Паўхатан

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Паўхатан
Paqwachowng
Virginia Indians with Tomahawk.jpg
Выява паўхатан XVII ст.
Агульная колькасць 4400
Рэгіёны пражывання ЗША
Мова вірджынская алганкінская
Рэлігія анімізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы чыкахаміні, чаванок, секатан, матапоні

Паўхатан (саманазва: Paqwachowng) — алганкінскі народ, карэнныя насельнікі ЗША. Агульная колькасць — каля 4 400 чал.[1]

Ранняя гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Паўхатан сфарміраваліся як канфедэрацыя алганкінскіх плямён, што насялялі ўсход сучаснай Віргініі і поўдзень Мэрыленда ўздоўж Чэсапікскага заліва ў XVI - пач. XVII стст. У другой палове XVI ст. у склад канфедэрацыі ўваходзілі 6 плямёнаў на чале вярхоўнага правадыра weeroance. Каля 1580 г. гэтую пасаду атрымаў у спадчыну правадыр Паўхатан (Вахунсунакок) , які пашырыў валоданні і да пачатку XVII ст. кіраваў ужо 30 плямёнамі. Мяркуецца, што агульная колькасць чальцоў канфедэрацыі была ад 8 000 да 15 000 чалавек. Яны займалі тэрыторыю прыкладна 200 000 км².

Паўхатан займаліся ручным земляробствам, паляваннем, збіральніцтвам і рыбалоўствам. Вёскі месціліся ўздоўж берагоў рэк. Паўхатан будавалі каркасныя доўгія хаціны, крытыя бярозавай карой і цыноўкамі. Вопратку шылі са скур дзікіх жывёл. Па вадзе перамяшчаліся з дапамогай цяжкага каноэ, выдзеўбанага са ствала дрэва. Распаўсюджаная зброя: лукі і стрэлы, дзіды, булавы, тамагаўкі і нажы.

Войны з англійскімі каланістамі[правіць | правіць зыходнік]

Разьня 1622 г.

14 мая 1607 г. каля 100 англійскіх перасяленцаў, накіраваных Вірджынскай кампаніяй, заснавалі на землях, што знаходзіліся пад кантролем паўхатан, калонію Джэймстаўн. З самога пачатку паміж каланістамі і тубыльцамі сфарміраваліся складаныя адносіны, якія суправаджаліся як гандлем і ўзаемадапамогай, так і ваеннымі дзеяннямі. У 1608 г. каланісты перадалі Паўхатану падарункі і каранавалі яго як манарха. Аднак гэта не палепшыла сітуацыю.

У лістападзе 1609 г. паміж атрадам каланістаў-гандляроў і воінамі паўхатан адбыўся канфлікт. Ён скончыўся смерцю большай часткі атрада. Паўхатан пачалі сталыя напады на Джэймстаўн, так што ў маі 1610 г. планавалася эвакуацыя калоніі. Але зноў прызначаны губернатар Томас Уэст змяніў стратэгію і перайшоў ад абароны да рэйдаў супраць алганкінскіх вёсак. Да 1611 г. англічане здолелі пабудаваць некалькі ўмацаванняў і засцерагчы пасаджаныя імі плантацыі тытуню. У 1612 г. племя патаватомек заключыла з англічанамі сепаратны мірны дагавор. У 1613 г. была захоплена ў палон Пакахонтас, родная дачка Паўхатана. Індзейцы былі вымушаны спыніць напады, але з-за адсутнасці згоды падчас перамоў каланісты зрабілі некалькі ваенных рэйдаў. Пагадненне аб спыненні ваенных дзеянняў было заключана толькі ў канцы 1614 г., калі стала вядома пра блізкі шлюб паміж Пакахонтас і англійскім прадпрымальнікам Джонам Рольфам.

У 1618 г. пасля смерці Пакахонтас і Паўхатана вярхоўным правадыром стаў яго брат Апечанканах. Некаторы час ён захоўваў сяброўскія адносіны з англічанамі і нават вёў перагаворы пра прыняцце хрысціянства. Але 22 сакавіка 1622 г. паўхатан, якія з'явіліся ў Джэймстаўне нібы для гандлю, нечакана пачалі разню. Усяго загінула 347 чалавек, у тым ліку дзяцей і жанчын, чвэрць ад усіх жыхароў калоніі. Аднак пасля некалькіх нападаў на ўмацаванні і вынішчэння пасеваў Апечанканах спыніў актыўныя ваенныя дзеянні. Некаторыя гісторыкі лічаць, што гэта была прадуманая тактыка чакання, бо сярод правадыроў не было згоды, але таксама існуе версія, што паўхатан у гэты час пацярпелі ад эпідэміі. Для далейшай засцярогі ўлады калоніі кожны год арганізоўвалі рэйды супраць індзейцаў. У 1623 г., калі Апечанканах запатрабаваў перагаворы аб міры, яго пасланцы былі атручаны і забіты. Фармальна мір быў абвешчаны толькі ў 1628 г., аднак асобныя сутычкі адбываліся і пазней. Для аховы калоніі англічанам прыйшлося ўзвесці драўляны мур.

18 сакавіка 1644 г. паўхатан зноў паўтарылі нечаканы напад і знішчылі каля 500 перасяленцаў. У жніўні 1644 г. англійскія салдаты захапілі лагер Апечанканаха. Падчас рэйда вярхоўны правадыр быў забіты стрэлам у спіну. Новы вярхоўны правадыр Некатавансе заключыў мірны дагавор у 1646 г. Ён прадугледжваў размежаванне паміж індзейскімі і каланіяльнымі тэрыторыямі і забарону перасякаць мяжу без дазволу.

Крызіс і ўзнаўленне[правіць | правіць зыходнік]

Мір 1646 г. дазволіў Вірджынскай калоніі пачаць актыўна развіваць плантацыйную гаспадарку. Колькасць перасяленцаў з Еўропы і афрыканскіх неграў-рабоў з кожным годам павялічвалася, у той час як навакольныя індзейскія плямёны пакутвалі ад завезеных хвароб і эканамічнага крызісу. У першыя гады існавання калоніі яны абменьвалі сельскагаспадарчую прадукцыю на тавары з Еўропы, але з цягам часу каланісты пачалі забяспечваць прадуктамі сябе самі або ўвозіць правіянт з суседніх Плімуцкай калоніі і калоніі Масачусецкага заліва. За еўрапейскія тавары паўхатан расплочваліся зямельнымі надзеламі.

У 1665 г. быў прыняты закон, паводле якога правадыры плямён павінны былі прызначацца губернатарам. У 1684 г. быў заключаны дагавор з асобнымі плямёнамі, што прадугледжваў стварэнне дзвюх рэзервацый, куды не дазвалялася прасоўвацца каланістам, але якія знаходзіліся ў фактычнай залежнасці ад адміністрацыі калоніі. Гэта азначала канчатковы распад адзінай канфедэрацыі. Частка паўхатан мігрыравала на тэрыторыю Нью-Джэрсі.

У 1924 г. у Вірджыніі быў прыняты закон аб расавай сегрэгацыі. Паводле распараджэнняў, усё насельніцтва было падзелена на каляровых і белых. Індзейцы Вірджыніі пачалі ўзгадвацца як каляровыя, а не індзейцы. Пасля адмены сегрэгацыі перад паўхатан паўстала праблема прызнання іх як карэннага насельніцтва з асобнымі правамі на самакіраванне.

У нашы дні ў Вірджыніі прызнанымі з'яўляюцца 5 плямён паўхатан, у Нью-Джэрсі - 1 племя. Плямёны паўхатан намагаюцца прызнання іх асобнай нацыяй з боку фэдэральных улад ЗША. З канца XX ст. адбываецца паступовае адраджэнне культуры гэтага народа.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]