Паўстанні ў Партугальскім Тыморы (1860—1912)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Паўстанні з 1860 па 1893 год.
Паўстанні з 1894 па 1910 год.
Паўстанні з 1910 па 1912 год.

Паўстанні ў Партугальскім Тыморы (сучасны Усходні Тымор) — серыя ўзброеных паўстанняў карэннага насельніцтва ўсходняй часткі вострава Тымор у 1860—1912 гадах, выкліканая супрацівам панаванню партугальскіх каланіяльных уладаў на гэтай тэрыторыі і іх замахам на землі мясцовых кіраўнікоў.

Да канца 1850-х гадоў еўрапейскі ўплыў ва Усходнім Тыморы абмяжоўваўся толькі некалькімі невялікімі прыбярэжнымі раёнамі, якія ўяўлялі сабой больш гандлёвыя факторыі, чым калоніі, на астатняй жа тэрыторыі ўлада Партугаліі была насамрэч намінальнай у параўнанні з уладай ліруаі — традыцыйных кіраўнікоў усходнетыморскіх дзяржаўных утварэнняў. Перыяд паўстанняў у гісторыі Партугальскага Тымора абмяжоўваецца дзвюма падзеямі: Лісабонскай дамовай 1859 года паміж Партугаліяй і Нідэрландамі, у якой дзве гэтыя краіны ўпершыню дамовіліся аб выразным падзеле і ўстаноўцы мяжы паміж нідэрландскай заходняй і партугальскай усходняй часткамі вострава Тымор (пры гэтым за партугальцамі быў прызнаны таксама эксклаў Акусі на паўночным захадзе вострава), і паўстаннем Мануфахі 1912 года, якое лічыцца самым буйным у гісторыі паўстаннем жыхароў Усходняга Тымора супраць партугальскіх каланізатараў. Падавіўшы паўстанне, Партугалія здолела распаўсюдзіць сваю ўладу таксама на ўнутраныя раёны ўсходняй часткі вострава і паставіць пад поўны кантроль яе паўднёвае ўзбярэжжа. Ліруаі пазбавіліся значнай часткі сваёй улады і фактычна сталі марыянеткамі ў руках каланіяльных уладаў.

Паўстанні ў Партугальскім Тыморы збольшага разглядаюцца таксама як мяцяжы супраць збору падаткаў, бо разам з прымусовай працай мелі месца ўвядзенне падушнага падатку і іншых прымусовых збораў, якія таксама прыводзілі да беспарадкаў. Для паўстання Мануфахі ўвядзенне падушнага падатку ў 1906—1908 гадах часам разглядаецца нават як асноўная прычына. Мелася, аднак, і мноства іншых прычын для паўстанняў, у тым ліку абвяшчэнне рэспублікі ў Партугаліі ў 1910 годзе (што прывяло да заклапочанасці сярод ліруаі, паколькі яны бачылі ў гэтым пагрозу сваёй далейшай легітымнасці), а таксама магчымасць пашырэння структуры каланіяльнай адміністрацыі. Таму, на думку гісторыкаў, гэтыя паўстанні не могуць разглядацца як выкліканыя толькі якой-небудзь адной прычынай.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • René Pélissier. Timor en guerre — le crocodile et les Portugais (1847—1913). Éditions Pélissier, Montamets, Orgeval 1996, ISBN 2-902804-11-3 (фр.)