Перастрэлка ў Мінску 28 верасня 2021 года
| Перастрэлка ў Мінску 28 верасня 2021 года | |
|---|---|
| Асноўны канфлікт: Палітычны крызіс у Беларусі (2020—2021) | |
| Фота Андрэя Зельцара на акцыі салідарнасці ў Быдгашчы, Польшча | |
| Дата | 28 верасня 2021 |
| Месца | |
| Каардынаты | 53°54′01″ пн. ш. 27°27′22″ у. д.HGЯO |
| Удзельнікі |
Супрацоўнікі КДБ |
| Загінулі |
|
| Траўмы | 0 |
| Пахаванні |
Дзмітрый Федасюк: Андрэй Зельцар: |
| Падазраваны (я) | каля 130 чалавек |
Перастрэлка паміж супрацоўнікамі КДБ Беларусі і Андрэем Зельцарам здарылася 28 верасня 2021 года ў Мінску па вуліцы Якубоўскага, 29.
31-гадовы супрацоўнік «EPAM Systems» Андрэй Зельцар, застрэліў у сваёй кватэры 31-гадовага супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка, які разам з групай іншых асоб выламаў дзверы і ўварваўся ў кватэру. Супрацоўнік спецыяльнага падраздзялення КДБ «Альфа» Дзмітрый Федасюк (пазыўны «Нірвана») загінуў, Андрэя Зельцара застрэлілі іншыя супрацоўнікамі[1]. Падзея здарылася на фоне масавых рэпрэсій падчас палітычнага крызісу 2020—2021 гадоў у Беларусі.
Ход падзей
[правіць | правіць зыходнік]28 верасня супрацоўнікі КДБ Беларусі праводзілі ў Мінску аблавы і вобыскі супраць асоб, датычных да пратэстаў 2020 года ў Беларусі (паводле вызначэння рэжыму Лукашэнкі — «асобы, датычныя да тэрарыстычнай дзейнасці»). Жыхар адной з кватэр, пазней вызначаны як супрацоўнік «EPAM Systems» Андрэй Зельцар, адмовіўся адчыняць дзверы супрацоўнікам сілавых структур (якія не мелі службовых знакаў адрознення і былі апрануты ў цывільнае адзенне), заблакаваў уваход разам з жонкай і ўзброіўся паляўнічай стрэльбай. Зельцар і яго жонка здымалі відэа на дзве камеры.
Пасля ўзлому дзвярэй Зельцар пачаў стральбу ў супрацоўнікаў КДБ, якія ўварваліся ў кватэру. Раненні атрымаў супрацоўнік КДБ з пазыўным «Нірвана», пазней апазнаны як Дзмітрый Федасюк. 28 верасня ён памёр ад атрыманых раненняў у бальніцы. Агнём у адказ Андрэй Зэльцар быў застрэлены.
Жонка Зельцара схоплена супрацоўнікамі КДБ. 29 верасня Следчы камітэт Беларусі распачаў справу паводле артыкула пра забойства асобы ў сувязі з ажыццяўленнем ім службовай дзейнасці.
26 жніўня 2022 года стала вядома, што ўдаву Андрэя Зельцара Марыю Успенскую перавялі з СІЗА-1 у псіханеўралагічны дыспансер «Навінкі»[2]. Паводле рашэння суда ёй прызначана бестэрміновае прымусовае псіхіятрычнае лячэнне[3].
Відэазапіс перастрэлкі
[правіць | правіць зыходнік]Увечары 28 верасня ў прапагандысцкім тэлеграм-канале рэжыму Лукашэнкі «Жёлтые сливы» апублікавана відэа штурму кватэры і перастрэлкі, змантаванае з кадраў, знятых як супрацоўнікамі КДБ у пад’ездзе, так і самім Зельцарам унутры кватэры. Пасля Следчы камітэт паведамляў, што Зельцар здымаў падзеі на відэа «з мэтай далейшага так званага „хайпу“»[4].
Рэакцыя
[правіць | правіць зыходнік]1 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на негатыўныя ацэнкі ў адрас супрацоўнікаў спецслужб пасля гібелі супрацоўніка КДБ, якія сталі з’яўляцца ў СМІ, у тым ліку расійскіх, і адзначыў, што такія ацэнкі яго засмучаюць[5]. Раніцай 29 верасня быў абмежаваны доступ да сайта газеты «КП в Белоруссии», дзе напярэдадні вечарам выйшаў артыкул з каментарыем аднакласніцы праграміста Андрэя Зельцэра, які адразу выклікаў хвалю абурэння і абраз у тэлеграм-каналах рэжыму Лукашэнкі. Міністэрства інфармацыі тлумачыла, што доступ да сайта быў абмежаваны, бо на ім змешчана публікацыя, у якой «змяшчаліся звесткі, якія садзейнічаюць фарміраванню крыніц пагроз нацыянальнай бяспецы, што заключаюцца ў штучным нагнятанні напружанасці і супрацьстаяння ў грамадстве паміж грамадствам і дзяржавай».
1 кастрычніка ў Мінску ў клубе імя Ф. Дзяржынскага прайшло развітанне з загінулым супрацоўнікам КДБ Дзмітрыем «Нірванаю» Федасюком[6]. На цырымоніі дэпутат Палаты Прадстаўнікоў генерал-маёр Алег Белаконеў заявіў журналістам[7]:
| У якіх сем’ях выхоўваліся гэтыя людзі. Я лічу, мы занадта мякка паступаем з імі і ім падобнымі. Чамусьці яны дзейнічаюць па-за рамкамі закона, а мы стараемся ўсё рабіць па законе. Па законе з імі гутарыць, па законе іх пераконваць, па законе іх угаворваць. А трэба, як Пуцін сказаў, мачыць у сарціры ўсіх: за аднаго — 20, 100… Каб было непанадна нікому. |
У ноч з 1 на 2 кастрычніка быў затрыманы журналіст выдання «КП в Белоруссии» Генадзь Мажэйка[8], які напісаў артыкул пра загінулага Андрэя Зельцэра[9].
6 кастрычніка Андрэя Зельцэра пахавалі на Лясных могілках[10] у Мінску. У гэты дзень Следчы камітэт заявіў, што ў крымінальнай справе, заведзенай на тых, хто пакінуў каментарыі ў інтэрнэце пасля смерці супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка, ёсць 136 падазраваных, і ўсе яны пад вартай. Гаворка ідзе пра асоб, якія спачувалі Андрэю Зельцару і негатыўна выказваліся пра супрацоўніка КДБ Федасюка або агулам пра рэжым Лукашэнкі. Крымінальная справа была заведзеная паводле артыкулаў 130 (наўмысныя дзеянні, накіраваныя на абуджэнне іншай сацыяльнай варожасці або варожасці паводле прыкметы іншай сацыяльнай прыналежнасці) і 369 (абраза прадстаўніка ўлады і яго блізкіх у сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, здзейсненае ў інфармацыі, размешчанай у глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт) Крымінальнага кодэкса[11].
У далейшым стала вядома пра катаванні затрыманых па «Справе Зэльцара»[12]. Беларускім праваабаронцам вядома пра не менш за 124 чалавекі, асуджаных у гэтай справе, пераважна на турэмныя зняволенні[13].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ У Мінску мужчына з паляўнічай зброі застрэліў супрацоўніка КДБ, яго забілі ў адказ. Перастрэлка трапіла на ВІДЭА. Наша Ніва (28 верасня 2021).
- ↑ Удаву Андрэя Зельцэра Марыю Успенскую перавялі ў "Навінкі" . euroradio.fm. Еўрарадыё (26 жніўня 2022). Праверана 2 кастрычніка 2025.
- ↑ Марыя Успенская. Палітычныя вязні ў Беларусі. spring96.org.
- ↑ «С целью так называемого "хайпа"». Что известно о перестрелке, в которой погибли программист и сотрудник КГБ (руск.)(недаступная спасылка). Медиазона Беларусь. Архівавана з першакрыніцы 10 красавіка 2022. Праверана 2 кастрычніка 2025.
- ↑ Лукашэнку засмучаюць ацэнкі некаторых расіян пасля гібелі супрацоўніка КДБ Беларусі. blr.belta.by. БелТА (1 кастрычніка 2021). Праверана 2 кастрычніка 2025.
- ↑ Развітанне з загінулым супрацоўнікам КДБ прайшло ў Мінску. blr.belta.by. БелТА (1 кастрычніка 2021). Праверана 2 кастрычніка 2025.
- ↑ Генерал Белаконеў прапанаваў «мачыць у сарціры» 20 ці 100 чалавек за кожнага сілавіка. Наша Ніва (1 кастрычніка 2021).
- ↑ СЖР призвал освободить задержанного в Минске журналиста "КП в Беларуси" Можейко (руск.). TACC. Праверана 2 кастрычніка 2025.
- ↑ Затрымалі журналіста «Комсомольской правды», які пісаў пра загінулага Андрэя Зельцара. Радыё Свабода (2 кастрычніка 2021). Архівавана з першакрыніцы 2 кастрычніка 2021.
- ↑ У Мінску развіталіся з забітым супрацоўнікамі КДБ Андрэем Зельцэрам. Наша Ніва (6 кастрычніка 2021).
- ↑ У Маскве затрыманы журналіст «Камсамольскай праўды», які напісаў артыкул пра Андрэя Зельцэра. Цяпер ён на Акрэсціна. Наша Ніва (2 кастрычніка 2021).
- ↑ Праваабаронцы паведамілі Спецдакладчыкам ААН пра парушэнні правоў затрыманых па "Справе Зельцара" (англ.). belhumanrights.house. Праверана 2 кастрычніка 2025.
- ↑ За два гады па «справе Зельцара» 125 чалавек затрымалі, зь іх 124 — асудзілі . Радыё Свабода (28 верасня 2023). Праверана 2 кастрычніка 2025.