Пейзажны парк

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ландшафтны парк у Баце

Пейза́жны парк (фр.: paysage ад pays — краіна, мясцовасць), або англі́йскі парк  — тып парку, які склаўся ў XVIII стагоддзя ў Англіі на кантрасце з барочным, рэгулярным паркам у «французскім стылі» Ленотра. У развіцці пейзажных паркаў важную ролю адыгралі філасофскія ідэі Асветніцтва, а таксама мастацтва Кітая[1].

Характарыстыка[правіць | правіць зыходнік]

Для пейзажнага парку ўласціва свабодная планіроўка, маляўнічае размяшчэнне кампазіцыйных элементаў, што імітуе прыродны ландшафт. Пры стварэнні такіх паркаў творча перапрацоўваліся матывы натуральнай прыроды; партэры замяняліся лужкамі, геаметрычныя па форме басейны і каналы — азёрамі і рэчкамі, строгі рытм пасадак — асобнымі або свабодна згрупаванымі дрэвамі (курцінамі), прамыя алеі — сцяжынкамі. У кампазіцыю пейзажных паркаў часам уваходзілі несапраўдныя руінныя формы раманскай і гатычнай архітэктуры, бутафорскія пабудовы ў «псеўдакітайскім стылі», штучныя збудаванні ў выглядзе гротаў, каскады і інш[1][2]. У стварэнні паркавых перспектыў выкарыстоўваліся кулісы-сценкі са стрыжаных дрэў і кустоў. У многіх парках пейзажныя прынцыпы кампазіцыі спалучалі з рэгулярнымі[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Англійскія вытокі[правіць | правіць зыходнік]

Адзін з першых пейзажных паркаў у Стоўрхедзе, Англія.

Французскі і англійскі парк уяўляюць сабой розныя грані эстэтыкі класіцызму ў дачыненні да садова-паркавага мастацтва. Парк версальскага тыпу сваімі прамалінейнымі дарожкамі і фігурнымі формамі старанна абрэзаных кустоў падкрэсліваў абсалютны кантроль чалавека над прыродай. Англійскі сад ішоў далей, сцвярджаючы найвышэйшую каштоўнасць таго мастацтва, якое неадрозна ад прыроды.

Першыя майстры англійскага саду — паладыянец Уільям Кент і садоўнік Чарлз Брыджмен — чэрпалі натхненне ў пейзажах Пусэна і асабліва Ларэна, якія малявалі ідэалізаваныя карціны прыроднай гармоніі. Захапленне ларэнаўскімі пейзажамі прывяло да стварэння неназойлівых у сваёй разнастайнасці паркаў у Кларэмонце і Стоўрхедзе. Працамі Кента самы грандыёзны рэгулярны парк Англіі, Стоу у Бакінгемшыры, быў паступова вычышчаны ад геаметрычных формаў і пераасэнсаваны як натуральны працяг навакольнага пейзажу. Першапачаткова сістэма пейзажнага парку ўвасабляла русаісцкую ідэю пакланення перад прыродай, прыгажосцю яе натуральных пейзажаў. Стваральнікі такіх паркаў імкнуліся да зразумення раўнавагі і гармоніі, што існуюць у прыродзе.

Майстры англійскага парку надавалі вялікае значэнне элементу непрадказальнасці і сюрпрызу. Наведвальнік англійскага парку рэдка мог прадказаць, што чакае яго за чарговым паваротам алеі. Як правіла, пейзаж разнастаілі маляўнічыя масткі і садовыя павільёны ў паладыянскім стылі, навеяныя архітэктурнымі накідамі Паладыа і яго вучняў. У пейзажныя паркі ўводзіліся і элементы ўсходняй экзотыкі (як, напрыклад, шынуазры Уільяма Чэмберса ў садах К'ю) або гатычныя матывы (упершыню выкарыстаныя Г. Уолпалам у Строберы-хіле).

Найбольш запатрабаванымі прадаўжальнікамі школы англійскага парку ў другой палове XVIII стагоддзі сталі Ланселот Браўн і Хамфры Рэптан, якія «прывялі ў гармонію» тысячы гектараў угоддзяў па ўсёй Брытаніі. Для Браўна характэрна спрашчэнне структуры парку за кошт канчатковай адмовы ад геаметрычных ліній алей і партэраў. У яго садах адкрытыя прасторы (палянкі і лужкі) адкрываюць захапляльныя перспектывы і візуальна пашыраюць межы парку. У садах маецца хмат штучных каналаў, замаскіраваныз пад зарослыя трыснягом рачулкі. Рэптан гусцей засаджвае свае сады кустамі і дрэвамі, арганізаванымі ў групы рознай шчыльнасці.

Парк у Кларэмонце Парк у Стоўрхедзе Сады Уілтан-хауса

Кантынентальныя паркі[правіць | правіць зыходнік]

У сярэдзіне XVIII стагоддзя разам з архітэктурай ракако і барока стаў выходзіць з моды і рэгулярны парк. Распаўсюджванню культу прыроднай натуральнасці больш за іншых мысляроў спрыяў Жан-Жак Русо, які адным з першых перапланаваў свой сад у Эрменанвілі на англійскі ўзор. Пры Людовіку XVI англійскі парк атрымаў ужо ўсеагульнае распаўсюджванне, а яго жонка Марыя-Антуанэта стварыла ў Версалі ферму з агародам, дзе пад сялянскі посуд быў стылізаваны каштоўны сеўрскі фарфор.

Найбольшае распаўсюджванне на кантыненце англійскі парк атрымаў у Германіі, дзе адным з першых яго ўзораў стала «паркавае каралеўства» каля Дэсау — фантазія на тэму Стоу, Стоўрхеда і Кларэмонта. Гэты вялізарны парк прызнаны помнікам Сусветнай спадчыны, роўна як і яшчэ больш доўгі парк князя Пюклера ў Бад-Мускау. Іншымі характэрнымі прыкладамі пейзажных паркаў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе з’яўляюцца Англійскі парк у Мюнхене, парк Браніц у Прусіі, Лазянкоўскі і Уяздоўскі паркі ў Варшаве, Царыцынскі парк у Маскве, Екацярынінскі і Паўлаўскі паркі пад Пецярбургам і парк Манрэпо ў Выбаргу, на дэндрапарк «Сафіеўка» ва Умані.

Эрменанвіль Англійскі парк у Мюнхене Паўлаўскі парк

На Беларусі пезажныя паркі з’явіліся на мяжы XVIIIXIX стст. ў сядзібных, палацавых комплексах, такіх як Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс, Краскаўская сядзіба, Столінскі парк «Манькавічы», Вердаміцкі парк, Лагойскі палацава-паркавы ансамбль і інш[1].

Зноскі

  1. а б в г Пейзажны парк. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 12. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0198-2 (т. 12).
  2. Слоўнік дойліда. Архітэктура Беларусі. — Мн.: БелЭн, 1993. — 75 с.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Слоўнік дойліда. Архітэктура Беларусі. — Мн.: БелЭн, 1993. — 75 с.
  • Пейзажны парк. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 12. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0198-2 (т. 12).
  • Гарнизоненко Т. С. Справочник современного ландшафтного дизайнера. — Ростов-на-Дону: Феникс, 2005. — 313 с. — (Строительство и дизайн). — ISBN 5-222-06328-3. — УДК 71(035.3)
  • Доронина Н. Ландшафтный дизайн. — Фитон+, 2006. — 144 с. — ISBN 5-93457-088-9.
  • Саваренская Т. Ф., Швидковский Д. О. Градостроительство Англии XVII—XVIII веков: Город и природа / Труды РААСН / Российская академия архитектуры и строительных наук. Отделение градостроительства. — М.: Эдиториал УРСС, 2001. — 140 с. — (Теоретические основы градостроительства). — 1 000 экз. — ISBN 5-8360-0403-X.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]