Пераклад Бібліі Беларускага біблейскага таварыства
Біблія | |
---|---|
Поўная назва | Пераклад Бібліі Беларускага біблейскага таварыства |
Мова | беларуская |
Поўная Біблія апублікавана | 2012, 2017 |
Апакрыфічныя кнігі | 1-я і 2-я Макавеяў, Кніга Прамудрасць Ісуса Сірахава, Тавіт, Юдзіф, Кніга Баруха (толькі ў выданні 2012 года) |
Аўтар(ы) | Уладзіслаў Чарняўскі/Беларускае біблейскае таварыства |
Канон | каталіцкі |
Вэб-старонка | https://bible.by/bvc-2012/ |
Перакла́д Белару́скага бібле́йскага тавары́ства — поўны пераклад Бібліі на беларускую мову, выдадзены Беларускім біблейскім таварыствам у 2012 годзе. Пераклад створаны на аснове рукапісаў каталіцкага святара Уладзіслава Чарняўскага.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У 1995—1998 гадах Уладзіслаў Чарняўскі перадаў рукапісы свайго перакладу Бібліі Антонію Бокуну, цяпер пастару пратэстанцкай царквы «Ян Прадвеснік». У яго апрацоўцы выйшлі «Кніга Быццё» (1997), «Новы Запавет» (1999) і Пяцікніжжа (2002)[1].
Далей Антоній Бокун дапамог наладзіць кантакты прадстаўнікоў Беларускага Біблейскага таварыства з ксяндзом Чарняўскім. Пазней да гэтай справы далучыліся айцец Андрэй Абламейка і айцец Сяргей Гаек[2]. Незадоўга да сваёй смерці, пры канцы 2001 года, Уладзіслаў Чарняўскі перадаў Біблейскаму таварыству правы на выданне ўласных рукапісаў. Даследчыкі таварыства распачалі іх дапрацоўку і набор, і ўжо ў 2003 годзе выйшла новае выданне Новага Запавету. Цягам наступных гадоў вялася праца па рэдагаванні тэксту поўнай Бібліі, да якой былі прыцягнуты навукоўцы-лаціністы Жанна Некрашэвіч-Кароткая і Таццяна Федасеева. Падчас іх працы тэкст Чарняўскага звяраўся з Новай Вульгатай, быў набліжаны да сінадальнага перакладу і пазбавіўся дыялектызмаў з гаворак Гарадзеншчыны і Валожыншчыны, дзе Уладзіслаў Чарняўскі нарадзіўся і пражыў значную частку жыцця[1].
Выданне поўнай Бібліі паводле тэксту Уладзіслава Чарняўскага адбылося напачатку 2012 года. Пераклад Біблейскага таварыства стаў першым беларускім выданнем, якое мае спасылкі на паралельныя месцы ў Бібліі і карты тагачасных дзяржаў і мясцовасцей; тэкст у квадратных дужках, які, хоць і адсутнічае ў старажытных грэчаскіх рукапісах Новага Запавету, аднак утрымліваецца ў г. зв. «Тэкстах большасці»; у канцы дададзены невялічкі тлумачальны слоўнік паняццяў, якія могуць быць незразумелыя сучаснаму чытачу. Назвы, нумарацыя і размяшчэнне кніг Бібліі пададзеныя паводле заходняй традыцыі; нумарацыя псальмаў падвойная: у дужках падаецца нумар паводле Септуагінты[3].
Версія Чарняўскага змяшчае больш беларускіх паняццяў, азначэнняў, канструкцыяў у параўнанні з іншымі «апалячанымі» каталіцкімі перакладамі[4]. Варыянт перакладу Біблейскага таварыства крытыкуе каталіцкі святар Сяргей Сурыновіч, які таксама займаецца праблематыкай беларускіх перакладаў Бібліі. Хібамі выдання ён лічыць непаслядоўнасць транслітарацыі і перакладу ўласных імёнаў і геаграфічных назваў, а таксама пазбаўленне перакладу індывідуальнасці з-за залішняга выкарыстанне літаратурнай лексікі (у адрозненне ад гутарковай мовы ксяндза Чарняўскага) і, як вынік, ускладненне чытання канчатковага варыянту тэксту[1].
Выданне 2017 года
[правіць | правіць зыходнік]Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання выйшла "Біблія кананічная. Кнігі Святога Пісання Старога і Новага Запаветаў" пад навуковай рэдакцыяй Жанны Некрашэвіч-Кароткай і Джона Элволда.[5] Пры падрыхтоўцы да новага выдання рэдакцыйным аддзелам Біблейскага таварыства была зроблена вялікая праца па выпраўленню і ўдакладненню перакладу. Другакананічныя кнігі не былі ўключаны ў выданне.
Зноскі
- ↑ а б в а. Сяргей Сурыновіч.. Біблія, што зачыніла стагоддзе… . Блог Сяргея Сурыновіча. LiveJournal (20 лістапада 2021).
- ↑ Сяргей Абламейка.. Які будзе лёс перакладу Бібліі айца Уладзіслава Чарняўскага? . Сімвал веры. Радыё «Свабода» (20 лістапада 2021).
- ↑ Издана первая Библия на современном белорусском языке (руск.). Грамадства (20 лістапада 2021).
- ↑ А. А. Турилов.. БИБЛИЯ. IV. ПЕРЕВОДЫ. На славянские языки. Белорусский (руск.). Православная энциклопедия. Церковно-научный центр «Православная Энциклопедия» (20 лістапада 2021).
- ↑ https://kamunikat.org/?pubid=58399