Педра II Каталік

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Педра II Каталік
ісп.: Pedro II el Católico
катал.: Pere el Catòlic
Педра II Каталік
Педра II Арагонскі (партрэт працы Мануэля Агірэ-і-Мансальбэ, 1885)
Royal arms of Aragon.svg
кароль Арагона
1196 — 1213
Папярэднік: Альфонс II Цнатлівы
Пераемнік: Хаймэ I Заваёўнік
 
Дзейнасць: палітык
Веравызнанне: хрысціянства
Нараджэнне: 1174[1][2] ці ліпень 1178
Смерць: 12 верасня 1213
Пахаванне:
Род: Барселонскі дом Барселонскі дом
Бацька: Альфонса II Цнатлівы
Маці: Санча Кастыльская[d]
Жонка: Марыя дэ Манпелье[d]
Дзеці: Хаймэ I Арагонскі і Канстанцыя Арагонская[d]

Педра II Каталік (ісп.: Pedro II el Católico, катал.: Pere el Catòlic; 1174[3] або 1176[4] — 12 верасня 1213, бітва пры Мюрэ) — кароль Арагона, граф Барселоны, Жэроны, Асона, Безалу, Сердані і Русільёна, Паларса і Рыбагорсы з 1196 года, сеньёр Манпелье з 1204 года, першы васал Рымскага Папы сярод арагонскіх каралёў, актыўны барэц з маўрамі і ўдзельнік падзей альбігойскага крыжовага паходу.

Бацькі і пачатак валадарання[правіць | правіць зыходнік]

Бацькам Педра быў Альфонса II, сын графа Барселонскага (ён першапачаткова насіў імя Райман Берэнгер), першы агульны манарх Арагона і Каталоніі і заснавальнік Барселонскай дынастыі арагонскіх каралёў, маці — Санча Кастыльская (11541208), дачка караля Кастыліі Альфонса VII.

Педра II узыйшоў на прастол пры вельмі крытычных акалічнасцях у 1196 годзе пасля смерці бацькі. Пашырэнне арагонска-каталонскіх уладанняў на тэрыторыі Паўднёвай Францыі, дзе беспарадкі былі пастаяннымі, надзвычай ускладняла палітычнае становішча. У 1197 годзе ён выдаў закон супраць ератыкаў, які прадпісваў ім пакінуць каралеўства (акрамя горада Барселоны) пад страхам спалення на вогнішчы.

У 1200 годзе Педра II заключыў саюз з каралём Кастыліі Альфонса VIII і каралём Леона Альфонса IX супраць Навары; напаўшы на апошнюю, саюзнікі адабралі ў яе шэраг тэрыторый.

Васальная прысяга рымскаму папе[правіць | правіць зыходнік]

4 лютага 1204 года Педра Арагонскі па ўласнай ініцыятыве прынёс у Рыме васальную прысягу Папе Інакенцію III. Папа Рымскі каранаваў яго і пасвяціў у рыцары; тым самым каралеўства Арагона і Каталоніі апынулася ў васальнай залежнасці ад Пап. Педра II абавязаўся выплачваць штогадовую даніну Святому Прастолу, весці барацьбу за выгнанне маўраў з Пірэнейскага паўвострава —- Рэканкісту і змагацца з ератыкамі. За гэта ён атрымаў тытул «абаронца веры» (difensore della Fede) і мянушку Каталік.

Дакладна не вядомыя сапраўдныя матывы, якія заахвоцілі Педра пайсці на такую навіну, якая ішла насуперак звычаямі Арагонскага каралеўства і Барселонскага графства. Відавочным ці афіцыйным, як мы сказалі б цяпер, матывам было, відаць, імкненне атрымаць падтрымку Папы і дапамога генуэзцаў і пізанцаў — уладальнікаў вялікіх флотаў — для заваявання Балеарскіх астравоў. Таксама цалкам верагодна, што Педра II, абапіраючыся на падтрымку Папы, жадаў вырашыць больш выгодным для сябе чынам палітычныя праблемы, звязаныя з паўднёвафранцузскімі тэрыторыямі. Там жа ў Рыме ён дамовіўся пра заручыны выхаванца Папы Рымскага Фрыдрыха Гогенштаўфена, рымскага караля і караля Сіцыліі (будучага імператара Фрыдрыха II), са сваёй сястрой Канстанцыяй Арагонскай. Шэраг прадстаўнікоў арагонскай знаці і гарадоў выказалі незадаволенасць гэтай прысягай, але кароль не саступіў пад іх ціскам.

Шлюб[правіць | правіць зыходнік]

У тым жа 1204 годзе Педра II узяў шлюб з Марыяй дэ Манпелье, дачкой Гільёма VIII, сеньёра Манпелье. Тым самым Педра далучыў да Каталоніі феод Манпелье[5]. Ад гэтага саюза нарадзілася двое дзяцей — Санча (12051206) і Хаймэ (12081276), які атрымае ў спадчыну прастол і ўвайшоў у гісторыю як Хаймэ I Заваёўнік. Але кароль абыходзіўся з жонкай так дрэнна, што яна паехала ў Рым жаліцца на яго. Тым часам ён запатрабаваў разводу, але ў 1213 годзе Марыя дэ Манпелье памерла ў Рыме; хадзілі чуткі, што Педра падаслаў да яе атручальнікаў.

Удзел у бітве пры Лас-Навас-дэ-Талоса[правіць | правіць зыходнік]

У 1212 годзе Папа Рымскі Інакенцій III абвясціў на Пірэнейскім паўвостраве крыжовы паход супраць маўраў — у гэтым выпадку дынастыі Альмахадаў, якія валодалі шматлікімі землямі на паўвостраве. Паход узначаліў кастыльскі кароль Альфонс VIII, яго падтрымалі каралі Арагона, Леона, Партугаліі і Навары, магістры рыцарскіх ордэнаў і шматлікія рыцары як з Іспаніі, так і з Паўднёвай Францыі.

Бітва адбылася 16 ліпеня 1212 года. Педра II, які прывёў 3000 рыцараў і атрад арбалетчыкаў, камандаваў у ім левым крылом крыжакоў. У выніку бітвы халіф Альмахадаў Якуб ан-Насір пацярпеў разгромнае паражэнне. Бітва пры Лас-Навас-дэ-Талоса стала найважнейшым этапам Рэканкісты.

Педра II і Альбігойскі крыжовы паход[правіць | правіць зыходнік]

Грабніца Санчы Кастыльскай і Педра II у манастыры Санта-Марыя дэ Сіхена

У 1209 годзе той жа Папа абвясціў крыжовы паход супраць ератыкаў Паўднёвай Францыі — альбігойцаў і іх заступнікаў, у тым ліку графа Раймунда VI Тулузскага, які даводзіўся зяцем Педра II у якасці мужа яго сястры Элеаноры. У Педра былі і іншыя інтарэсы ў Паўднёвай Францыі, а таксама шэраг васалаў. Спачатку ён прытрымліваўся нейтралітэт у адносінах да крыжакоў; калі яны падступілі да Каркасону, ён паспрабаваў уступіцца за свайго васала — віконта Раймунда-Ражэра Транкавеля, які схаваўся там, але нічога не дамогся. У 1211 годзе ён нават прыняў ад правадыра крыжакоў Сімона дэ Манфора васальную клятву за віконцтва Каркасон, аднятае ў Транкавеля. Ён паабяцаў ажаніць свайго сына Хаймэ на дачцы Манфора Аміцыі і ў пацверджанне гэтага аддаў апошняму сына ў закладнікі. Але ў 1212 годзе, пасля паходу на маўраў, ён па просьбе Раймунда VI і гараджан узяў пад сваё заступніцтва Тулузу. Напачатку 1213 года ён заступаўся за феадалаў Лангедока перад царкоўным саборам, скліканым у Лаворы, але беспаспяхова. І тады Педра II падняў зброю ў іх абарону.

12 верасня 1213 года пад замкам Мюрэ, абложаным арагонцамі ў саюзе з атрадамі графаў Фуа і Тулузы, адбылася бітва паміж войскамі Педра II і Сімона дэ Манфора. Крыжакі перамаглі; сам кароль Педра загінуў у баі.

Зноскі

  1. King of Aragon Pedro II // Faceted Application of Subject Terminology Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. Peter II king of Aragon // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. Badia i Batalla, F.; Guia turística de Montblanc, Montblanc, 1992, pàg. 22
  4. Ubieto Arteta, A.; Creación y desarrollo de la Corona de Aragón, Saragossa, Anubar (Historia de Aragón), 1987, pàgs. 187—188
  5. Перадгісторыя гэтага шлюбу і тагачасная сітуацыя ў Манпелье апісаны ў кнізе: Люшер, Ашиль. Французское общество времён Филиппа-Августа. СПб.: Евразия, 1999. ISBN 5-8071-0023-9. С. 337—339.

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • Альтамира-и-Кревеа, Рафаэль. История средневековой Испании. СПб.: Евразия, 2003. ISBN 5-8071-0128-6
  • Люшер, Ашиль. Иннокентий III и альбигойский крестовый поход. СПб.: Евразия, 2003. ISBN 5-8071-0137-5
  • Ventura i Subirats, Jordi. Pere el Catòlic i Simó de Montfort. Barcelona: Aedos, 1960. (Biblioteca biográfica catalana. Serie dels Reis Catalans; 24).

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]