Пераклады Бібліі на эстонскую мову

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Эстонскія пераклады Бібліі з'явіліся даволі позна ў параўнанні з іншымі пратэстанцкімі дзяржавамі, паколькі большасць пастараў цэркваў з'яўляліся нямецкамоўнымі, якія не валодалі эстонскай мовай у дастатковай меры. Першая эстонская Біблія з'явілася толькі ў 1739 годзе — амаль праз стагоддзе пасля фінскага перакладу (1642) і праз 50 гадоў пасля пачатку публікацыі перакладу на латышскую мову (1689—1694).

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Першыя спробы[правіць | правіць зыходнік]

Першая вядомая спроба перакладу Бібліі на эстонскую мову належыць талінскаму школьніку Гансу Вольфу, які ў сярэдзіне XVI стагоддзя пачаў пераклад некаторых Евангельскіх перыкопаў і літургічных тэкстаў для выкарыстання ў набажэнствах. Аднак, на жаль, ён памёр у 1549 годзе ад чумы, і яго працы не былі апублікаваны.

У XVII стагоддзі справаю перакладаў заняліся лютэранскія пастары. Так, у 1632 годзе Іаахім Расіньюс  (эст.) апублікаваў «Катэхізіс Лютэра ў шасці частках і Евангельскія Пісанні для нядзельнага чытання на цэлы год» на паўднёваэстонскай мове, а ў 1632—1638 Генрых Шталь выдаў чатырохтомную царкоўную настольную кнігу на паўночнаэстонскай.

Новы Запавет[правіць | правіць зыходнік]

Цалкам Новы Запавет быў перакладзены на эстонскую мову 23-гадовым пастарам Адрыянам Віргініюсам. Яго пераклад пад назвай Wastne Testament на тартускім дыялекце быў надрукаваны ў Рызе ў 1686 годзе тыражом 500 асобнікаў, з якіх да нашага часу захаваліся шэсць.

Поўны пераклад Новага Запавету на паўночнаэстонскую мову быў апублікаваны ў 1715 годзе, прычым працу над ім Эбергард і Генрых Гуцлефы скончылі раней, аднак выданню перашкодзіла Вялікая Паўночная вайна. З 400 надрукаваных асобнікаў гэтага перакладу да нашага часу захаваліся толькі два.

Біблія[правіць | правіць зыходнік]

Поўная Біблія на эстонскай мове была выдадзена ў 1739 годзе ў перакладзе пастара царквы ў Юры Антона Тор Хеле. Перакладам і рэдагаваннем займаліся некалькі памочнікаў, сярод якіх быў і перакладчык Новага Запавету Эбергард Гуцлеф. Праца была скончана ў 1736 годзе, аднак на выданне кнігі спярша не знайшлося сродкаў. Праз тры гады пры падтрымцы Нікалаўса Людвіга фон Цынцэндорфа былі надрукаваны 6015 асобнікаў. Гэты пераклад стаў асновай фарміравання эстонскае літаратурнай мовы. Пазней ён шматразова перавыдаваўся і пераглядаўся, апошняя рэдакцыя выйшла ў 1896 годзе ў Санкт-Пецярбургу.

Даваенны перыяд[правіць | правіць зыходнік]

Пасля Бібліі Антона тора Хеле пераклады Бібліі не здзяйсняліся цягам двух стагоддзяў. Толькі ў 1912 годзе з'явіўся пераклад Новага Запавету, зроблены пастарам царквы ў Пайсту Яанам Бергманам. Ён займаўся таксама перакладам і Старога Запавету, аднак гэты пераклад не быў скончаны з прычыны яго смерці ў 1916.

Наступны пераклад Бібліі здзейсніў пастар царквы ў Козэ Харальд Пылд. Ён таксама паспеў выдаць толькі Новы Запавет (1938); рукапіс перакладу Старога Запавету быў страчаны па смерці Пылда ў 1939 годзе.

Да 200-годдзя першай эстонскай Бібліі была падрыхтавана яе адрэдагаваная версія ў некалькіх тамох, выдадзеная ў 1938—1940 годах. Тым не менш, гэта выданне пад назвай «Вялікая Біблія», здзейсненае выбітным эстонскім паэтам і тэолагам Уку Мазінгам, лічыцца асобным, другім перакладам, паколькі некаторыя тэксты былі ім цалкам перапрацаваныя. У гэтай Бібліі Мазінг свядома пакідаў архаізмы першакрыніцы 1739 года, таму для разумення яго версіі тэксту рэкамендавана карыстацца слоўнікам Фердынанда Іагана Відэрмана. Гэтая Біблія не была выдадзена цалкам з прычыны акупацыі Эстоніі Савецкім Саюзам, і яе ўплыў на літаратурную мову амаль незаўважны. Толькі ў 1989 годзе ў Фінляндыі было надрукавана факсімільнае выданне тыражом 25 000 асобнікаў.

На гаворцы сету былі апублікаваны толькі Евангеллі (Тарту, 1926)[1].

Пасляваенныя пераклады[правіць | правіць зыходнік]

Трэці эстонскі пераклад Бібліі рыхтаваўся на эміграцыі. За аснову тэксту Псалтыру і Новага Запавету быў узяты пераклад Харальда Пылда, адрэдагаваны пастарам Эндэлем Кыпам; ён жа пераклаў недастатні Стары Запавет. Пераклад быў адрэцэнзаваны прызнаным лінгвістам Іаганесам Аавікам і выдадзены ў 1968 годзе ў Вялікабрытаніі тыражом 5000 асобнікаў. У наступныя гады пераклад атрымаў некалькі перавыданняў. Хоць увоз на тэрыторыю СССР рэлігійнай літаратуры быў забаронены, гэты пераклад таемна трапіў у Эстоніі па некалькіх каналах, асабліва з дапамогай фінскіх турыстаў.

Чацвёрты пераклад Бібліі на эстонскую мову здзейснены ўжо ў незалежнай Эстоніі. Дзеля гэтых мэтаў была створана адмысловая камісія. За аснову тэксту Новага Запавету быў узяты пераклад Уку Мазінга, адрэдагаваны і перавыдадзены ў 1989 годзе. Стары Запавет перакладаўся на аснове адрэдагаванага каталіцкім святаром Вела Салам і пісьменнікам Яанам Кросам варыянту 1968 года. Пераклад камісіі быў апублікаваны Эстонскім Біблейскім таварыствам у 1997 годзе дваццацітысячным тыражом і цягам наступных гадоў атрымаў некалькі перавыданняў.

У 2014 г. на эстонскай мове выйшла поўнае выданне «Перакладу новага свету[2]».

Зноскі

  1. А. А. Турилов.. БИБЛИЯ. IV. ПЕРЕВОДЫ. Переводы на некоторые другие языки. Эстонский (руск.). Церковно-научный центр «Православная Энциклопедия». Праверана 6 студзеня 2013.
  2. Перевод, признанный в Эстонии «большим достижением» // JW.ORG

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Toomas Paul. Eesti piiblitõlke ajalugu. — Tallinn: Emakeele Selts, 1999.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]