Перасмешка зялёная

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Перасмешка зялёная
Hippolais icterina, Belarus 1.jpg
Перасмешка зялёная, Беларусь
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Hippolais icterina Vieillot, 1817

Ахоўны статус
Wikispecies-logo.svg
Сістэматыка
на Віківідах
Commons-logo.svg
Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  560447
NCBI  68497
EOL  1052237

Перасмешка зялёная або пеначка-перасмешка (Hippolais icterina) — пеўчая птушка надсямейства валасянкавых (лескавых).

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Даўжыня цела 14 см, размах крылаў 20,5-24 см. Зверху алiўкавая, знiзу жоўта-крэмавая, жоўтае брыво, шэра-блакiтныя ногi. Складзеныя крылы даходзяць да палавiны рулявых. На крылах ёсць жаўтаватыя ўчасткi, больш светлыя за асноўны фон. У маладых нiз цела больш матавы, верх карычневы, на крыле белая пляма. Галасісты, хуткі i багаты на iмiтацыi спеў, кожны склад выразна аддзелены i звычайна паўтараецца па некалькi разоў.

Пашырэнне[правіць | правіць зыходнік]

Арэал: у Еўропе (акрамя поўначы і поўдня) ад усходняй часткі Францыі, поўначы Італіі і поўдня Скандынавіі да Заходняй Сібіры (вытокi Обi). Ізаляваная тэрыторыя на Каўказе і на поўдзень ад Каспійскага мора. На Беларусі звычайны на гнездаванні пералётны і транзітна мігрыруючы від.

Насяляе ўскрайкі лясоў i насаджэнняў з густымi кустамi, зацененымi вышэйшымi дрэвамi, а таксама сады, паркі, густыя зараснікі ўздоўж дарог, лесапалосы сярод палёў, высокiя агароджы з дрэў. На поўначы арэала часцей у бярозавых гаях, на поўдні — у дубовых. У Швейцарыi даходзiць да 1500 м над у.м.

Пералётны від. Месца зімовак: Трапічная і Паўднёвая Афрыка.

Асаблівасці біялогіі[правіць | правіць зыходнік]

Гняздо часцей за ўсё на галіне зацененага куста, якая плаўна адыходзіць ад ствала, моцна прыплеценае да галін, краі яго моцна загнуты ўнутр. Знешняя частка са шчыльна сплеценых, выгнутых лістоў травы, карэньчыкаў, кавалачкаў бярозавай кары і моху, раслiннага пуху, а таксама коканаў насякомых, пёраў і воўны. Унутры даволі тоўстае ў аснове з тонкiх траў i карэньчыкаў, шэрсцi, воўны з прымессю пёраў i раслiннага пуху. Высцілка з пёраў і валосся. Гняздо можа быць умацаванае бярозавай карой, паперай, воўнай, галiнкамi. Дыяметр 6-11 см.

Яйкі (4-5, часам 3-6) звычайна падоўжаныя, ружовыя, з фіялетавым адценнем; плямкі і крапінкі фіялетава-карычневыя або чорныя. Памеры 18 х 13 мм

Падвіды[правіць | правіць зыходнік]

  • H. i. icterina — Еўропа i Азiя на ўсход да р. Об;
  • H. i. alaris — Каўказ да поўначы Iрана.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік / пад рэд. М. Нікіфарава. — Варшава: Навуковае выдавецтва ПНВ, 2000.