Перайсці да зместу

Паўночны Ледавіты акіян (карціна)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Каспар Давід Фрыдрых[2]
Паўночны Ледавіты акіян. 1820-я[1]
Матэрыял алейныя фарбы і палатно
Hamburger Kunsthalle[d]
(інв. HK-1052)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

«Паўночны Ледавіты акіян» ― карціна Каспара Давіда Фрыдрыха, прадстаўніка нямецкага рамантызму, напісаная ў 1823—1824 гадах. Таксама вядома пад назвай «Крушэнне надзеі». У цяперашні час захоўваецца ў Гамбургскім кунстхале[ru].

На пейзажы намалявана сцэна караблекрушэння сярод нагрувашчання арктычнага лёду ў форме дальмена ці маналітнай грабніцы з накіраванымі ў неба вострымі краямі. Справа бачная карма загінулага карабля, надпіс на якой «HMS Griper» пацвярджае, што гэта адзін з удзельнікаў экспедыцый Вільяма Эдварда Пары[en] 1819―1820 і 1824 гадоў.

Фрыдрых напісаў дзве карціны на дадзеную тэму, больш ранняя з іх страчана. Яна выстаўлялася ў Дрэздэнскай акадэміі выяўленчых мастацтваў[ru] у 1822 годзе пад назвай «Караблекрушэнне ў берагоў Грэнландыі ў месячным святле. Фантазія аўтара»[3]. «Паўночны Ледавіты акіян» быў прадстаўлены публіцы ў Пражскай акадэміі выяўленчых мастацтваў у 1824 годзе пад назвай «Ідэалізаваная карціна арктычнага мора з караблекрушэннем у нагрувашчаных масах лёду»[4]. У вопісе маёмасці Фрыдрыха яна фігуравала як «Ледзяная карціна. Катастрофа экспедыцыі да Паўночнага полюса»[5].

Калекцыянер Ёган Готлаб фон Квандт[ru] зрабіў заказ на дзве карціны, якія павінны былі сімвалізаваць паўднёвую і паўночную прыроду. Першы з іх, пад назвай «Паўднёвая прырода ў яе багатай і велічнай пышнасці»[6], дастаўся жывапісцу Іагану Марціну фон Радэну, другі — «Паўночная прырода ва ўсёй яе жахлівай прыгажосці»[7] — Каспару Давіду Фрыдрыху. У лісце 1821 года Васіль Жукоўскі сведчыць, што Фрыдрых «сам ня ведае што будзе пісаць; ён чакае моманту натхнення, якое (па яго ўласных словах) часам прыходзіць у сне»[8].

Фрыдрыху напэўна былі вядомыя справаздачы экспедыцый Уільяма Пары ў пошуках Паўночна-Заходняга праходу[ru] 1819—1820 гадоў, якія рэгулярна публікаваліся ў той час. Зімой 1820—1821 гадоў мастак выканаў шэраг эскізаў плывучага лёду на Эльбе непадалёк ад Дрэздэна, якія, верагодна, былі выкарыстаны пры напісанні карціны.

«Паўночны Ледавіты акіян» зрабіў незгладжальнае ўражанне на французскага скульптара Давіда д’Анжэ[ru] падчас яго наведвання Дрэздэна ў 1834 годзе. Ён абазваўся аб працы наступным чынам: «Дух Фрыдрыха змрочны. Ён бездакорна адчувае, як перадаць у пейзажы вялікую барацьбу прыроды»[8]. У цэлым, аднак, кампазіцыя карціны была ацэнена як занадта радыкальная, і яна заставалася непрададзенай аж да смерці Фрыдрыха ў 1840 годзе[9].

У XX стагоддзі праца аказала значны ўплыў на арктычныя пейзажы канадскага жывапісца Ларэна Харыса[10] і карціну «Мёртвае мора» ангельскага мастака Пола Нэша[ru][11]. Амерыканскі крытык Расэл Потэр назваў карціну ўзорным прыкладам «арктычнага ўзвышанага», які паўплываў у канцы XIX стагоддзя на творчасць Фрэдэрыка Эдвіна Чорча[ru] і Уільяма Брэдфарда[12]. Амерыканскі архітэктар Том Мэйн[ru] лічыць карціну «Паўночны Ледавіты акіян» найважнейшым узорам адлюстравання дынамічных адносін паміж архітэктурай, пейзажам і прыродай[13]. Карціна з’яўляецца на вокладках альбомаў «The Mekons: Honky Tonkin» (1987) брытанскага гурта «The Mekons[ru]» і «Return to the Sea» (2006) канадскага індзі-рок-гурта «Islands»[14].

  1. https://online-sammlung.hamburger-kunsthalle.de/de/objekt/HK-1051 Праверана 27 снежня 2022.
  2. https://online-sammlung.hamburger-kunsthalle.de/de/objekt/HK-1051
  3. «Ein gescheitertes Schiff auf Grönlands Küste im Wonne-Mond. Eigene Erfindung»
  4. «Ideale Szene eines arktischen Meeres, ein gescheitertes Schiff auf den aufgetürmten Eismassen»
  5. «Eisbild. Die verunglückte Nordpolexpedition»
  6. «Die südliche Natur in ihrer üppigen und majestätischen Pracht»
  7. «Natur des Nordens in der ganzen Schönheit ihrer Schrecken»
  8. а б Schmied: Caspar David Friedrich
  9. Friedrich, Caspar David. Web Gallery of Art. Архівавана з першакрыніцы 12 мая 2024. Праверана 7 лістапада 2024.
  10. Larisey, Peter: «Light for a Cold Land: Lawren Harris’s Life and Work». Dundurn, 1993. 14. ISBN 1-55002-188-5
  11. Causey, Andrew. Paul Nash. New York : Oxford University Press, 1980
  12. Potter, Russell A. Arctic Spectacles: The Frozen North in Visual Culture, 1818—1875 (Seattle: University of Washington Press, 2007), pp. 57-59 ISBN 0-295-98679-4
  13. Heritage Transformed with Thom Mayne. Архівавана з першакрыніцы 20 жніўня 2023. Праверана 7 лістапада 2024.
  14. Islands - Return To The Sea (CD, Album) at Discogs. Архівавана з першакрыніцы 20 жніўня 2023. Праверана 7 лістапада 2024.