэм’еры п’есы Я. Купалы. Падчас 1-ай сусветнай вайны ў эвакуацыі ў Царыцыне. З восені 1916 у Петраградзе сакратар Беларускага камітэта дапамогі ахвярам вайны. У 1917 працавала ў Кіеве (Саюз гарадоў). У кастрычніку 1917 па дамоўленасці з княгіняй Магдаленай Радзівіл арганізавала беларускую школу ў в. Жорнаўка Ігуменскага пав. Пасля таго, як у сакавіку 1918 школа была закрыта, перабралася ў Мінск.

Працавала настаўніцай, удзельнічала ў пастаноўках Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. Наведвала Вільню і Гродна. З 1918 выступала ў друку з вершамі. З вясны 1919 інспектар беларускіх школ, кіраўнік Грамады беларускай моладзі і драматычнага гуртка ў Гродне. 20 ліпеня 1919 арыштавана польскімі ўладамі за ўдзел у выданні газеты «Родны край» (Гродна), дзе, дарэчы, і друкавалася.

З пачатку 1920 у Мінску, кіравала беларускай жаночай школай. Зноў арыштавана разам з мужам Т. Грыбам польскімі ўладамі ў маі 1920. Перад наступленнем Чырвонай Арміі вывезена ў Варшаву, сядзела ў турме Уронкі  (польск.) на Пазнаншчыне. Пасля вызвалення накіравана на жыхарства ў Лодзь з забаронай пераязджаць на «ўсходнія крэсы». Па падробленых дакументах выехала ў Вільню, потым (у лютым 1921) трапіла ў Літву. У Коўне займалася выданнем агітацыйнай літаратуры, накіраванай супраць польскай акупацыі Заходняй Беларусі. Друкавалася ў газеце «Сялянская доля». З восені 1921 па прапанове Ц. Гартнага працавала ў выдавецкім аддзеле пры савецкім пасольстве ў Берліне.

У 1922 пераехала ў Латвію, выкладала ў беларускай гімназіі ў Дзвінску (цяпер Даўгаўпілс). У маі 1924 арыштавана латышскімі ўладамі разам з іншымі выкладчыкамі. Апраўдана судом у красавіку 1925. 22.5.1925 разам з братам прыехала ў БССР. Працавала ў сектары мастацтва Інбелкульта. У 1927—1930 гадах выкладала беларускую мову ў Беларускай акадэміі сельскай і лясной гаспадаркі ў Горках.

Арыштавана ДПУ БССР 18.7.1930 па справе «Саюза вызвалення Беларусі», выслана ў Казань. З восені 1932 выкладала рускую мову і літаратуру ў адной з маскоўскіх школ. Летам 1947 года пераехала ў Будслаў, дзе да 1958 года працавала настаўніцай.

У Будславе былі напісаны мемуары «Сцежкамі жыцця», якія ў фрагментах пачалі друкавацца з 1958 (асобным выданнем выйшлі ў 1974, праз некалькі месяцаў пасля яе смерці). Новае выданне мемуараў, заснаванае найперш на рукапісах, што захоўваюцца ў асабістым фондзе П. Мядзёлкі (БДАМЛМ, Ф. 403), пераважае папярэдняе амаль у тры разы[1]. Яно ўвабрала ў сябе першую кнігу «Сцежак жыцця» (са шматлікімі адноўленымі фрагментамі), другую кнігу ўспамінаў і «Беглыя нататкі для памяці. Факты, якія не могуць і не павінны быць апублікаваны», а таксама лісты і іншыя дакументы да гісторыі выдання ўспамінаў П. Мядзёлкі.

Памёрла 13 лютага 1974 года ў Будславе. Дзень свайго сыходу яна вызначыла сама, не вытрымала апошняга выпрабавання — выпрабавання адзінотай[2].

Пахаваная на старых каталіцкіх могілках у Будславе побач з бацькам і маці[3].

  • Сялянская доля: Паэма. Б.м., 1921;
  • Сцежкамі жыцця: Успаміны / П. В. Мядзёлка; пад рэд. А. С. Ліса. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1974. — 242 с.: іл.
  • Сцежкамі жыцця / П. Мядзёлка; уступны артыкул У. Калесніка «Галгофа адроджаных»; падрыхт. да друку А. Федарэнкі // Полымя. — 1993. — № 2. — С. 171—212; № 3. — С. 201—240; № 4. — С. 184—209; № 5. — С. 182—209.
  • Паўліна Мядзёлка. Сцежкамі жыцця / прадм., падрыхт. тэксту, камент. Ганна Запартыка. — Мн.: Лімарыус, 2018. — 610 с. — (Беларуская мемуарная бібліятэка). — 300 экз. — ISBN 978-985-6968-69-6.
  1. Паўліна Мядзёлка. «Сцежкамі жыцця»(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 5 лістапада 2022. Праверана 5 лістапада 2022.
  2. Паўліна Мядзёлка. «Сцежкамі жыцця» 2018, с. 26.
  3. Месца пахавання Паўліны Мядзёлкі