Пенелопа

Пенелопа (стар.-грэч.: Πηνελόπη, лац.: Penelope) — персанаж грэчаскай міфалогіі, жонка цара Ітакі Адысея і маці Тэлемаха, адзін з цэнтральных вобразаў паэмы Гамера «Адысея». Пенелопа належала, па розных дадзеных, да спартанскага ці месенскага царскага роду. Адысею яна дасталася або ў якасці выйгрышу ў спаборніцтве па бегу, або ў выніку здзелкі з яе дзядзькам Тындарэем, звязанай з замужжам Алены Прыгожай. Неўзабаве пасля нараджэння сына Адысей з’ехаў пад Трою, і Пенелопа на дваццаць гадоў засталася адна. Паводле класічнай версіі міфа, яна захоўвала вернасць мужу, хаця большасць ітакійцаў не верыла ў яго вяртанне. Спагадлівасці Пенелопы настойліва дамагаліся больш за сотню маладых арыстакратаў з Ітакі і суседніх выспаў. Каб выйграць час, яна пайшла на хітрасць — дабілася адтэрміноўкі да таго часу, пакуль не сатчэ саван для свёкра, а сама па начах распускала зробленае за дзень. Неўзабаве пасля таго, як гэтая хітрасць была раскрытая, на Ітаку вярнуўся Адысей і перабіў жаніхоў. Аднак яму прыйшлося сысці ў выгнанне, а Пенелопа засталася на Итаке, якой зараз кіраваў яе сын. Пазней Адысей зноў змог вярнуцца. Пасля гібелі мужа Пенелопа стала жонкай яго забойцы — сына Адысея ад Кіркі Тэлегона. Яе жыццё скончылася на Астравах Блажэнных.