Перайсці да зместу

Перац Гіршбейн

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Перац Гіршбейн
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 7 лістапада 1880(1880-11-07)[1][2][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 16 жніўня 1948(1948-08-16)[3] (67 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Жонка Эстар Шумячар-Гіршбейн
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці пісьменнік, журналіст
Мова твораў ідыш
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Перац Гіршбейн (7 лістапада 1880, млын ля Кляшчэляў — 16 жніўня 1948, Лос-Анджэлес) — яўрэйскі пісьменнік, драматург, тэатральны дзеяч, паэт, сцэнарыст, публіцыст.

Аўтар каля 30 п’ес, пісаў успаміны, дарожныя нататкі, раманы. Выдатны прадстаўнік сімвалізму.

З сялянскай сям’і, сын млынара Ліпы. Млын стаяў кіламетры за тры ад Кляшчэляў, што на Падляшшы. Маці, Шэйна нарадзіла 11 дзяцей, 4 ад першага мужа і 7 ад Ліпы, але засталіся жывымі толькі чатыры Ліпавы. Перац хадзіў у хедар у Кляшчэлях. Дарослыя адводзілі яго ў горад, а гарадскімі вуліцамі ён ішоў сам. Так жа сама вучыўся ў Брэсце. Пасля барміцвы жыў і вучыўся ў Мілейчыцах, у родным горадзе маткі, сталаваўся ў жыхароў горада, паводле тагачаснай звычкі «еў дні». Сюды яны з маткай ішлі пешкі. Летам у горадзе быў кніганоша і прадаваў розныя кнігі: Пяцікніжжа, святочныя малітвы, жаночыя малітвы на ідышы; Перац убачыў першы раз мастацкія свецкія кнігі на «простай мове», гэта былі апавяданні Шомера, Блаштэйна, Дзіка, Мазаха і іншыя. Ён узяў сабе кніжку з песнямі Эльёкума Цундзэра і спяваў на ўласныя мелодыі. Перац даведаўся ад кніганошы пра цэлы сусвет за межамі гарадка, і рашыў пайсці ў вандроўку. Спыніўся ён у бэйс-мідрашы арлянскай сінагогі. Пасябраваў з ім Іцхак Прыбульскі, чуць старэйшы за яго, рабінаў сын. Ён пісаў вершы па-яўрэйску, паказаў Перацу свецкую літаратуру на старажытнаяўрэйскай мове. Дзякуючы гэтаму сяброўству Перац і сам пачаў складаць старажытнаяўрэйскія вершы. З Орлі ён адправіўся ў Брэст, дзе вучыўся ў бэйс-мідрашы, чытаў яўрэйскія кнігі. Адсюль — у Горадню і ў Кузніцу, дзе жыў Іцхак з жонкай, у іх гасцяваў даволі доўга, вучыўся чытаць па-руску. У 1900 годзе Перац Гіршбейн прыехаў у Вільню. Было яму тады 18 гадоў.

У сталіцы галадаў, спаў у сінагозе. Член партыі Паалей-Ціен. Да 1903 года вучыўся ў рабочых «клойзах» (г.зн. сінагогах). У сінагозе шаўцоў ён сабраў гурток з хлопцаў-ешыботнікаў, з якімі вывучаў Танах, іўрыцкую граматыку, гісторыю, чытаў свае вершы на іўрыце. У гуртку быў вучань Эльчык, ён пазнаёміў Гіршбейна з віленскімі пісьменнікамі, вершы пахвалілі і яны. Вясной 1901 года Гіршбейн захварэў і паехаў на бацькаў млын. Вярнуўшыся ў Вільню, ён пабачыў кракаўскую газету «Хадор», выпуск 16 мая 1901 г. змяшчаў яго першае выступленне ў друку, вершы «Гагуім» (пад псеўданімам Гіршэнбейн).

З нейкага часу Перац — настаўнік іўрыта, дае прыватныя заняткі, працуе ў жаночых гімназіях Егудзія ў розных раёнах Вільні, узначаліў нелегальны гурток рабочай моладзі ў Зарэччы. Выступіў у літаратуры з радам рэалістычных драм, у друку яны з’яўляліся толькі з 1905 года, а пачалася праца над першай драмай два-тры гады раней. Гіршбейн ішоў зімой па горадзе і ў вячэрнім святле ўбачыў дзяўчынку-жабрачку, у гэты міг ён рашыў адысці ад лірыкі і звярнуўся да карцін штодзённага жыцця. Піша на іўрыце, большасць твораў перакладае на ідыш. Новы этап яго творчасці — сімвалістычны — пачынаецца ў 1906 годзе драмай «Адзінокія сусветы». Мяняецца і мова, адгэтуль ён піша толькі на ідышы. У 1908 годзе жыве ў Адэсе, восенню засноўвае ўласную драматычную трупу, з якой вандраваў па розных гарадах. У ліпені 1910 трупа распалася, а Гіршбейн спыніўся ў Бабруйску. Тут піша драму «На беразе», з сябрам Мендзелем Элькіным яны сабраліся ў воднае падарожжа па Дняпры, з Быхава ў Кіеў і Кацярынаслаў (Дніпро). Потым наведаў Адэсу, Варшаву, Вену, Парыж, Лондан, Ліверпул і ў лістападзе 1911 года быў ужо ў Нью-Ёрку. Жыў у горадзе, у студзені напісаў першы ўзор містычнае «народнае драмы», п’есу «Пустая карчма», летам 1912 стаў працаваць на ферме, восенню 1913 вярнуўся ў Беларусь. У 1914 годзе вандраваў па Аргенціне, у пачатку вайны адплыў у ЗША на брытанскім караблі. Немцы патапілі карабель, а пасажыры трапілі ў палон. У лістападзе вярнуўся ў Нью-Ёрк. Працуе ў газеце «Тог». Наведаў міжнародную выстаўку ў Сан-Францыска, аб’ездзіў Амерыку.

Перац і Эстар Гіршбейны

У 1918 годзе Перац Гіршбейн ажаніўся з Эстар Шумячар. У канцы 1920 года яны адправіліся ў падарожжа, якое працягвалася каля 2 год, былі ў Аўстраліі, Акіяніі, Паўднёвай Афрыцы, Еўропе. У траўні 1925 года пачалося другое вялікае падарожжа — Паўднёвая Афрыка, Японія, Кітай, Індыя, Святая зямля, СССР, дзяржавы Еўропы; вярнуліся ў Амерыку яны ў лістападзе 1929 года. З гэтага часу Перац Гіршбейн больш не пісаў п’ес, галоўнае месца ў яго творчасці займаюць мастацкая проза і ўспаміны. З 1934 па 1940 год жыў з жонкаю і сынам у Нью-Ёрку, а з 1940 — у Лос-Анджэлесе. Тут ён памёр 16 жніўня 1948 года.

  1. Peretz Hirschbein // SNAC — 2010. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. Peretz Hirschbein // Find a Grave — 1996. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. Peretz Hirshbein // Internet Broadway Database — 2000. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  • Ц. [ Ізраіль Цынберг ] Гиршбейн, Перец // Еврейская энциклопедия Брокгауза и Ефрона. Том 6. — 1910
  • Peretz Hirshbein // Слоўнік яўрэскага тэатру
  • Hirshbeyn, Perets // Слоўнік яўрэскай літаратуры